Курманбека Бакіева завочна прыгаварылі да 24 гадоў турмы, брат атрымаў пажыццёвае


Былы прэзідэнт Кыргызстану і ягоны малодшы брат Джаныбек Бакіеў прызнаныя вінаватымі ў злоўжыванні паўнамоцтвамі ды ў арганізацыі забойства былога кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Медэта Садыркулава.

Суд прыйшоў да высновы, што Джаныбек Бакіеў быў беспасярэдным арганізатарам забойства, яго пазбавілі звання генерал-лейтэнанта і прыгаварылі да пажыццёвага заключэння. Прэс-служба Вярхоўнага суда Кыргызстану таксама паведамляе, што прысуды абвесцілі ў прысутнасці адвакатаў. Бакіевы пасля дзяржаўнага перавароту ў красавіку 2010 года выехалі з краіны. Курманбек атрымаў прытулак у Менску, летась годзе там жа быў заўважаны і ягоны брат.

У кастрычніку ў Лондане арыштавалі сына Курманбека Бакіева, аднак на Радзіму яго не перададуць. Яго чакае яшчэ суд у ЗША паводле абвінавачання ў фінансавых махінацыях.

Пытанне выдачы Бакіевых рэгулярна падымаецца як кіргізскімі, так і беларускім чыноўнікамі. Гэтак, на апошняй прэс-канферэнцыі 11 снежня мінулага года Аляксандр Лукашэнка таксама пракаментаваў сітуацыю з апальным прэзідэнтам.

«Праблема з Бакіевым – гэта сёння ўжо не праблема ў нашых стасунках. Вам патрэбны Бакіеў? Навошта? Чалавек жыве, з’ехаў, усялякае бывае, гадуе дзяцей. Жыве чалавек, пенсію яму сюды перавядзіце. Быццам бы налічаная, але не пераводзяць», – адзначыў Лукашэнка. Ён таксама паведаміў, што дзеці Бакіева за кароткі час паспелі вывучыць беларускую мову.

У адказ кіргізскі бок запрапанаваў Бакіеву самому прыехаць па сваю пенсію, калі ў Менску няма сродкаў на ягонае ўтрыманне.

У.Ш.,belsat.eu

Стужка навінаў