Прэмія «Залаты апостраф» упершыню за 10 гадоў паедзе ў правінцыю


Адным з лаўрэатаў прэміі за найлепшыя літаратурныя творы, апублікаваныя ў часопісе “Дзеяслоў” у 2012 годзе, стаў берасцеец Алесь Паплаўскі. Дагэтуль узнагароду атрымлівалі толькі менчукі.

Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў “Залатога апострафа” адбылася ў сталічнай кнігарні “Логвінаў”. Сёлетняя прэмія адметная тым, што ўпершыню за ўвесь час існавання прэміі ёю быў узнагароджаны літаратар не з Менску. Ім стаў аўтар найлепшага празаічнага твору, паэт і празаік Алесь Паплаўскі са сваёй аповесцю “Lapido”, напісанаю ў 2011 годзе паміж Прагаю і Берасцем. На лаўры ў гэтай намінацыі таксама прэтэндавалі Сяргей Вераціла, Валер Гапееў, Павел Ляхновіч і Алесь Усеня.

{movie}Марына Яўсейчык: Беларуская мова – мае карані|right|9344{/movie}

Берасцеец заўважыў, што не лічыць свой горад “правінцыяй”, бо яго жыхары “заўсёды былі на адзін крок бліжэйшыя да Еўропы і еўрапейскай культуры”. Пісьменнік распавёў, што пабываўшы ў Празе, вельмі палюбіў гэты горад, менавіта таму частка дзеянняў ягонай аповесці “Lapido” адбываецца ў сталіцы Чэхіі.

Лаўрэатам прэміі ў намінацыі “Паэзія” стаў прадстаўнік старэйшага пакалення, пісьменнік і перакладчык Алесь Разанаў за публікацыю “Столькі і гэтулькі”. Адрывістыя і кароткія, але складаныя паводле сваёй структуры “паэтычныя пункціры” Разанава прызнаныя мацнейшымі за вершаваныя творы іншых намінантаў, сярод якіх былі Анатоль Брусевіч, Антон Рудак, Іна Снарская і Віка Трэнас. “У звычайных вершах шмат асабовасці, якая не да канца скрышталізавалася. “Пункціры” – гэта крышталі сэнсаў, гукаў. Праз іх відаць і далёкае і глыбокае. Мяне там амаль няма. Але ёсць мова і той акіян, якія яна мае ў сваёй аснове”, – адзначыў Алесь Разанаў, які атрыманую ўзнагароду аддаў на дапамогу сваім калегам-пісьменнікам.

Намінацыя “Дэбют” знайшла свайго фаварыта ў асобе маладой журналісткі ды празаіка Марыны Яўсейчык за публікацыі з цыклу “Казкі лесу”, якая стала найлепшаю сярод такіх імёнаў, як Зміцер Баяровіч, Юля Бо, Вераніка Кашкан і Яўгенія Руль. Дзяўчына прызналася, што адзін са сваіх твораў прысвяціла “каралю” Вітаўту: “Вы скажаце: караля Вітаўта не было. Але я яго каранавала самастойна, бо ён меў быць. Я думаю, кароль Вітаўт адродзіцца ў Беларусі”. Маладая літаратарка нядаўна атрымала таксама ўзнагароду за найлепшае апавяданне ад газеты “Звязда” і сур’ёзна задумваецца над сваім першым зборнікам твораў.

Спецыяльны прыз “За ўнёсак у сучасную беларускую літаратуру” прысуджаны пісьменніку, публіцысту і перакладчыку Анатолю Кудраўцову “за непасрэднае дачыненне і дапамогу пры стварэнні часопісу, вялікае пісьменніцкае майстэрства і высокую якасць твораў”.

Галоўны рэдактар “Дзеяслова” і адзін з заснавальнікаў прэміі Барыс Пятровіч выказаў шкадаванне, што ў Беларусі фактычна адсутнічаюць дзяржаўныя літаратурныя прэміі, а сярод намінантаў на прэзідэнцкую прэмію “За духоўнае адраджэнне” таксама няма літаратараў. “Нашая прэмія для ўсіх літаратараў, незалежна ад таго, у якія саюзы яны ўваходзяць і якіх прынцыпаў прытрымліваюцца. Мы стараемся заўважаць усё найлепшае, што з’яўляецца ў беларускай літаратуры, і не выпадкова, што сярод сёлетніх намінантаў былі таксама літаратары, якія ўваходзяць у праўладны Саюз пісьменнікаў”, – заўважыў спадар Пятровіч.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў