Мода на петыцыі: за што беларусы змагаюцца ў інтэрнэце?


Аматары замежных паездак з Беларусі збіраюць подпісы ў інтэрнэце – на папулярнай глабальнай платформе «Change.org». Іх петыцыю падтрымаў еўрадэпутат ад Польшчы.

Дзякуючы акцыям на «Change.org» жанчыны Паўднёвай Афрыканскай Рэспублікі спынілі гэтак званыя карэкцыйныя гвалтаванні (corrective rapes – мужчыны гвалтавалі жанчын нетрадыцыйнай арыентацыі, каб зрабіць іх гетэрасексуальнымі або проста пакараць), а ў амерыканскіх школьных сталоўках забаранілі нездаровыя мясныя дабаўкі.

Паводле адміністратараў «Change.org», платформу штодня наведваюць 20 млн асобаў, а тысячы запушчаных на ёй кампаніяў скончыліся перамогаю.

Дэпутат еўрапарламенту ад Польшчы Марэк Міґальскі падтрымаў петыцыю беларусаў аб візавых спрашчэннях і заклікаў улады Беларусі распачаць у гэтай справе перамовы з Еўразвязам. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе парламентарыя.

У петыцыі напісана, што Беларусь ужо шмат гадоў застаецца лідарам паводле колькасці атрыманых шэнгенскіх візаў. Спрашчэнне візавага рэжыму прадугледжвае не толькі змяншэнне коштаў (з € 60 да € 35), але і больш лёгкую працэдуру падачы дакументаў. Подпісы пад петыцыяй пачалі збіраць у студзені, з таго часу іх паставілі больш за 4 тыс. асобаў. Дакумент накіравалі ў Міністэрства замежных справаў і Адміністрацыю прэзідэнта.

Чаго яшчэ спрабуюць дамагчыся беларусы на платформе «Change.org»?

Пад патрабаваннем адмяніць у Беларусі смяротнае пакаранне болей за 100 тыс. подпісаў сабрала маці расстралянага за тэракт у менскім метро Уладзіслава Кавалёва.

Болей за 18 тыс. чалавек “прагаласавала” за петыцыю аб забароне ў Менску Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе.

Амаль 11 тысяч падпісаліся ў абарону беларускіх балот, з якіх пасля меліярацыі савецкіх часоў засталося толькі 30 %. Актывістаў аднайменнай грамадзянскай кампаніі непакоіць пастанова Савету Міністраў, прынятая летам 2011 года. Яна рэкамендуе здабываць торф у заказніках, на тэрыторыі якіх ёсць балоты, што пад аховаю.

Каля 6 тыс. подпісаў сабрала петыцыя ў абарону рамесніц, якія выхоўваюць малых дзяцей. Іх прыраўнялі да індывідуальных прадпрымальніц, адвакатак і юрыстак, якім дзяржаўную дапамогу на дзяцей скарацілі на 50 %.

Забараніць менскім камунальнікам замуроўваць у падвалах катоў, асуджаючы іх на смерць, патрабуюць ужо болей за 5 тыс. чалавек.

Петыцыя за ўключэнне Беларусі ў спіс даверу PayPal – папулярнай плацёжнай сістэмы, якою карыстаецца большасць ўэб-майстроў – знайшла каля 4 тыс. прыхільнікаў.

Збор подпісаў па ўсіх пералічаных петыцыях працягваецца.

Супраць дыктатуры ў Беларусі падпісаліся… 57 чалавек

Па чатырох петыцыях збор подпісаў скончаны. Сярод іх – за абарону палітвязняў у Беларусі (1102 галасы).

У дзесяць разоў меней прыхільнікаў аказалася ў ідэі не дапусціць Алёну Ланскую да выступу на “Еўрабачанні-2012” у Баку (130 чалавек).

Пад патрабаваннем выпусціць з-за кратаў затрыманых у справе “плюшавага дэсанту” Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава (яны ўжо выйшлі на свабоду) падпісаўся 61 чалавек. А пад заклікам да Міжнароднага валютнага фонду не даваць крэдытаў на падтрымку дыктатарскага рэжыму ў Беларусі – 57.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў