Пакаралі медсястру і кухарку


Менавіта іх прызнаў суд вінаватымі ў масавым атручванні дзяцей у садку-яслях №29 горада Пінску.

Паводле інфармацыі ад старшага памочніка пракурора Берасцейскай вобласці Вольгі Дзмітрук, ім інкрымінавалі парушэнне санітарна-эпідэміялагічных правілаў, што стала прычынаю масавага захворвання дзяцей і працаўнікоў дзіцячага садка.

“У сакавіку 2010 года старшая медсястра ўключыла ў меню на полудзень тварожнае суфле, хоць неабходнае для яго прыгатавання абсталяванне ў садку адсутнічала. Заражэнне тварожнай масы сальманэлаю пайшло ад кухаркі, якая, як высветлілася, была носьбіткаю гэтых бактэрыяў, – паведамілі ў пракуратуры Пінскага раёну. – Апроч таго, кухарка яшчэ і парушыла тэхналогію прыгатавання: бактэрыі не толькі не знішчыліся, а наадварот, іхная колькасць падчас падагравання масы вырасла”. У выніку з-за парушэнняў на сальманэлёз захварэлі 110 дзяцей і працоўнікі садка-ясляў.

На рашэнне суда медсястра атрымала пакаранне ў выглядзе 30 базавых велічыняў штрафу. Кухарку ж забавязалі на год выпраўляльных працаў з выманнем штомесяц 15% заробку.

Начальнік аддзелу гігіены ды эпідэміялогіі Міністэрства аховы здароўя Юрый Фёдараў адзначыў, што пасля інцыдэнту ў Пінску праверкі наконт адпаведнасці санітарна-эпідэміялагічным нормам прайшлі па ўсёй краіне. “Мы схіляемся да таго, што выпадак у Пінску – выключэнне з правілаў. У іншых садках грубых парушэнняў мы не заўважылі. Адзначу, што падыход да працы працаўнікоў дзіцячых садкоў стаў яшчэ больш строгі. І ў выпадку парушэнняў вінаватыя панясуць справядлівае пакаранне. Выпадак у Пінску яскрава сведчыць пра гэта”, – дадаў чыноўнік.

belsat.eu

Стужка навінаў