Адамовіч: Візіт дэлегатаў ЕЗ прымальны, калі тыя наведаюць палітвязняў


Пра спробы беларускага рэжыму дамовіцца з краінамі Захаду разважае ў праграме “Размова Жбанкова” Марына Адамовіч.

У кіраўніцтва Беларусі заўсёды была патрэба пэўнай гульні з Захадам, падкрэсліла жонка палітвязня Міколы Статкевіча. “Людзі ва ўладзе цудоўна разумеюць, што прывязацца цалкам да аднаго суседа азначае непазбежна трапіць у сферу яго інтарэсаў і быць паглынутым. Каб самазахавацца, трэба захоўваць баланс інтарэсаў”, – сказала спадарыня Адамовіч.

Патрабаванне Захаду вызваліць палітвязняў і цалкам іх рэабілітаваць, паводле госці “Белсату”, застаецца нязменным. Другая ж частка патрабавання штораз менш успамінаецца беларускімі палітыкамі ды дзеячамі грамадзянскай супольнасці.

{movie}Марына Адамовіч у “Размове Жбанкова”|right|9214{/movie}

Спадарыня Адамовіч заўважыла, што вяртанне палітвязняў дадому можа адбыцца ў выніку пэўных перамоваў, але ні ў якім разе не гандлю. Паводле жонкі экс-кандыдата на прэзідэнцтва, асуджэнне палітвязняў было парушэннем міжнародных нормаў, і для наладжвання дыялогу патрэбна вяртанне краіны да ўзятых на міжнароднай арэне абавязкаў. Толькі пасля гэтага магчымая гутарка пра прэферэнцыі, крэдыты і перамовы, мяркуе жонка Мікалая Статкевіча.

“Гэта не тыя, хто сядзіць за кратамі, загналі краіну ў сітуацыю міжнароднай ізаляцыі, а дзеянні людзей пры ўладзе, якія мусяць узяць на сябе адказнасць і мець волю, каб вярнуць нашую краіну ў нармальнае міжнароднае рэчышча, а не рабіць з нашай краіны пудзіла ў цэнтры Еўропы”, – лічыць госця незалежнага тэлеканалу.

Спадарыня Адамовіч ўзгадала апошнія словы Мікалая Статкевіча ў судзе, калі той звярнуўся да замежных палітыкаў і дыпламатаў: не трэба прапаноўваць грошы за нашае вызваленне, інакш будуць новыя закладнікі.

Апошнім часам, аднак, з боку еўрапейскіх палітыкаў ідуць інтэнсіўныя спробы знайсці паразуменне з уладамі Беларусі. Адною з праяваў гэтага сталася публічнае выказванне літоўскага еўрадэпутата Юстаса Паляцкіса (Justas Paleckis), які заявіў, што можа прыехаць у Беларусь у складзе дэлегацыі Еўрапарламенту. “Для мяне гэта было б прымальным, каб яны прыехалі наведаць палітвязняў або сустрэць іх ля сценаў вязніцаў”, – лічыць спадарыня Адамовіч.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў