Незалежных журналістаў караюць за Плошчу


Карэспандэнт радыё “Рацыя” Барыс Гарэцкі правядзе за кратамі 14 содняў, журналіст “Бабруйскага кур’ера” Яўген Васьковіч – 10 содняў.

Барыса Гарэцкага затрымалі ўчора каля КДБ падчас размовы са сваякамі зняволеных. Першапачаткова нібыта для праверкі дакументаў. Амаль содні месцазнаходжанне Барыса Гарэцкага было невядома, а за гэты час адбыліся ператрусы ў ягонай кватэры, а таксама ў кватэры ягонага брата Кастуся Гарэцкага. Сёння раніцаю Барыса Гарэцкага прывезлі ў суд Маскоўскага раёну Менску. Рэпарцёра абвінавацілі ў тым, што падчас мітынгу 19 снежня ён выкрыкваў лозунгі “Жыве Беларусь” і “Сыходзь” (сведкамі выступілі міліцыянты) і пакаралі адміністратыўным арыштам.

Журналіст Яўген Васьковіч з “Бабруйскага кур’ера” свае содні за Плошчу ўжо адбываў. Яго затрымалі 19 снежня на плошчы Незалежнасці і пакаралі 12 суткамі адміністратыўнага арышту, аднак учора Васьковіча затрымалі зноў. У бабруйскай кватэры журналіста правялі ператрус. Самога Васьковіча суд Магілёва арыштаваў на 10 дзён, нібыта за здзейсненае 16 снежня хуліганства. Ні родныя, ні сябры журналіста даведацца аб акалічнасцях справы не могуць – працаўнікі праваахоўных органаў ніякіх каментароў не даюць. Сябры ж сцвярджаюць, што ў гэты дзень Яўген Васьковіч працаваў на адным з участкаў назіральнікам і ўвесь час быў навідавоку.

Як паведамілі “Белсату” ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, магчымаю падставаю пакараць журналіста сталася ягоная адмова падпісаць у Магілёўскім КДБ паперу з абяцаннем не браць удзелу ў акцыях. Адбылося гэта 11 студзеня падчас допыту журналіста.

belsat.eu

Стужка навінаў