Мікола Статкевіч: Лукашэнка не будзе ўдзельнічаць у дэбатах


Палітык Мікола Статкевіч кажа, што дзейны кіраўнік дзяржавы не пойдзе на ўдзел у перадвыбарчых дэбатах. Пра магчымасць іх правядзення ўпершыню за 16 гадоў заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Ярмошына зазначыла, што дэбаты адбудуцца пры ўмове, што “кандыдаты не баяцца палемікі”. Наконт удзелу ў іх Аляксандра Лукашэнкі яна сказала: “Калі ён пажадае, то будуць. Калі не пажадае, то будуць з тымі, хто пажадае”.

Мікола Статкевіч, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”, якая ўваходзіць у “Еўрапейскую кааліцыю”, заявіў, што гатовы балатавацца на пасаду прэзідэнта. На ягоную думку, Аляксандр Лукашэнка ўдзельнічаць у дэбатах наўрад ці пажадае.

Спадар Статкевіч мяркуе, што рэжым дазволіць дэбаты з іншаю мэтаю: прадэманстраваць Захаду прагрэс у дэмакратызацыі краіны. Паводле ягонага прагнозу, да дыскусіі дапусцяць праўладных кандыдатаў і прадстаўнікоў апазіцыі з тым, каб дыскрэдытаваць апошніх.

Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка пакуль не абвесціў свайго ўдзелу ў выбарах. Заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў кандыдаты мусяць падаць не пазней за найбліжэйшую пятніцу.

belsat.eu

Стужка навінаў