Вяртанне да калектывізацыі? У пружанскага фермера забралі статак свойскай жывёлы


Васіль Салтруковіч з вёскі Ляхі Пружанскага раёну страціў статак з амаль 40 кароў, быкоў і коней. Жывёлу ў яго забралі мясцовыя ўлады пасля скаргаў вяскоўцаў на тое, што каровы топчуць іхныя агароды.

Суд пастанавіў забраць гэтую скаціну, каб скампенсаваць судовы пазоў да фермера на 13 мільёнаў рублёў. Грамадскасць і прэса доўга гадалі, ці раўназначны выйшаў абмен, калі 5 кароў ацанілі на такую суму. Сам фермер ацэньвае кожную карову не менш, як на 20 млн. Таму спадар Салтруковіч не пагадзіўся з судоваю пастановаю і абскарджвае яе, каб вярнуць сваіх кароў.

Аднак пакуль фермер Салтруковіч займаўся судовымі справамі, вяскоўцы ізноў паскардзіліся, што ягоны статак топча чужыя гароды і палеткі тутэйшай гаспадаркі ААТ “Пружанскае”. У канцы снежня 2012 года спадар Салтруковіч пазбавіўся і астатніх кароў. Як ён распавядае, “прыйшла цэлая каманда “хімікаў”, якія адбываюць пакаранне непадалёк. “Гэтая брыгада паставіла мяне перад фактам, што прыйшлі забіраць жывёлу. Згуртавалі і пагналі… Забралі ўсю скаціну, апроч маленькага цяляці, быка з пашкоджанымі нагамі і каня, бо я сядзеў на ім верхам… З-пад мяне, відаць, ужо не здолелі пацягнуць…”

Васіль Салтруковіч Васіль Салтруковіч

Цяпер жывёла фермера – у ААТ “Пружанскае”. Як кажа Васіль Салтруковіч, ён дагэтуль не можа зразумець законнасці такой “экспрапрыяцыі”. Але яго проста паставілі перад фактам, штожывёла будзе ў калгасе да “канчатковага вырашэння ягонага пытання”. А ўжо як будуць вырашаць пытанне, кажа фермер, можна толькі здагадвацца. Але Васіль Салтруковіч перакананы, што жывёлу хочуць забраць назаўжды.

“Гэта прыватная ўласнасць. Падумайце, як гэта можа быць, што без пастановы суда забралі статак у чалавека і загналі ў калгас… Гэта ж вяртанне да калектывізацыі! Нават калі той статак і таптаў там нейкія гароды ці палі калгасныя, то забіраць яго – гэта ж не развязанне пытання. Калі недзе нашкодзіў, то мусіш заплаціць штраф. А якое права ўлады маюць забіраць у чалавека жывёлу?” – зазначае мясцовы актывіст Анатоль Сахаруша.

Жыхары вёскі Ляхі не становяцца на бок фермера ў гэтай справе. Яны кажуць, што ягоныя каровы даўно ім надакучылі. Так сітуацыя з пружанскім фермерам застаецца тупіковаю. Улады не ведаюць, што рабіць з ягонаю скацінаю, а фермер не ведае, як яе вярнуць.

Васіль Салтруковіч кажа, што пасля таго, як кароў забралі, ён застаўся на мяжы выжывання, бо статак даваў яму магчымасць пракарміцца.

Фермерствам Васіль Салтруковіч займаецца з 1994 года. Пачынаў ён з дзвюх кароў, якія засталіся ў спадчыну ад мамы. Цяпер ён кажа, што вывеў уласную пароду кароў.

Кастусь Будчак,belsat.eu

Стужка навінаў