Краіна як кінапавільён: самыя вядомыя фільмы, дзе паказваюць Беларусь


Неўзабаве ў Польшчы адбудзецца прэм’ера стужкі «Жыве Беларусь», першага мастацкага фільму пра палітычныя рэаліі краіны. Ён амаль цалкам здымаўся ў Польшчы, бо ў нашай краіне яго рэалізацыя была немагчымаю. Мы ўзгадалі дзесятку замежных і айчынных фільмаў, для якіх Беларусь усё ж такі стала кінапавільёнам.

Цяпер праз бюракратычныя перашкоды галівудскія кінавытворцы адмаўляюцца здымаць свае стужкі ў Беларусі. Яны адмаўляліся ад супрацы нават тады, калі беларускія прыродныя ці архітэктурныя аб’екты былі найлепшым варыянтам. Так здарылася з фільмам «Выклік» («Defiance») пра лёс габрэйскага партызанскага атраду на Беларусі. Камандзе было прасцей зняць яго ля беларускай мяжы на тэрыторыі Літвы, узяўшы ў масоўку беларускіх студэнтаў з ЕГУ.

Фільмы Мэнагэма Галяна

Не адзін фільм зняў у Беларусі вядомы галівудскі рэжысёр Мэнагэм Галян. Да таго моманту, як заходнім кінавытворцам стала складана дамаўляцца наконт супрацы з нацыянальнаю кінастудыяй, Галян паспеў зняць у Менску тры кінастужкі: «Маскоўская сувязь» (1995), «Супермазгі» (1995) і «Шлях да славы» (1997).

Расея

«Каменская»

Рэж. Юрый Мароз, 1999–2011 гады, Расея.



Запомніліся менчукам і доўгатэрміновыя здымкі папулярнага расейскага тэлесерыялу «Каменская». З прычыны нізкіх коштаў серыял амаль цалкам здымаўся ў Менску, на экстэр’ерных ды інтэр’ерных здымкавых пляцоўках.

«Стылягі»

Рэж. Валеры Тадароўскі, 2008 год, Расея.

Адзін з найбольш відовішчных і яскравых расейскіх фільмаў апошніх гадоў. Значная частка здымак адбывалася ў Менску, бо ягоныя вуліцы больш адпавядалі атмасферы Масквы 50-х гадоў, чым уласна сённяшняя Масква. Здымкаваю пляцоўкаю служылі праспект Незалежнасці, вуліца Леніна, забудова пры гарнізоне і нават Маскоўскія могілкі. Для праўдападобнасці на праспект з музею прывезлі першы менскі тралейбус.

«Слон»

Рэж. Уладзімір Карабанаў, 2010 год, Расея.

Добрасардэчнае кіно з эксцэнтрычным Сяргеем Шнуром у галоўнай ролі таксама паўставала ў беларускай сталіцы і яе ваколіцах. Падчас здымак беларусы пабачылі сланоў, якія разгульвалі проста па вуліцах.

«Дзякуй, што жывы»

Рэж. Пётр Буслоў, 2011 год, Расея.

Нашумелы фільм, прысвечаны апошнім гадам жыцця Уладзіміра Высоцкага, часткова здымаўся ў Берасці. Толькі там кіношнікі адшукалі аэрапорт, аўтэнтычны эпосе 70-х. Здымкавая група цалкам абышлася без рэканструкцыяў, апроч надпісаў і таблічак. Нам жа застаецца задумацца: гэта нагода ганарыцца такім лётным заказнікам або пасаромецца, што мы ўсцяж карыстаемся аэрапортам, які не рамантаваўся 40 гадоў.

Беларусь

«Праз могілкі»

Рэж. Віктар Тураў, 1965 год, Беларусь.

Гэтае кіно не такое вядомае, як дзіцячыя кінатворы беларускай кінастудыі або тыя ж «Белыя Росы», аднак у кантэксце сусветнага мастацтва яно вартае значна большай увагі. У 1994 годзе ЮНЭСКО ўнёс «Праз могілкі» ў сотню самых лепшых фільмаў свету. Рэчаісным бокам метафарычнай назвы сталі старажытныя могілкі ў Наваградку і склеп Святаполк-Мірскіх ля Мірскага замку, дзе адбываліся здымкі.

«Каханая»

Рэж. Рычард Віктараў, 1965 год, Беларусь.

Хоць фільм не замацаваўся ў якасці шэдэўру савецкай кінематаграфіі, шмат хто з крытыкаў адзначае яго нетыповую, эксперыментальную натуру, блізкую да еўрапейскага неарэалізму ў кіно. Што каштоўнае для гісторыкаў і даследчыкаў, стужка зафіксавала ўнікальныя здымкі Менску ў разгары будоўлі. Мы бачым «свежы» праспект Незалежнасці (тады Леніна), адбудаваны стадыён «Дынама», узвядзенне Дому афіцэраў, Палацу спорту ды інш.

«Руіны страляюць»

Рэж. Віталь Чацверыкоў, 1970–1972 гады, Беларусь.

Шматсерыйны фільм распавядае пра змаганне менскіх падпольшчыкаў у часе вайны. Карціна захавала ў сабе мноства дакументальных кадраў ваеннага Менску, што робіць гэты фільм гістарычна каштоўным.

«Белыя Росы»

Рэж. Ігар Дабралюбаў, 1983 год, Беларусь.

«Белыя Росы» ўвайшлі ў класіку не толькі беларускага кіно, але і набылі славу аднаго з улюбёных савецкіх фільмаў увогуле. Здымкі праходзілі ў цэнтры Горадні, а таксама ў новых на той час мікрараёнах – Пярэселка і Дзевятоўка.

«Сляды апосталаў»

Рэж. Сяргей Талыбаў. Выхад запланаваны на травень 2013 года. Беларусь.

Нямала здзіўлення выклікалі ў менчукоў жаўнеры ў форме СС і сцягі са свастыкаю на цэнтральных вуліцах. Насамрэч, горад-герой улетку 2012 года стаў пляцоўкаю здымкаў вострасюжэтнага айчыннага фільму.

Настасся Яўмен, АК, belsat.eu

Стужка навінаў