Па Наваполацку хадзіў кароль, у Берасці затрымалі пудзіла


Беларусы адзначылі інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі.

У Наваполацку малады чалавек, які адмовіўся назваць сваё імя, надзеў сабе на галаву чырвона-зялёную карону, сам сабе ўручыў кветкі ды ў поўнай адзіноце шпацыраваў па плошчы Будаўнікоў. Карэспандэнту інтэрнэт-выдання “Химик.info” “кароль” паведаміў, што такім чынам выказвае падтрыманне сябрам, што застаюцца ў СІЗА КДБ.

У Берасці 21 студзеня назвалі Міжнародным днём самазванца. Ля Цэнтральнага гарадскога рынку паставілі пудзіла ў чырвона-зялёнай кароне са скіпетрам-клюшкай у руцэ. Праўда, “самазванец” пратрымаўся на сваёй “пасадзе” ўсяго 20 хвілінаў. Яго затрымалі міліцыянты, ніхто з арганізатараў перформансу не пацярпеў.

Актывісты кампаніі “Еўрапейская Беларусь” нагадалі менчукам пра палітзняволеных. У вагонах метро на месцы рэкламных плакатаў з’явіліся партрэты вязняў КДБ з надпісам “Свабоду!”. На вуліцах сталіцы таксама з’явіліся палітычныя графіці “А я не буду маўчаць”, “Мы супраць жорсткасці ды ўзурпатара”, “БТ залежыць ад лукаша, праўда – у інтэрнэце” ды інш.

Экс-кандыдат на прэзідэнта Рыгор Кастусёў звяртае ўвагу на тое, што ў “нармальных краінах” на інаўгурацыі прэзідэнта прысутнічаюць усе кандыдаты. Лукашэнка ж хаваецца ад уласнага народу: калі ён ехаў на інаўгурацыю, на ходніках традыцыйна не было людзей.

belsat.eu

Стужка навінаў