Лукашэнка прынёс прысягу


Падчас свайго выступу ў Палацы Рэспублікі Лукашэнка заявіў, што “ліміт патрасенняў і рэвалюцый вычэрпаны”.

“Займаючы пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся аддана служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі”, – зачытаў па-беларуску тэкст прысягі Аляксандр Лукашэнка.

Прысяга прынесеная ў прысутнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, чальцоў Савету Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, іншых высокапастаўленых чыноўнікаў і замежных гасцей.

Паводле звестак МЗС, прысутнасць на цырымоніі інаўгурацыі пацвердзілі 32 кіраўнікі замежных дыпламатычных установаў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацыяў.

Падчас свайго выступу Лукашэнка заявіў, што выбарчая кампанія прайшла “абсалютна адкрыта – далей няма куды – і дэмакратычна”. Нягледзячы на тое, што рэзалюцыя Еўрапарламенту “рашуча асуджае жорсткія рэпрэсіі з боку міліцыі ды КДБ у дзень выбараў” і заклікае “правесці незалежнае і бесстаронняе расследаванне таго, што адбылося”, Лукашэнка заявіў, што Еўропа прэтэнзіяў не мае. “Учора мы даведаліся, што нават еўрапейцы прэтэнзіяў да нашых выбараў не выстаўляюць. Ну і дзякуй Богу”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым вядома, што цырымонію інаўгурацыі праігнаравалі амбасадары краінаў Еўразвязу: 21 студзеня яны пакінулі тэрыторыю Беларусі і цяпер знаходзяцца ў Вільні. Як растлумачыла Мая Кацыянчыч, прэс-сакратарка вярхоўнай прадстаўніцы ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўрапейскія паслы не будуць удзельнічаць у цырымоніі на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсіяў у дачыненні апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Не прысутнічаў на інаўгурацыі Лукашэнкі і кіраўнік амерыканскай амбасады – часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, які сёння знаходзіцца ў Горадні.

belsat.eu

Стужка навінаў