Гендэрнае пытанне. У Менску паказалі першы фемінісцкі фільм


Разбурыць стэрэатыпы, што існуюць у нашым грамадстве, заклікана першая ў Беларусі фемінісцкая дакументальная стужка “Сукенка”.

Права ўласнае гендарнае свабоды можна адстойваць па-рознаму. Незалежна ад таго, які погляд на гэта мае грамадства. У адных краінах гэта адбываецца так. А вось беларускія актывісткі рэалізавалі праект развіцця гендарнага пачуцця, загаварылі пра гэта прафесійна.

{movie}Гендарнае пытанне|right|9354{/movie}

ТАЦЦЯНА СЯЦКО, УДЗЕЛЬНІЦА ПРАЕКТУ:

“Няма правільнага адказу, што такое жыццё, што такое шчасце, якім яно мае быць. Каму патрэбная кар’ера, каму патрэбная сям’я. Мы не збіраліся адказваць. Мы не збіраліся даказваць, што нешта больш значнае, нешта менш значнае”.

Цягам дзевяці месяцаў 25 жанчын з Віцебскае, Гарадзенскае і Менскае абласцей працавалі ў праекце, скіраваным на паказ, як усё іншае не прымаецца ў Беларусі. Тут жанчына змушаная жыць паводле пэўных стандартаў грамадства: выйсці замуж, нарадзіць дзіця – нават калі не адчувае жадання і патрэбы.

ГЕРАІНЯ ФІЛЬМУ «СУКЕНКА»:

“Што такое стоадсоткавая жанчына – нават калі ейны муж не мае рацыі, яна ўсміхаецца яму і кажа: “Я згодная з табою, каханы”.

Удзельніцы праекту стварылі першае фемінісцкае дакументальнае кіно, у якім шматлікія гісторыі розных жанчын, іхныя лёсы.

ГЕРАІНЯ ФІЛЬМУ «СУКЕНКА»:

“Я выйшла замуж у 28 гадоў, я выбірала: у таго мужчыны пляскатая патыліца, у таго шкарпэткі смярдзяць”.

Мэта праекту – паказаць жанчыну, якая ідзе ўласным шляхам. Атрымалася аўтарскае, шчырае, імправізацыйнае кіно.

МАКСІМ ЖБАНКОЎ, КУЛЬТУРОЛАГ, КІНАКРЫТЫК:

“І з гэтага гледзішча неабходна ставіцца да гэтае кінапрадукцыі як да шчырага аўтарскага выказвання, якое не мае шмат амбіцыяў, але мае вельмі правільную оптыку, вельмі нешаблоннае разуменне і бачанне сітуацыі”.

ГЕРАІНЯ ФІЛЬМУ «СУКЕНКА»:

“Увогуле не ўяўляю, як можна жыць з чалавекам у адным памяшканні”.

Атрымалася відэаэсэ пра тое, як сацыяльнае адзенне змушае блытаць рэчаіснасць і жаданні.

АЛЕНА МІНЧЭНЯ, КААРДЫНАТАРКА ПРАЕКТУ:

“Нашая ідэя палягала ў тым, каб кінуць першы камень, ад якога пойдуць кругі, умоўна кажучы. То бок, мы ўзялі гэтую групу жанчын, і мы хацелі іх не толькі навучыць, але бачыце, яны зрабілі прадукты – ёсць кніга, фільм”.

Цяпер актывісткі вядуць далейшую працу ў сваіх грамадскіх арганізацыях дзеля ўмацавання гендарнае свабоды. А фільм “Сукенка” неўзабаве з’явіцца для прагляду ў сеціве.

Сяргей Падсасонны, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў