Карупцыя на самым версе


Не паспеў Лукашэнка ўчора азадачыць новапрызначанага кіраўніка справамі прэзідэнта Віктара Шэймана раскрыццём карупцыйных схемаў у Кіраўніцтве справамі прэзідэнта (КС), як ужо тым жа вечарам Следчы камітэт рапартуе: заведзеныя тры крымінальныя справы аб крадзяжы бюджэтных сродкаў.

Цяжка было б знайсці асобу, якая справілася б з гэтаю адказнаю задачаю лепш за Віктара Шэймана. Чалавек, які амаль дваццаць гадоў аддана служыў вертыкалі ў асобе Аляксандра Лукашэнкі, паведаміў пра «сур’ёзныя парушэнні ў частцы эфектыўнасці размеркавання патрэбаў у будаўніцтве ды іншых сферах», – цытуе чыноўніка БелТА.

Паводле праверкі КДБ, якая, трэба разумець, адбылася значна раней за заяву Лукашэнкі, а магчыма, і раней за прызначэнне Віктара Шэймана, было выяўлена: 15 арганізацыяў, што ў межах Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, ажыццяўлялі ілжэпрадпрымальніцкую дзейнасць.

Стала вядома, што на КС ляжаць і вялізарныя пазыкі. Гэтак, на 1 снежня мінулага года запазычанасць склала BR 592 млрд 500 млн. А каля 10 % пазыкаў – пратэрмінаваныя. Шэйман абяцае разабрацца ў тым, як здаецца ў арэнду нерухомасць. Правяранне выявіла, што КС практыкавала раздачу прывілеяў для шэрагу фірмаў, а стан шмат якіх будынкаў – незадавальняючы.

«Складаецца ўражанне, што гэта дапускаецца наўмысна, для апраўдання нізкіх коштаў арэндавай платы. Вызначаная фінансавая безгаспадарнасць праяўляецца паўсюдна: тут недабор, там нястача, што выліваецца ў салідныя сумы», – цытуе Шэймана БелТА.

Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, апроч арэнды будынкаў, яшчэ займаецца і будаўніцтвам, у тым ліку за межамі Беларусі, – будзе праведзенае правяранне і ў гэтай галіне. Дасведчанае вока Шэймана ўбачыла ў будоўлях нізкую якасць будматэрыялаў і завышэнне коштаў аб’ектаў.

Тым часам днямі з’явілася інфармацыя пра хатні арышт былога кіраўніка прэзідэнцкімі справамі Мікалая Корбута. Ён адмаўляецца даваць каментары журналістам.

У.Ш.,belsat.eu

Стужка навінаў