Беларускія нумары на аўтах прывабліваюць маскоўскіх махляроў


Жыхары Беларусі, якія выбіраюцца ў Маскву, павінны больш пільна сачыць за сваімі аўтамабілямі. Кіроўцы-замежнікі рэгулярна цярпяць у сталіцы саюзнай дзяржавы ад махлярстваў. З іхных аўтамабіляў і з дарагіх маскоўскіх аўтаў знікаюць дзяржаўныя рэгістрацыйныя нумары.

Потым, праўда, знаходзяцца – за “ўзнагароджанне”. Але так і не знаходзяцца тыя, хто няблага зарабляе на паляванні за нумарамі. Беларуска Вольга Цэлініна кіруе аўтамабілем у Маскве паўтара года. Штодня карыстаецца ім, каб дабірацца да працы. Расповеды пра скрадзеныя нумары чула. Але сама ў такой сітуацыі аказалася ўпершыню.

“Я выйшла, каб ехаць на працу, падыходжу да аўта і бачу, што замест нумара нешта чарнее. Я адразу зразумела, што нешта здарылася”, – кажа пацярпелая ад аўтамахляроў Вольга Цэлініна.

{movie}Паляванне на нумары (04.02.2013) |right|8992{/movie}

Замест рэгістрацыйных аўтамабільных нумароў дзяўчына знайшла нататку. У ёй – нумар тэлефону і прапанова “дапамагчы іх знайсці”. За 5000 расейскіх рублёў. Першая рэакцыя – не ісці на саступкі шантажыстам.

“Перш мне трэба было зразумець, куды ісці ў міліцыю. Я зразумела, што застануся без аўта, бо без нумароў ездзіць немагчыма. І ўявіўшы, што мяне чакае наперадзе, я ўсё ж узяла гэтую кардонку, і мы патэлефанавалі”, – прызналася дзяўчына.

Заплаціўшы, яна непакоіцца, што шантаж паўторыцца. Людзі, якія трапілі ў падобную сітуацыю, ужо стварылі не адзін інтэрнэт-форум. Разлік просты: замежніку трэба шмат часу і высілкаў, каб аднавіць дзяржаўныя нумары аўтамабіля законным шляхам, а сума, якую патрабуюць злачынцы, не перавышае выдаткаў на гэта.

“Нейкі Ілля сказаў, што нібыта праходзіў побач уначы і пабачыў нумары пад аўтам. Вырашыў “зрабіць добрую справу” – падабраў іх і папрасіў узнагароду 3000 рублёў”, – дадаюць іншыя кіроўцы.

Колькасць ахвяраў падлічыць немагчыма. Цягам апошняга піку такіх злачынстваў, што быў летась у сакавіку, у Маскве падалі каля 300 заяваў. Беларусы, якія прынцыпова не плацяць, апроч паліцыі звяртаюцца ў амбасаду. Там выдаюць даведку пра страту нумароў, але значна спрасціць жыццё пацярпелым не могуць.

“Ёсць варыянт: не трэба падаваць у Беларусь транспартны сродак, а правесці тэхнічны агляд у Расеі. Узяць акт, аднак у Беларусь у любым выпадку давядзецца ехаць”, – скаментаваў прадстаўнік беларускага МУС Віктар Філістовіч.

І тыя, хто заплаціў злодзеям, і тыя, хто не, урэшце звяртаюцца ў рамонтны сэрвіс. Каб намёртва замацаваць нумары.Вольга таксама збіраецца ў сэрвіс, а пакуль проста хавае нумары на ноч у салон аўтамабіля.

Іншыя матэрыялы інфармацыйнага выдання “Аб’ектыў” вы можаце паглядзець на нашай старонцы. “Аб’ектыў” – штодзённа з панядзелка па пятніцу а 20.00 на “Белсаце”. Праграма даступная таксама падчас он-лайн трансляцыі.

Аліна Радачынская, belsat.eu

Стужка навінаў