Праваслаўны святар: Бэнэдыкт XVI зрабіў вельмі мудра, не прыехаўшы ў Беларусь


Галава найбуйнейшай хрысціянскай супольнасці свету афіцыйна сышоў на адпачынак. Як ацэньвае гады праўлення Бэнэдыкта XV прадстаўнік праваслаўнага духавенства?

Праваслаўныя вернікі вельмі шанавалі Пантыфіка за ягоную багаслоўскую думку і інтэлектуальны ўзровень, падкрэслівае праваслаўны святар Сяргей Маўсесян, дацэнт Інстытуту тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Пантыфікат Бэнэдыкта XVI, на думку айца Сяргея, быў вельмі разважлівы, цвярозы ды асэнсаваны. Сыход жа Пантыфіка на адпачынак – крок вельмі мужнага чалавека, заглыбленага ў хрысціянскую духоўнасць. “Сваім крокам ён адмежаваўся ад міфалагічнага падыходу да папства. Не Папа, а Дух Святы сцвярджае Касцёл у гісторыі. Таму, пакінуўшы сваю пасаду, Папа не пакінуў Касцёлу без кіраўніцтва, а быццам запрасіў Самога Бога быць Спадаром Свайго Касцёлу. Тым самым Бэнэдыкт XVI звярнуўся і да ўсей сусветнай грамадскасці: ці знойдзецца ў нас вера ў тое, што Касцёл – гэта тайна, а не інстытут“, – адзначыў праваслаўны духоўны.

Паміж Польшчай і Расеяй

Паводле айца Маўсесяна, стасункі Каталіцкага Касцёлу і Праваслаўнай Царквы падчас праўлення Бэнэдыкта XVI палепшыліся, хоць і засталіся неразвязаныя некаторыя пытанні, як, да прыкладу, вельмі балючая для праваслаўных праблема ўніяцтва. Менавіта падчас кіравання Папы-немца ў Польшчы адбылося спатканне патрыярха Расейскай праваслаўнай царквы Кірылы з каталіцкімі ерархамі Польшчы. Айцец Сяргей мяркуе, што гэта, аднак, было хутчэй яднаннем народаў, а не цэркваў: “Паміж Польшчай і Расеяй адносіны няпростыя, што было выклікана шмат якімі гістарычнымі ды палітычнымі чыннікамі. Гэтыя супярэчнасці выходзілі з боку чалавечага граху”.

У справе царкоўнага адзінства, на думку айца Сяргея, Бэнэдыкт XVI адзначыўся нават больш, чымся Ян Павал ІІ. Візіт Папы-паляка на Украіну выклікаў у праваслаўнага боку шэраг пытанняў. Бэнэдыкт быў больш асцярожны ў справе Уніі. “Унія ўспрымаецца Праваслаўнаю Царквою як гістарычная траўма. Калі Ян Павал ІІ прыехаў на Украіну і падтрымаў уніятаў, шмат хто з праваслаўных вернікаў разглядаў гэта як наступ”, – сказаў святар [Праваслаўная Царква называе Беларусь сваёй кананічнай тэрыторыяй і адмоўна ставіцца да дзейнасці ўніятаў у краіне – belsat.eu].

Чаму Папа не прыехаў у Беларусь?

Бэнэдыкт XVI не прыехаў у Беларусь, на думку айца Сяргея, бо шанаваў праваслаўную традыцыю і выдатна разбіраўся ў палітыцы. Пантыфік не пайшоў за палітычнымі матывамі, а зрабіў вельмі разважліва – не паехаў у Беларусь, не развязаўшы спрэчных пытанняў з Праваслаўнаю Царквою: “Прэзідэнт запрашаў Папу і Бэнэдыкт мог прыехаць у Беларусь як кіраўнік Ватыкану. Калі б ён, аднак, прыехаў, яго б успрымалі таксама як духоўнага лідара і гэта магло б выклікаць скандал, яшчэ больш пагоршыць адносіны паміж Касцёлам і Царквою. Гэта як з няпрошаным госцем, які заяўляецца ў дом і кажа, што маю права прыйсці. Прыйсці то ён можа, але ці будзе гэта ўспрынята з радасцю?”.

Паводле айца Сяргея, Бэнэдыкт XVI адчуваў усе тонкія моманты дыпламатыі ды імкнуўся не парушыць таго, што ўжо было збудавана: “Бэнэдыкт быў вельмі ўважлівы да праваслаўя, таму і не прыехаў, каб не зрабіць раны”.

Святар падкрэсліў, што ад наступнага Папы праваслаўныя будуць чакаць прынамсі падобнай пазіцыі, якую прэзентаваў Бэнэдыкт XVI.

Ці Папу любілі ў Беларусі?

Адзін са знакаў ушанавання беларусамі апошняга Папы – першы ў свеце помнік Бэнэдыкту XVI, адкрыты ў 2008 годзе ў вёсцы Лучай Пастаўскага раёну на ініцыятыву ксяндза Мікалая Ліпскага.

Папа Бэнэдыкт быў кансерватар, што выклікаў у нас, праваслаўных, вялікую сімпатыю. Я лічу, што трэба, каб у сённяшнім свеце існавала кансерватыўная сіла, але цвярозая, а не просты фундаменталізм, які крычыць і заклікае супраць прагрэсу і развіцця. Добра, калі чалавек мае сваю думку і мае магчымасць яе адстойваць. Праваслаўная Царква пры Бэнэдыкце XVI мела магчымасць сведчыць пра гэта разам з Каталіцкім Касцёлам”, – мяркуе айцец Сяргей.

Святар адзначыў: казаць, што Папу любілі ў Беларусі, аднак, не выпадае праз беларускі атэізм і абыякавасць: “Каб так казаць, трэба, каб у нас было куды больш рэлігійнасці. На вялікі жаль, большасць беларусаў – абыякавыя да рэлігіі. Казаць, што Папу любілі, а разам з тым вызначаць, што ў Беларусі вялікая колькасць самагубцаў, алкаголікаў: ці гэта сведчыць пра нейкую любоў?Калі людзі не маюць рэлігійнай адказнасці за Царкву, казаць пра любоў да ерархаў увогуле не даводзіцца, мяркуе ён.

Праваслаўны святар звярнуў увагу, што Папа Рымскі не быў медыйны і не займаўся піярам. Любоў жа масаў залежыць шмат у чым ад медыяў, а яны надзялялі ўвагу Папе толькі ў сувязі са скандаламі. Аднак Бэнэдыкт не быў чужы для Беларусі. Ён віншаваў беларускіх каталікоў са святамі на беларускай мове, што вельмі падабалася таксама праваслаўным беларусам, якія глядзелі трансляцыі з Ватыкану і цешыліся з увагі Пантыфіка да іх роднай мовы.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў