Абаронца Курапатаў: міністр культуры гатовы ісці нам насустрач


Чым скончылася сустрэча праціўнікаў будаўніцтва «Бульбашъ-Холлу» з Барысам Святловым і што яны плануюць рабіць далей?

Рэстаранны комплекс «Бульбашъ-Холл» ля магільніку масавых расстрэлаў Курапаты хоць гасцей пакуль і не прымае, але і разбіраць пабудову не збіраюцца. Добра, ёсць хоць бы фармальныя зрухі. Сёння пра далейшы лёс Курапатаў грамадскія актывісты размаўлялі з міністрам культуры Барысам Святловым. Падрабязнасці – ў відэаматэрыяле “Аб’ектыву”.

{movie}Змаганне з «Бульбашъ-Холлом»|right|9026{/movie}«Самым галоўным я лічу тое, што распачаўся дыялог, што мы пабачылі: міністр культуры гатовы ісці нам насустрач», – гаворыць актывістка ініцыятывы “За ўратаванне Курапатаў” Ганна Шапуцька. «І нашая цяпер галоўная задача – зрабіць гэтак, каб забараніць будаўніцтва ў зоне рэгуляванай забудовы, каб тое, што там магчыма калісьці будуць будаваць, адносілася толькі да помніку мемарыялу «Курапаты», – тлумачыць яна.

Сітуацыя вакол «Бульбашъ-Холлу» выявіла і яшчэ адну праблему. Палітыка замоўчвання злачынстваў НКВД дала свае плады: людзі амаль не ведаюць пра Курапаты. «Гэта не тая тэма, якой вучаць у школе, – кажа рэкламная кансультантка Юлія Ляшкевіч. – Гэта не тое, пра што размаўляюць у шмат якіх сем’ях, хоць бы таму, што тэма рэпрэсіяў была шмат у якіх сем’ях закрытая: трэба было забыць, што твайго прадзядулю-дзядулю расстралялі і г. д. Гэтай тэмы няма. І казаць, што людзі вінаватыя ў тым, што яны не ведаюць, нельга. Трэба думаць пра тое, як ім распавесці пра гэта, распавесці цікава, каб яны адчулі, што гэта жывое, што гэта іх датычыць».

Таму Юлія Ляшкевіч і грамадская кампанія «Гавары праўду» выступілі з праектам папулярызацыі інфармацыі пра Курапаты. «Наша асноўная задача – зрабіць так, каб Курапаты сталі як мінімум такімі ж папулярнымі, як Хатынь, каб нікому ў галаву не прыйшло будаваць забаўляльныя ці якія-кольвек іншыя аб’екты побач ці на месцы рэпрэсіяў», – гаворыць актывіст кампаніі “Гавары праўду” Павел Вінаградаў.

Актывісты збіраюцца ўжываць і традыцыйныя спосабы інфармавання грамадства, і нетыповыя: напрыклад, графіці.

Вольга Кляўчэня, «Аб’ектыў», АК, belsat.eu

Стужка навінаў