У Тунісе працягваюцца закалоты і перастрэлкі


Краіна засталася без улады, пасля таго як з яе ўцёк прэзідэнт.

У сталіцы Тунісу працягваюцца масавыя закалоты, якія пачаліся тыдзень таму. Прычынаю незадаволенасці жыхароў было беспрацоўе, выкліканае сусветным эканамічным крызісам. У краіне ўвялі рэжым надзвычайнага становішча.

Прэм’ер-міністр Магамэд Ганушы, да якога перайшлі абавязкі кіраўніка краіны, заявіў, што 17 студзеня можа быць абвешчаны новы ўрад, у які ўвойдуць прадстаўнікі апазіцыі.

Амаль месяц у Тунісе цягнуцца акцыі пратэсту супраць карупцыі, беспрацоўя і росту коштаў на прадукты, якія цягам апошніх тыдняў падаражэлі ў чатыры разы. Каталізатарам стала спроба самаспальвання беспрацоўнага выпускніка ўніверсітэту ў горадзе Сідзі-Бузід у сярэдзіне снежня.

У выніку прэзідэнт Зайн аль-Абідын бін Алі, які кіраваў Тунісам з 1987 г. і на апошніх выбарах набраў амаль 90% галасоў, рэзка страціў папулярнасць. У разгар беспарадкаў ён заявіў, што не будзе балатавацца на новы тэрмін пасля таго, як у 2014 г. скончацца ягоныя паўнамоцтвы.

Падчас свайго тэлезвароту да нацыі ён паабяцаў задаволіць асноўныя патрабаванні дэманстрантаў. Ён таксама забараніў паліцыі выкарыстоўваць для разгону ўдзельнікаў пратэстаў агнястрэльную зброю з баявымі патронамі. Гэтую заяву ён зрабіў праз некалькі гадзінаў пасля таго, як сілавікі пачалі страляць па дэманстрантах і забілі аднаго з іх.

У гібелі людзей бін Алі абвінаваціў “тэрарыстаў”. Ён заявіў, што войска страляла ў мэтах самаабароны. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з пачатку беспарадкаў у Тунісе загінулі 60 чалавек.

У выніку прэзідэнт Тунісу 14 студзеня быў вымушаны ўцячы з краіны разам са сваёй сям’ёю. Паводле некаторых звестак, ён цяпер у Саудаўскай Аравіі.

belsat.eu

Стужка навінаў