Якой выглядае будучыня камп’ютарных гульняў?


Кампанія «Sony» прэзентавала гульнёвую кансоль «PlayStation» чацвёртага пакалення, якую ўжо даўно чакалі геймеры ўсяго свету. Што праўда, на даволі дзіўнай прэзентацыі, якая цягнулася амаль 2 гадзіны, самой віноўніцы свята так ніхто і не пабачыў. Менеджары кампаніі абмежаваліся паказам выключна маніпулятару «DualShock 4».

ЭНДРУ ГАЎС, ПРЭЗІДЭНТ «SONY COMPUTER ENTERTAINMENT»

«Сёння мы дазваляем вам зазірнуць у будучыню гульняў. Увесь досвед, натхненне і магутнасці ўдумліва спакавалі нашыя інжынеры «Sony Computer Entertainment». Платформа створаная, каб зрабіць доступ да гульняў лягчэйшым, чымся калі-небудзь».

{movie}Праграма “Дэвайс” (22.02.2013) |right|9327{/movie}

Мяркуючы з анонсу, апаратны складнік «PlayStation 4» будзе максімальна набліжаны да камп’ютара. Кансоль грунтуецца на 8-ядравым працэсары AMD і 8 Гб аператыўнай памяці. Безумоўна, будзе прысутнічаць і цвёрды дыск, аб’ёму якога пакуль не паведамляюць, як і не вядома, якім пакаленнем графічнай карты «Radeon» абсталююць платформу. Апроч пералічанага, прылада абсталяваная стандартнымі модулямі Wi-Fi і блютус, а таксама выхадамі USB і HDMI. Шмат увагі надалі і гульнёваму кантролеру «DualShock 4», абсталяваны сэнсарнаю панэллю, гіраскопам блютус і адмысловаю кнопкаю, якая дазволіць адным націскам трансляваць гульнёвы працэс у сеціва ці запісваць яго на відэа. Адметна, што пасля прэзентацыі акцыі «Sony» патаннелі на 2 %, а самую імпрэзу японскай кампаніі аналітыкі назвалі «дзіўнаю». Набыць прыладу будзе мажліва толькі напрыканцы года.

«ЖАЛЕЗНЫ ЧАЛАВЕК» НА ФУКУСІМЕ



Японскія распрацоўнікі прэзентавалі шэраг рабатызаваных тэхналогіяў для ліквідацыі наступстваў аварыі на АЭС «Фукусіма». Сярод навінак – рабатызаваны гарнітур ад кампаніі «Cyberdyne», з дапамогаю якога можна з лёгкасцю падымаць да 60-ці кілаграмаў.

МАСАХІРО ТАКАМА, ІНЖЫНЕР «CYBERDYNE»

«Гарнітур прызначаны для выкарыстання ў сярэдзіне атамнай станцыі, а таксама пры іншых стыхійных бедствах».

Ад гама-выпраменьвання чалавека абараняюць адмысловыя пласціны, апроч гэтага прысутнічаюць сістэма кандыцыянавання і маніторынгу ўсіх жыццёва важных функцыяў арганізму ратавальніка. Таксама прадэманстравалі малагабарытны робат пад назваю «Сакура», які сваім маніпулятарам дапаможа адкрываць клапаны высокага ціску. Прылада здольная перасоўвацца па сходах і паверхнях пад нахілам. Кампанія «Toshiba» таксама прадэманстравала робата-амфібію, які мае праводзіць розныя аперацыі ды назіранні ў сярэдзіне запоўненага вадою будынку рэактару. Распрацоўнікі спадзяюцца, што гэтыя тэхналогіі дапамогуць зменшыць наступствы разбурэння станцыі ў выніку моцнага землятрусу, які адбыўся ў 2011 годзе.

ЗАПЛЕЧНІК З РУХАВІКОМ



На міжнароднай выставе ваенных тэхналогіяў «IDEX 2013», якая праходзіць у Абу-Дабі, паказалі працоўны прататып турбавінтавога заплечніка, які дазваляе падымацца на вышыню 1,5 кіламетра і лётаць з хуткасцю да 100 кіламетраў за гадзіну.

ГЛЭН МАРЦІН, КІРАЎНІК «MARTIN AIRCRAFT COMPANY»

«Прылада можа лётаць у месцах, дзе верталёты гэтага не робяць, – напрыклад, па вуліцах гораду. Такім чынам, можна кантраляваць натоўп і весці патрульнае назіранне. Гэта нашмат больш рэнтабельна за верталёт, і не трэба вучыць пілотаў лётаць. Хто заўгодна можа кіраваць ім».

Паводле распрацоўнікаў, уся праца ў кіраванні заплечнікам ускладзеная на камп’ютар, чалавек жа толькі выбірае адпаведны кірунак і хуткасць палёту. Прылада важыць 140 кг, а замовіць яе можна ўжо цяпер – за $ 100 тыс.

Гэтыя тэмы вы можаце паглядзець у праграме «Dэвайс». Іншыя тэмы выпуску: як бачаць «Google glass», гульнёвы пратэст. «Dэвайс» – штотыдзень у панядзелак і пятніцу а 19:15 на «Белсаце». Праграма даступная таксама падчас он-лайн трансляцыі.

Кірыл Смяглікаў, М. Я., belsat.eu

Стужка навінаў