На сесіі Еўрапарламенту ў Страсбуры пачаліся дэбаты аб сітуацыі ў Беларусі


У выніку дыскусіі чакаецца прыняцце рэзалюцыі. Галасаванне запланаванае на 20 студзеня.

Усяго на абмеркаванне прапанавана 5 праектаў рэзалюцыі. Найбольш жорсткі варыянт прапаноўвае Еўрапейская народная партыя. У прыватнасці, ЕНП хоча замарозіць кантакты з уладамі Беларусі, аднавіць візавыя абмежаванні для асобаў, ангажаваных у парушэнні падчас прэзідэнцкіх выбараў–2010, выключыць Беларусь з праграмы “Усходняе партнёрства” і спыніць фінансавую дапамогу, у тым ліку крэдыты МВФ.

Галоўнае патрабаванне кожнага з праектаў – тэрміновае вызваленне ўсіх прадстаўнікоў апазіцыі.

Кэтрын Эштан зазначае: “Падзеі 19 снежня былі шокам для ўсіх нас. Мы сустрэліся з прадстаўнікамі апазіцыі, праваабаронцамі ды сем’ямі арыштаваных і маем добрае ўяўленне наконт таго, што адбылося”.

Паводле спадарыні Эштан, сустрэча з другім бокам – Сяргеем Мартынавым – толькі ўпэўніла яе ў неабходнасці санкцыяў.

Прадстаўнік дэлегацыі Еўрапарламенту ў пытаннях Беларусі Яцэк Пратасевіч падкрэсліў неабходнасць новай палітыкі, якая можа ўлучаць у сябе не толькі палітычныя, але і эканамічныя санкцыі: “Да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, не можа ісці ніякіх размоваў з уладамі Беларусі”.
Усе выступоўцы выказаліся за павялічэнне падтрымкі для незалежных арганізацый і медыя, а таксама, за дапамогу для выключаных студэнтаў.

Падсумоўваючы дыскусыю Кэтрын Эштан яшчэ раз нагадала, што дыялог з уладамі Беларусі будзе магчымы толькі пасля вызвалення усіх палітвязняў.

Belsat.eu

Стужка навінаў