Квіткі на аўтобусы будуць прадаваць праз інтэрнэт


Электронныя квіткі сёлета можна будзе набыць па ўсёй краіне.

Праз інтэрнэт у Беларусі можна будзе набыць квіткі на прыгарадныя, міжгароднія і міжнародныя аўтобусы. Праўда, калі дакладна стартуе паслуга – не вядома.

Пакуль Міністэрства транспарту і камунікацыяў запусціла на сваім сайце тэставую версію паслугі. На электроннай старонцы пасажыры могуць паглядзець расклад аўтобусаў, інфармацыю пра кошт квіткоў, вольныя месцы і замовіць квіток папярэдне.

Паводле прэсавай службы Міністэрства транспарту і камунікацыяў, “такая сістэма неабходная для ўліку і захоўвання звестак, давання даведак, выдачы аператыўнай інфармацыі”.

Старшыня аўтавакзалу “Менск Усходні” Віталь Будрэвіч адзначае: “Новая сістэма значна спросціць працу дыспетчараў і будзе зручнаю для пасажыраў. Некалькі гадоў запар кропкава яе запускалі ў 25 гарадах Беларусі, а цяпер яна запрацуе па ўсёй краіне. Гэта значыць, што замовіць і купіць квіток на любы кірунак можна будзе ў любым беларускім горадзе”.

belsat.eu

Стужка навінаў