Ці іх спаткае лёс «Pussy Riot»? На «Femen» падалі ў суд за скокі ў саборы


Пробашч сабору Парыжскае Маці Божае айцец Патрык Жакен падае ў суд на ўкраінскую арганізацыю за акцыю 12 лютага супраць Папы Рымскага.

Дзяўчаты былі, натуральна, топлес, білі ў званы і выкрыквалі «Досыць папы» і «У геяў мы верым». Акцыя прысвячалася рашэнню Бэнэдыкта XVI наконт сыходу з пасады кіраўніка Каталіцкай царквы і закону аб дазволе на аднаполыя шлюбы, які маюць неўзабаве прыняць у французскім парламенце.

Прадстаўнікі сабору ўжо напісалі заяву ў паліцыю. Феміністак абвінавацілі ў пашкоджанні маёмасці, непавазе да культурнай спадчыны і нападзе. Найбольшае абурэнне ў кіраўніцтва Нотр-Дам выклікаў гвалт у дачыненні працаўнікоў службы бяспекі, якіх папросту збілі: у аднаго з іх нават зламанае плячо, паведамляе «Le Figaro». «Гэтая пачварная выхадка – нечуваная ў сваёй жорсткасці. У саборы былі дзеці, якія вельмі напалохаліся», – падкрэсліў пробашч Патрык Жакен. Падчас акцыі з аднаго са званоў адвалілася пазалота, паведаміў святар, які разлічвае дамагчыся кампенсацыі шкоды.

Акцыі «Femen» выклікалі ў Францыі пратэст: ужо каля 2 тыс. асобаў падпісалі петыцыю, заклікаўшы судзіць актывістак за два злачынствы – публічныя заклікі да дыскрымінацыі, нянавісці і гвалту, а таксама за дэманстрацыю палавых органаў у грамадскім месцы.

М.Я., паводле siteua.org

Стужка навінаў