Амерыканцаў прывабіў секс у “Свабодным тэатры”


Найбольш папулярная на амерыканскім Сярэднім Захадзе выданне “Chicago Tribune” змясціла матэрыял, прысвечаны чарговаму спектаклю беларускага “Свабоднага тэатру”.

“Сексуальнае жыццё сучасных гарадоў: Берліну ў 1920-х гадох, Нью-Ёрку або Сан-Францыска ў 1970-х – як правіла, характарызуецца пры дапамозе падпольных кабарэ і непрыстойных дыскатэк, што ў летні час падсілкоўваюць бесклапотны геданізм. Але сексуальнае жыццё беларускай сталіцы Менску, на задуму беларускага “Свабоднага тэатру”, – гэта нешта менш крыклівае ды больш фундаментальнае”, – піша аўтар матэрыялу Рыд Джонсан (Reed Johnson).

Гаворка пра п’есу “Менск-2011: Адказ Кэці Акер”, якая з серады да нядзелі ідзе ў Шэкспіраўскім тэатры ў Чыкага (Chicago Shakespeare Theater).

Цэнтральнымі аспектамі спектаклю выступаюць чалавечая ідэнтычнасць і свабода, адлюстраваныя праз прызму сексуальнасці. “Пастаноўка беларускага “Свабоднага тэатру” паказвае эратычнае жыццё простых людзей у ценю апошняе дыктатуры Еўропы”, – паведамляе выданне.

На працу над “Менскам-2011” аўтараў натхніла кніга амерыканскай панк-феміністычнай навелісткі Кэці Акер “Нью-Ёрк, 1979”. У гэтым шчырым аповедзе 1981 года Акер напісала партрэт начнога гораду праз прызму сексуальных прыхільнасцяў.

“Але ў сталіцы былой савецкай рэспублікі, якая неспакойна жыве паміж Польшчаю ды Расеяй, сексуальныя праявы – гэта не проста следаванне прынцыпу задавальнення”, – падкрэслівае Рыд Джонсан.

“У такім грамадстве, як нашае, гэта звязана проста з магчымасцю жыць”, – кажа заснавальніца “Свабоднага тэатру” Наталля Каляда. Як адна са стваральнікаў п’есы, яна лічыць, што “правы жанчын і сексуальных меншасцяў – гэта асноўныя правы”. “А калі сама асноўная ідэя твайго права падаўленая, відавочна, ты хочаш супрацьстаяць і даказаць, што гэта тваё права й твая асабістая прастора, што ніхто не мае права душыць яго і забараняць”, – дадала Наталля Каляда.

85-хвілінны спектакль праходзіць на амаль пустой сцэне – у выкананні дзевяці актораў, на расейскай і беларускай мовах з ангельскімі субтытрамі. П’еса апавядае пра зневажальную для годнасці чалавека паўсядзённасць беларусаў, за якімі шпіёніць, якіх пераследуе і кідае за краты сістэма, што звяртае ўвагу на не санкцыянаваныя рэпрэсіўным дзяржаўным законам паводзіны як на амаральныя, падрыўныя і небяспечныя.

Гледачам прапаноўваецца віртуальны тур па эратычных межах гораду. Гэта бязрадасныя стрыптыз-клубы, жорстка разагнаны гей-парад, допыты ў міліцыі.

Аўтар публікацыі спасылаецца на словы журналістку лонданскай газеты “The Guardian” Кейт Келаўэй (Kate Kellaway), якая піша, што партрэт гораду, паказаны “Свабодным тэатрам”, “выкрывае жорсткую крывадушнасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”. “Гэта складанае даследаванне таго, што значыць любіць горад, які не адказвае тым сама”, – прыходзіць да высновы Кейт Кэлаўэй.

Хаця “Менск-2011” разглядае праблему свабоды слова і свабоды асобы ў адной надзвычайна рэпрэсіўнай краіне, аўтары п’есы нагадваюць: Беларусь не адзінае месца, дзе свабода асобы ды ідэнтычнасці праходзяць праз выпрабаванні. Тыя ж праблемы сустракаюцца ў заходніх грамадствах, дзе абмежаванні, можа быць, цяжэй выявіць, чым у краіне з аўтарытарным рэжымам.

Паўліна Калтавічанка, belsat.eu

Стужка навінаў