Ідуць ператрусы ў кватэры і на лецішчы Алеся Бяляцкага


Праваабаронцу завезлі на лецішча ў Ракаў, у кватэры засталася ягоная жонка.

Прадстаўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч не выключае, што Алеся Бяляцкага могуць затрымаць. Апошняга пасля ператрусу ў офісе «Вясны» працаўнікі спецслужбаў вывезлі на службовым аўтамабілі. “Гэта было больш падобна на затрыманне, чым на запрашэнне на размову, хоць на апошнім настойвалі супрацоўнікі КДБ”, — выказаў  “Белсату” сваё меркаванне Валянцін Стэфановіч.

У офісе праваабарончага цэнтру “Вясна” 17 студзеня прайшоў ужо другі ператрус у межах крымінальнай справы аб массавых беспарадках у Менску 19 снежня. Першы адбыўся ўначы з 19 на 20 снежня, тады з офісу вынеслі ўсю аргтэхніку. Гэтым разам канфіскавалі адзін ноўтбук. Праводзілі ператрус тры працаўнікі КДБ, прысутнічалі двое панятых.

“Ніхто з нашых супрацоўнікаў не прысутнічаў на Плошчы. Усе мы працавалі назіральнікамі на выбарах, і ў КДБ гэта добра ведаюць. Таму, я лічу, што іх галоўная мэта — паралізаваць нашу працу”, — тлумачыць Валянцін Стэфановіч.

Спадар Стэфановіч дадаў, што спачатку прадстаўнікі спецслужбаў збіраліся узламаць уваходныя дзверы і нават прывялі слесара з ЖЭСу, але праваабаронцы адчынілі дзверы самі.

belsat.eu

Стужка навінаў