Гарналыжны курорт за 50 кіламетраў ад Горадні


Плануеце, чым заняцца на выходных? Праграма «Без межаў» даследавала гарналыжныя курорты – Шэльмэнт у Польшчы і «Snow Arena» у Літве. Гадзіна дарогі ды сціплы бюджэт – усё, што вам неабходна, каб добра адпачыць.

Горы Шэльмэнту

Каля Польскага гораду Сувалкі, 50 кіламетраў ад Горадні, месціцца гарналыжны курорт Шэльмэнт (Szelment). Ён мае 10 лыжных трасаў рознай цяжкасці ды 8 пад’ёмнікаў. Наведнікі курорту са здзіўленнем зазначаюць, што трасы вельмі добра падрыхтаваныя. Асабліва Шэльмэнт праваблівае бацькоў, чые дзеці толькі пачынаюць асвойваць лыжы, для такой малечы курорт мае адмысловыя сцежкі ды інструктараў.

Снег на курорце штучны ды сягае 60–80 сантыметраў, адмысловая тэхналогія трамбавання снегу дазваляе ездзіць на лыжах нават падчас адлігі.

«Snow Arena»

Для тых, хто не хоча рызыкаваць і згубіць выходныя праз нестабільнае надвор’я па другі бок мяжы ў Літве каля Друскенікаў ёсць чарговы лыжны курорт – «Snow Arena», пад дахам.

Тут катацца на лыжах можна круглы год! Улетку гэтае месца асабліва папулярнае сярод прафесійных спартоўцаў, якім трэба трэнавацца ў любы сезон. У комплексе ёсць прывабны лядовы бар. А для дзяцей, якім яшчэ рана станавіцца на лыжы, існуе адмысловая пляцоўка з санкамі, горкамі ды апякункамі.

ШВ, belsat.eu

Стужка навінаў