Андрэй Гайдукоў – шпіён або палітвязень?


У Беларусі амаль кожнага актывіста, які быў зняволены, можна лічыць палітвязнем, мяркуе каардынатарка аргкамітэту партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец. Праваабарончыя арганізацыі, аднак, пакуль не ў стане назваць Андрэя Гайдукова палітвязнем.

23-гадовага намесніка старшыні незарэгістраванага Саюзу маладых інтэлектуалаў Андрэя Гайдукова затрымалі працаўнікі КДБ у Віцебску 8 лістапада 2012 года “ў момант закладання схованкі з сакрэтнымі звесткамі для замежных спецслужбаў”. Паводле Крымінальнага кодэксу, за здраду дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці маладзёну пагражае 7–15 гадоў пазбаўлення волі.

Таццяна Севярынец упэўненая: Андрэй Гайдукоў – палітычны зняволены, што цярпіць за сваю грамадскую дзейнасць. Актывістка нагадала, што хлопец актыўна браў удзел у перадвыбарчай кампаніі Андрэя Саннікава, займаўся рэгістрацыяй міжнароднай арганізацыі “Саюз маладых інтэлектуалаў”, распаўсюджваў апазіцыйныя бюлетэні і г. д.

“Уладзе непатрэбныя крыкі пра палітвязняў, таму ўлада прыдумала абсурднае абвінавачанне ў “шпіёнстве”, каб адвесці ад гэтай асобы статус палітвязня”, – падкрэсліла спадарыня Севярынец. Прысуджэнне маладзёну статусу палітычнага зняволенага магло б таксама маральна падтрымаць ягоную сям’ю. “Адна справа быць бацькамі “здрадніка радзімы”, а зусім іншая – бацькамі палітвязня”, – зазначыла дзяячка БХД. Паводле яе, існуе небяспека, што органы прыцягнуць паводле “шпіёнскай” справы ды пакараюць іншых актывістаў і паплечнікаў Гайдукова.

За 3 месяцы трымання Гайдукова за кратамі спецслужбы гэтак і не агучылі канкрэтных абставінаў ягонай справы, звярнуў увагу калега Андрэя Гайдукова ў грамадскай дзейнасці Яўген Канстанцінаў. Ён мяркуе, што падстава пераследу затрыманага – менавіта спроба рэгістрацыі Саюзу маладых інтэлектуалаў. Канстанцінаў падкрэсліў, што ў выпадку прызнання ягонага калегі палітзняволеным, ўлады Беларусі мусілі б “адсправаздачыцца” перад міжнароднаю супольнасцю: “Рэжым мусіў бы даць свету адказ, за што Андрэя арыштавалі. Тады б не атрымалася гэтую справу ціхенька прыкрыць”.

Праваабаронца Гары Паганяйла адзначыў, што Гайдукову пакуль не надалі статусу палітвязня ні айчынныя, ні міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, бо ягоная справа надалей застаецца таямніцаю: “Паводле гэтага факту амаль нічога не вядома, а інфармацыі з цягам часам не з’яўляецца больш. Мы і надалей мала што ведаем пра самую арганізацыю “Саюз маладых інтэлектуалаў”, дзе дзеяў Гайдукоў”. Адмыслоўца дадаў: у гэтай сітуацыі трэба грамадскае расследаванне.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў