Жалеза і штучныя органы чалавека – часткі для біяробата за $ 1 млн


Брытанскія робатабудаўнікі прэзентавалі публіцы «жалезнага чалавека» на мянушку Рэкс, кошт якога склаў мільён долараў. Прылада атрымалася такая дарагая, бо ў яе інсталявалі штучныя органы чалавека, якія выкарыстоўваюцца ў сучаснай транспланталогіі. Адметна, што адзін з стваральнікаў Рэкса таксама мае пратэз рукі.

БЭРТОЛЬТ МАЕР, САЦЫЯЛЬНЫ ПСІХОЛАГ

«Больш за ўсё мне падабаецца штучная кроў, якая праходзіць праз гэтыя трубкі. Адметна, што зробленая яна з наначасцінак, якія здольныя звязваць кісларод і аддаваць яго гэтак жа, як сапраўдная кроў».

Прылада мае таксама штучныя вочы, вушы, сэрца, трахею, селязёнку, рукі, ногі ды ныркі. На адным з брытанскіх тэлеканалаў ужо запланавалі дакументальны праект, які будзе знаёміць гледачоў з біяробатам Рэксам і мажлівасцямі сучаснай медыцыны.

{movie}Праграма «Dэвайс» (08.02.2013)|right|9064{/movie}

ХАДЗЯЧАЯ СТАНЦЫЯ

На гэтым тыдні пачала працаваць незвычайная даследчая станцыя ў Антарктыдзе, якая здольная перасоўвацца. «Halley 6» выкарыстоўвае замест колаў хадулі з прымацаванымі да іх велізарнымі лыжамі. Вонкава даследніцкае збудаванне нагадвае цяжкія танкі AT-AT з «Зорных войнаў».

Станцыя мае 8 вагонаў – гэта лабараторыі, каюты экіпажу і даследчыкаў. Асноўнае памяшканне прызначанае для агульных сустрэчаў. Вышыня «ног» можа змяняцца, аднак па-сапраўднаму крочыць яны, на жаль, не могуць. Для перасоўвання выкарыстоўваецца бульдозер, які пры неабходнасці цягне за сабою ўсю канструкцыю. Антарктычная служба з дапамогаю гэтай задумы спрабуе вырашыць праблему жыццёвага цыклу сталага палярнага лагеру, які звычайна існуе не больш за 10 гадоў, пасля чаго навукоўцы змяняюць месца дыслакацыі, а забудовы пакідаюць.

ЧМЕЛЬ НА ВАРЦЕ

У брытанскае войска паступіў маленькі шрубалёт-выведнік, назва якога перакладаецца як «Чорны чмель», яго вага – 16 грамаў, а даўжыня – усяго 10 сантыметраў. Вытворца, «ProxDynamics», пазіцыянуе прыладу як самы мініяцюрны дрон ваеннага прызначэння, бо «Чмель» абсталяваны камераю, сістэмаю навігацыі ды можа заставацца ў паветры да 25 хвілінаў без даладавання. У адрозненне ад буйных беспілотнікаў яго мэта – забяспечваць інфармацыяй не групу вайскоўцаў, а аднаго байца. Асноўная мэта лятучага шпіёна – выяўленне снайперскіх пазіцыяў і агляд мясцовасці – як у памяшканні, гэтак і на адкрытым паветры.

НЕМЦЫ – ТАКІЯ… НЕМЦЫ

Даследнікі з Інстытуту Ганса Плятнэра ў Нямеччыне распрацавалі прыладу, якая закліканая ўзмацніць адчуванні карыстальніка пры гульні на мабільніку. Гаджэт падлучаецца да смартфону, а адмысловыя электроды – да рук геймера. Гэта дазваляе забяспечыць зваротную сувязь не з дапамогаю серварухавікоў і вібрацыі, а з дапамогаю ўдараў токам. На думку навукоўцаў, менавіта такая стымуляцыя дае магчымасць адчуванняў, максімальна набліжаных да сапраўдных. Плюс сістэмы – нізкае спажыванне энергіі ды тое, што прылада не выкарыстоўвае рухомых частак.

Гэтыя тэмы вы можаце паглядзець у праграме «Dэвайс». Іншыя тэмы выпуску: ТАННЫ ПРАТЭЗ, НОЎТБУК АД «GOOGLE»?, КАМЕРА «XPERIA Z». «Dэвайс» – штотыдзень у панядзелак і пятніцу а 19:15 на «Белсаце». Праграма даступная таксама падчас он-лайн трансляцыі.

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu

Стужка навінаў