Як будзе «чебурашка» па-беларуску?


У сацыяльнай сетцы «VKontakte» дзейнічае незвычайная суполка аматараў беларускай мовы, якія вынайшлі свой рэцэпт яе распаўсюду.

Стваральнікі суполкі «Я ♥ беларускую мову» вынаходзяць цікавыя і яскравыя здымкі пэўных прадметаў, казачных персанажаў, жывёлы і раслінаў ды падпісваюць іх па-беларуску. Гэта, паводле сяброў групоўкі, мусіць спрыяць запамінанню новых беларускіх словаў у тых, хто не карыстаецца моваю штодзённа, але хацеў бы яе вывучыць. У суполцы ўжо з’явілася арыгінальнае фота з жабянём, агрэстам, слімаком і нават Папялушкаю. Паводле адміністратараў суполкі, адзін з самых вядомых мультыплікацыйных персанажаў часоў Савецкага Саюзу – чабурашка – мусіць правільна называцца па-беларуску апахавэлак.

Адкуль узяўся «чабурашка»?

Чабурашка – цалкам выдуманы персанаж кнігі Эдуарда Успенскага «Кракадзіл Гена і ягоныя сябры». Гэта істота з вялізнымі вушамі, вялікімі вачыма і карычневаю поўсцю, якая ходзіць на задніх лапах. Згодна з прадмоваю да кнігі, чабурашкаю называлася бракаваная цацка з дзяцінства аўтара – гэта быў дзіўны звярок, які нагадваў і мядзведзя, і зайца з вялікімі вушамі. Паводле кнігі, бацькі аўтара сцвярджалі, што гэта – не вядомы навуцы звер, які жыве ў гарачых трапічных лясах. У асноўным тэксце чабурашка – сапраўды невядомы трапічны звярок, які трапіў у вялікі горад у скрыні з апельсінамі. Дырэктар крамы, у якім адкрылі скрыню, назваў яго чабурашкаю, бо звярок, аб’еўшыся апельсінаў, пастаянна падаў (чабурахаўся).

Апахавэлак у інтэрнэт-прасторы?

У сеціве найменне «apachavelak» актыўна выкарыстоўваюць карыстальнікі разнастайных форумаў ды блогаў, праўда, што яны разумеюць пад гэтым словам, згадаць цяжка. Выкарыстоўвацца гэта слова таксама і для называння згаданага чабурашкі. Так, праціўнікі пашырэння ўжывання беларускай мовы страшаць яе прыхільнікаў незразумеласцю менавіта слова «апахавэлак». На адным з форумаў гаворка ідзе пра “апашавэлка і алігатара Генадзя”. Сустракаецца ў сеціве таксама падобнае – «ашавэлак», якім інтэрнаўты акрэсліваюць няўмеку, нязграбнага і няўклюднага чалавека. «А той, хто не можа нават сала пакроіць, хіба ж гэта мужчына? Ашавэлак нейкі», – піша адзін з каментатараў «Жывога журналу». У такім значэнні, падаецца, гэтае слова магло б быць беларускім адпаведнікам «чабурашкі», якога назвалі так толькі таму, што той не мог стаяць на месцы.

Ці прыжывецца слоўца?

Мовазнаўца Зміцер Саўка лічыць, што слова «апахавэлак» магло б прыжыцца ў беларускай мове пры адпаведнай папулярызацыі. Але, на думку адмыслоўца, штучна распаўсюджваць яго не варта. «Трэба падкрэсліць, аднак, крэатыўнасць беларусаў, якія гэткім арыгінальным чынам прыцягваюць увагу і папулярызуюць родную мову», – адзначыў лінгвіст.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў