У Польшчы судзяць «Катажыну В., якая падманула ўсю краіну»


Сёння распачынаецца судовае паседжанне паводле адной з самых гучных крымінальных справаў у Польшчы за апошнія гады. На лаве падсудных – 22-гадовая жанчына, абвінавачаная ў забойстве ўласнай дачкі.

Храналогія падману

Маці 6-месячнай Магды ў студзені 2012 года звярнулася ў паліцыю з заяваю аб тым, што ў яе скралі дзіця. Паводле версіі маці, хтосьці стукнуў яе ззаду чымсьці цяжкім і яна згубіла прытомнасць. Калі ачуняла – дачкі не было ў вазочку.

200-тысячны горад Сасновец на поўдні Польшчы быў заклеены абвесткамі з фотаздымкам скрадзенай дзяўчынкі. Бацькі ў роспачы звярталіся праз медыі з просьбаю дапамагчы знайсці Магду. У пошуках задзейнічалі сотні паліцэйскіх, справа атрымала рэзананс у медыях.

Крыху больш чымся праз тыдзень Катажына В. прызнаецца: гісторыя з выкраданнем – фальшывая, 6-месячная Магда загінула ў выніку няшчаснага выпадку. На наступны дзень паліцыя знаходзіць цела дзяўчынкі, заваленае зямлёю і смеццем непадалёк чыгункі. Катажыну В. прызнаюць падазраванай паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу пра ненаўмыснае забойства. Суд адхіляе запыт пракуратуры на часовае ўтрыманне падазраванай пад вартаю.

У ліпені пракуратура змяніла абвінавачанне: следчыя прыйшлі да высновы, што Катажына В. наўмысна забіла сваё дзіця. Паводле версіі следства, жанчына кінула дачку аб падлогу, але тая засталася жывая, тады яна задушыла дзіця. Катажыну В. бяруць пад арышт, аднак катавіцкі суд неўзабаве змяняе меру ўтрымання: яе выпускаюць на свабоду, падазраваная мусіць перыядычна адзначацца ў камісарыяце. Неўзабаве жанчына ўцякае. Паліцыя знаходзіць яе толькі праз некалькі месяцаў.

Гнеў грамадства

Паводле следчых, Катажына В. забойства дзяўчынкі планавала загадзя. Пра гэта ўскосна сведчыць тое, што яна шукала ў інтэрнэце інфармацыю пра кошты трунаў і памер дзяржаўнай дапамогі з прычыны смерці дзіцяці. У сваім асабістым нататніку яна напісала: «Успрымаю гэтае дзіця як ворага, пагрозу, кібарга, які мяне прыкончыць».

Польскае грамадства было абуранае злачынствам, хлуснёю Катажыны В. і тым, якім чынам маці пазбавілася ад цела дачкі. На пахаванне Магды прыйшлі больш за тысячу чалавек. Паліцыя апасалася беспарадкаў і ўзяла цырымонію пад узмоцненую ахову.

З моманту трагедыі мінула больш за год, але справа Катажыны В. дагэтуль нараджае вялікія эмоцыі. Сваякі Магды, у тым ліку ейны бацька, патрабуюць самага суворага пакарання для Катажыны В. – пажыццёвага зняволення.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў