Новы Пантыфік – стары курс?


Гістарычны дзень для каталіцкага касцёлу: упершыню за 598 гадоў Папа Рымскі складае паўнамоцтвы. Пантыфік сустрэўся з кардыналамі, падзякаваў ватыканскай гвардыі і развітаўся з вернікамі. А 22-й гадзіне паводле беларускага часу Бэнэдыкт XVI сыдзе на пенсію.

{movie}Пётр Рудкоўскі ў “Гарачым каментары”|right|9438{/movie}

Медыі ўва ўсім свеце сочаць за гэтаю падзеяй: добраахвотны сыход папы – з’ява вельмі рэдкая. Рэакцыі розныя: галасы роспачы і асуджэння, але і словы разумення. Галоўнае пытанне – што будзе пасля? Ужо неўзабаве кардыналы абяруць новага папу: хто ім будзе вызначаць шлях, якім пойдзе каталіцкая царква?

Багаслоў і філосаф Пётр Рудкоўскі зазначае, што пантыфікат Бэнэдыкта XVI значна паўплываў на ўнутраную інтэграцыю Каталіцкай царквы: “Важна падкрэсліць тое, што галоўнае – ён надаў штуршок гэтаму працэсу. Але трэба разумець, што такія рэформы не адбываюцца цягам года, альбо і дзесяці гадоў. Гэта чалавек высокай эрудыцыі, якую ён глыбока зынтэгралізаваў з багаслоўскаю рэфлексіяй – ягоныя энцыклікі надоўга застануцца ў памяці вернікаў”.

За сыходам Папы сочаць сотні журналістаў з усяго свету. Апошні дзень пантыфікату распісаны на хвіліны і вядома – усе чакаюць абрання новага Папы. Вакол Ватыкану нават і без ягонага ўдзелу стварылася атмасфера рэаліці-шоу, але разам з гэтым каталіцкі касцёл застаецца кансерватыўнаю і закрытаю структураю. Шмат хто чакае ад наступнага Пантыфіка больш ліберальнай палітыкі, але ці зможа і захоча Святы прастол адпавядаць выклікам сучаснасці?

“Можна так адкрыцца ў адной галіне, што закрыешся ў іншай. Калі мы прызнаем, да прыкладу, што аднаполыя шлюбы з’яўляюцца маральна прымальнымі, азначае закрыцца на ахоўванне каштоўнасцяў, якой з’яўляецца сям’я. Галоўныя выклікі да каталіцызму сёння – гэта развіццё каталіцызму ў Афрыцы ды Азіі. Іншая рэч – гэта працяг інтэграцыі хрысціянства. Важная задача Папы – гэта спрыяць еднасці хрысціянскай супольнасці”, – мяркуе спадар Рудкоўскі.

Паводле адмыслоўцы, сёння расце імавернасць таго, што новы Папа не будзе паходзіць з Еўропы, аднак хутчэй за ўсё наступны пантыфікат яшчэ не гатовы да кардынальных зменаў і будзе працягваць кансерватыўны курс Бэнэдыкта XVI.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў