Армагедон пачаўся з Чэлябінску?


Больш за тысячу параненых людзей, пашкоджаныя будынкі. Метэарыт, што пранёсся над Чэлябінскаю вобласцю, прынёс ёй не толькі сусветную вядомасць, але страх, кроў і разбурэнні. Страты на мільярд, надзвычайнае становішча ў трох муніцыпалітэтах…



Відэа ж вогненнага шару, асляпляльнага святла і выбуху, што з касмічнаю хуткасцю распаўсюдзілася ў медыяпрасторы, змусіла задумацца пра бездапаможнасць чалавецтва перад непрадказальнымі касмічнымі з’явамі. А ўжо праз гадзіну да Зямлі наблізіцца астэроід.

Балід прыляцеў прыкладна а 9.20 паводле мясцовага часу, калі дзеці ўжо былі ў школах, а рабочыя – на прадпрыемствах. Нібыта бясшумна ўвайшоўшы ў атмасферу, касмічны камень разваліўся на кавалкі ды загарэўся. Бачылі гэта ад Цюмені да Чэлябінску.

{movie}Чэлябінскі армагедон|right|9213{/movie}

ЖЫХАРЫ ЧЭЛЯБІНСКУ:

“Раптам плошча асвяцілася яскравым святлом. Нестандартным такім святлом, нязвыклым”.

“Спачатку падумалі – феерверк, а потым бачым – след, нібы ад ракеты”.

Вогненны шар шмат хто з мясцовых прынялі за вайсковыя вучэнні ці нават бамбёжку. Сапраўдная паніка пачалася праз некалькі хвілінаў, калі ад падзення нябеснага цела прыйшла ўдарная хваля.

Хваля выбівала вокны і дзверы, людзі хаваліся, як пад артабстрэлам. Што дакладна адбывалася, ніхто не ведаў.

Толькі пазней расейскія навукоўцы падлічылі, што балід масаю каля 10 тонаў увайшоў у атмасферу з хуткасцю каля 20 км/с, што і дало выбуховы эфект.

ЮРЫЙ БУРЭНКА, КІРАЎНІК МНС ЧЭЛЯБІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ:

“Створанаю ўдарнаю хваляю было выбітае шкло ў Чэлябінску і бліжэйшых гарадах”.

Менавіта ад аскепкаў шкла ў жыхароў Чэлябінскай вобласці найбольш раненняў. Атрыманых пасля таго, як людзі кінуліся да вокнаў паглядзець на яскравы свет у нябёсах.

УЛАДЗІМІР БАСМАННІКАЎ, ЛЕКАР ШПІТАЛЮ № 1, ЧЭЛЯБІНСК:

“Асноўныя траўмы – рэзана-выцятыя раны. Шкло паляцела-пасыпалася, таму і такія траўмы. Колькі народу – вы бачыце самі”.

Як мінімум два чалавекі трапілі ў рэанімацыю. Ад ударнай хвалі абваліўся будынак Чэлябінскага цынкавага заводу. Самі абломкі баліду ўпалі не на горад. Варонку дыяметрам каля 6 метраў вайскоўцы знайшлі ля возера Чэбаркуль. Вакол меркаванага месца падзення цяпер адсочваюць радыяцыйны фон. Пры гэтым у трох муніцыпалітэтах вобласці абвесцілі рэжым надзвычайнага становішча.

СЯРГЕЙ ДАВЫДАЎ, КІРАЎНІК АДМІНІСТРАЦЫІ ЧЭЛЯБІНСКУ:

“Хацеў бы звярнуцца да жыхароў гораду з просьбаю захоўваць спакой”.

Але захоўваць спакой, калі ў лютым павыбівала шыбы, ды яшчэ… аб’ектам з космасу – не проста. Расейскія медыі кажуць, што мясцовыя фірмы ўсталявання вокнаў паднялі кошты. Адначасова некаторыя жыхары вобласці б’юць шкло ў сваіх дамах, каб атрымаць кампенсацыю. Але самыя напужаныя чакаюць паўтору здарэння. Перад агнём з нябёсаў Урал аказаўся безабаронны – Чэлябінскі метэарыт не адсачылі ні вайскоўцы, ні агенцтва “Роскосмас”.

Аднак з Зямлі ўсё лепш і лепш відаць астэроід з назваю 2012 DA14. Літаральна праз гадзіну ён праляціць у мінімальнай адлегласці ад Зямлі, і будзе заўважны нават у бінокль. У тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Важыць астэроід пад 130 000 тонаў. Аднак небяспекі не нясе, запэўніваюць у Еўрапейскім касмічным агенцтве.

ГАЙНЭР КЛІНКРАД, ЕЎРАПЕЙСКАЕ КАСМІЧНАЕ АГЕНЦТВА:

“Амаль на 100 % можна быць упэўненым, што сённяшнія падзеі над Уралам і астэроід не звязаныя. Гэта розныя рэчы, і тое, што яны адбыліся ў той жа дзень, – фактычнае супадзенне”.

Што праўда, некаторыя навукоўцы ўсё ж мяркуюць, што чэлябінскі балід – або абломак астэроіду, або ягоны спадарожнік, прыцягнуты Зямлёю. Таму чакаюць іншых нязваных гасцей з космасу.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў