Ці арганічна выглядае жанчына ў беларускай палітыцы «без правілаў»?


Заканамерна, што на прэзідэнцкіх выбарах–2015 года з’явяцца кандыдаткі-жанчыны. Ці наступны прэзідэнт Беларусі будзе насіць спадніцу і хадзіць на абцасах, разважае ў «Размове Жбанкова» гендэрная даследніца Ірына Саламаціна.

Госця «Белсату» мяркуе, што жанчына-прэзідэнт у Беларусі – рэальная магчымасць. Нягледзячы на тое, што пакуль у Беларусі палітыка мае не зусім жаночае аблічча, варта спадзявацца, што ўжо ў недалёкай будучыні ў нашай краіне з’явяцца моцныя палітычныя лідаркі.

{movie}Ірына Саламаціна ў “Размове Жбанкова”|right|8928{/movie}
Жаночае імкненне ў палітыку, адзначыла экспертка, можа быць рэакцыяй на словы Лукашэнкі, што кабета не можа быць прэзідэнтам. Даследніца ўзгадала тут прыклад маладой лідаркі Юлі Міцкевіч, якая ў адказ заявіла, што хоча быць прэзідэнтам.

Адмыслоўца ўпэўненая, што блізкасць Літвы, дзе кіраўніком краіны стала жанчына – Даля Грыбаўскайце, і прыклад Юліі Цімашэнкі ва Украіне паўплываюць на стварэнне ў Беларусі мадэлі жаноцкага лідарства.

Славутае выказванне Лідзіі Ярмошынай, каб жанчыны не хадзілі на мітынгі, а варылі боршч, спадарыня Саламаціна лічыць непрымальным ад чыноўніцы на высокай дзяржаўнай пасадзе: «Выказванне цалкам некарэктнае. Можна было б нават праз суд прыцягнуць Лідзію Ярмошыну да адказнасці. На жаль, механізмы рэалізацыі заканадаўства у нас недапрацаваныя».

На гэты момант, звярнула ўвагу навукоўца, вылучэнне жанчын у беларускую палітыку адбываецца зверху. Медыі ў Беларусі таксама спрычыняюцца да вобразу кабеты-палітыка «не на сваім месцы»: «Журналісты, да прыкладу, задаюць у эфіры пытанні не ў сферы прафесійнай кампетэнтнасці жанчыны-палітыка, а пра рэцэпты прыгатавання страваў».

Пазітыўная тэндэнцыя ўхвалення прысутнасці прадстаўніц прыгожага полу ў палітыцы, на думку спадарыні Саламацінай, праяўляецца сярод беларусаў у памяці пра дзейнасць жаночай партыі «Надзея», зліквідаванай у 2007 годзе.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў