«Народная воля» атрымала чарговую «чорную метку»


У рэдакцыі гавораць, што ўжо заблыталіся, якое гэта па ліку папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі.

Гэтым разам міністр Алег Праляскоўскі заўважыў парушэнне ў артыкуле, змешчаным у адным з вераснёўскіх нумароў выдання, які датычыў маладафронтаўскай акцыі “Сыходзь!”. Газета распаўсюдзіла інфармацыю ад імя незарэгістраванай арганізацыі, чым парушыла закон, мяркуюць у міністэрстве.

Намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец, гаворыць, што фармальныя падставы для вынясення папярэджання Міністэрства інфармацыі мае: арт. 38 Закону аб СМІ забараняе распаўсюджваць інфармацыю, што датычыць арганізацыяў, якія не маюць рэгістрацыі Міністэрства юстыцыі. Але гэтая норма груба парушае міжнародныя абавязанні, падпісаныя Беларуссю, у прыватнасці Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, указвае юрыст.

Шэф-рэдактарка “Народнай волі” Святлана Калінкіна гаворыць, што хутчэй за ўсё міністэрствам давялі заданне вярнуць сітуацыю ў прававое рэчышча, якое існавала да “разгулу дэмакратыі і палітычнай адлігі”, таму і з’явіліся прэтэнзіі да старога нумару выдання. Святлана Калінкіна называе нагоду, з якой вынеслі папярэджанне, смешнаю. “Чаму “Советской Белоруссии” дазволена размяшчаць інтэрв’ю з Генадзем Зюганавым, партыя якога зарэгістраваная ў Расеі, а нам са Зміцерам Дашкевічам, арганізацыя якога зарэгістраваная ў Чэхіі, не?”, – задае рытарычнае пытанне шэф-радактарка.

Святлана Калінкіна гаворыць, што яны абавязкова будуць аспрэчваць гэтае папярэджанне ў судзе. Надзеі на станоўчы вынік судовага паседжання ў рэдакцыі няма. Але выданне спадзяецца пачуць у судзе адказ ад Алега Праляскоўскага, чаму міністэрства дазваляе сабе выбіральны падыход да дзяржаўных і незалежных медыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў