120 чалавек пайшлі ўночы ў пушчу, каб вы перасталі баяцца ваўкоў

Апошнімі выходнымі ў Белавежскай пушчы сустрэліся даследчыкі і аматары гэтых драпежнікаў з Беларусі і Польшчы. У першай трансгранічнай «Ночы ваўкоў» узяў удзел рэпарцёр «Белсату».

«Чалавек прымае толькі тых звяроў, якія яму карысныя. А ваўкі? Многія думаюць, што яны не толькі не прыносяць карысці, але і канкуруюць з людзьмі за дзічыну. На самой справе ваўкі дазваляюць прыродзе захаваць раўнавагу. Калі мы зразумеем і пагодзімся з ваўкамі, то зразумеем і прымем усё навакольнае асяроддзе як цэласнасць», – заявіла Ірына Кашпей з грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», каардынатарка акцыі з беларускага боку, падчас адкрыцця імпрэзы.

Паводле актывісткі, не ўсе ў Беларусі разумеюць, што менавіта ваўкі патрабуюць аховы – ад чалавека.

Ірына Кашпей. Фота – Эвеліна Яворская

У польскай частцы Белавежскай пушчы «Ноч ваўкоў» адбываецца ўжо ў чацвёрты раз. Сёлета беларускі бок ініцыяваў правесці мерапрыемства супольна. У Беларусі ўлады не толькі не бароняць ваўкоў, але змагаюцца з імі: у 2017-м на тэрыторыі Беларусі паляўнічыя адстрэлілі 96 % папуляцыі.

На ваўка ў Беларусі можна паляваць колькі заўгодна і амаль усюды за выключэннем Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, Бярэзінскага біясфернага запаведніка і Налібоцкай пушчы. У нацыянальным парку Белавежская пушча з 2015 года дзее мараторый на адстрэл ваўка, але не ўся тэрыторыя пушчы уваходзіць у нацыянальны парк. (Да таго ж, як стала вядома «Зялёнаму парталу», гэты мараторый маглі парушаць.)

Актывісты хочуць гэта змяніць і спачатку спрабуюць пераканаць людзей, што ваўкі не пагражаюць, а наадварот – патрэбныя ім.

«Воўк – вельмі важны драпежнік-сысун у павуцінні экалагічных сувязяў. У Беларусі ён не пад аховаю, але ў Польшчы – іншая перспектыва. Важна, каб гэтую жывёлу ахоўвалі, і падчас міжнароднай «Ночы ваўкоў» мы распавядзем як», – кажа «Белсату» Эва Мароз-Кечыньская, каардынатарка імпрэзы на тэрыторыі польскай часткі пушчы.

Імпрэзу ў Белавежскай пушчы супольна арганізавалі беларускі і польскі нацыянальныя паркі. На фота – Эва Мароз-Кечыньска, каардынатарка польскай часткі мерапрыемства. Фота – Эвеліна Яворская

Зацікаўленасць тэмаю была вялізарная: заяўкі на ўдзел у імпрэзе даслала больш за тысячу чалавек з абедзвюх краінаў. Аднак арганізатары з беларускага боку маглі прыняць у суботу толькі 40 удзельнікаў з Польшчы. Такая ж колькасць беларусаў перакрочыць мяжу ў нядзелю.

«Без дзяцей гэта не мае сэнсу»

З Польшчы ў Беларусь апроч непасрэдных удзельнікаў прыехалі таксама артысты і аніматары. Падляскі тэатр «Czrevo» паставіў для самых маленькіх гасцей сустрэчы спектакль «Ваўчок-маўчок». Гісторыю прыгодаў ваўчаня, сям’ю якога забілі паляўнічыя, акторы распавялі па-свойму, змяшаўшы беларускую, польскую і ўкраінскую мовы з дыялектам з ваколіцаў Бельска-Падляскага.

«Ваўчок-маўчок» ад тэатру «Czrevo» развесяліў і ўзрушыў не толькі дзяцей. Фота –Эвеліна Яворская

«Па-за моўнаю формаю нашая казка мае візуальны змест. Выявы звяроў, якія з’яўляюцца ў прадстаўленні – гэта сапраўдныя здымкі, выдрукаваныя ў натуральным памеры. Зубру мы зрабілі толькі галаву, бо рэшта не змясцілася б на сцэне. Для дзяцей найважнейшае – гэта візуальнае і эмацыйнае ўспрыняцце», – тлумачыць акторка Йоана Троц.

Польскія аніматары і настаўнікі вучылі дзяцей праз гульні. Увагу малых прыцягвала пераапранутая ў ваўка настаўніца школы з Бельска-Падляскага Аліна Якубоўская, якая вырашыла гэткім чынам падчапіць маленькім беларусам з мясцовых школаў і дзецям удзельнікаў імпрэзы захапленне гэтай жывёлай. Паводле валанцёркі, у справе аховы прыроды ўся надзея – на малодшае пакаленне. Грамадскія праекты, якія не скіраваныя ў тым ліку на дзяцей, не маюць сэнсу, кажа яна.

Дзеці, якія жывуць у пушчанскіх вёсках, ведаюць пра важную ролю ваўка ў прыродзе, кажа настаўніца Аліна Якубоўская. Фота – Эвеліна Яворская

«Самая важная задача стаіць перад сям’ёй, – упэўненая валанцёрка. – З выхавальнікамі і настаўнікамі дзеці знаходзяцца цягам кароткага часу. Пасля яны вяртаюцца дахаты і мусяць там знайсці падтрыманне. Таму бацькі павінныя быць побач з імі, разумець і перажываць усё з дзецьмі. Яны самі павінныя перадаваць ім каштоўнасці, неабходныя для выжывання прыроды».

З гэтым пагаджаецца дакументаліст Ігар Бышнёў, які стаў спецыяльным госцем «Ночы ваўкоў». Адзін з самых вядомых беларускіх аўтараў фільмаў пра прыроду кажа, што вялікую частку сваёй кар’еры свядома прысвяціў экалагічным казкам.

«Дзеці не сапсаваныя стэрэатыпамі і нянавісцю. Таму іх можна навучыць любові да жывёлы», – кажа ён.

Дакументаліст Ігар Бышнёў захапляецца ваўкам з дзяцінства. Надзею на ўратаванне драпежнікаў творца бачыць у адукацыі дзяцей. Фота –Эвеліна Яворская

Ваўкі з’явіліся ў жыцці творцы вельмі рана. Яшчэ дзіцём ён узяў шчанюка ваўка, матку якога забілі паляўнічыя. Гэтым драпежнікам Бышнёў прысвяціў мноства фільмаў – напрыклад, «На ваўчыных сцежках» і «Ваўчыца Дая». Кінарэжысёр з жалем прызнаўся, што прыгоды герояў ягоных фільмах часта заканчваліся хутка і трагічна: частку ваўкоў паляўнічыя адстрэльвалі яшчэ падчас здымкаў.

Лёс ваўка

Гісторыя герояў аднаго з ягоных фільмаў – сітуацыя, якая здарылася з адным з удзельнікаў сустрэчы – Дзмітрыем Шамовічам. Калі той са сваёй жонкай, Настассяй Кузмянковай, пасяліўся ў ціхай мясцовасці на беларуска-расейскай мяжы, яны знайшлі сляпых ваўчанятаў, матку якіх застрэлілі паляўнічыя. Разам са сваймі сабакамі Дзмітрый заняўся выхаваннем шчанюкоў, стаўшы альфа-самцом зграі.

Наста і Дзмітрый выхавалі два пакаленні вочых сіротаў. Фота – Эвеліна Яворская

Пасля гэтага цэлям жыцця мужчыны стала зразумець свет гэтых драпежнікаў. Пазней, падчас начной вандроўкі ў лес, Шамовіч прадэманструе свае здольнасці клікання ваўкоў.

Цяпер для Дзмітрыя і Насты ваўкі ёсць крыніцай утрымання: напаўдзікія звяры, якія не баяцца людзей, удзельнічаюць у фотасесіях і здымаюцца ў фільмах. Але дастаткова ім адысці ад хаты далей – і яны ўжо – цэль паляўнічых. Гэтак, напрыклад, скончыў гадаванец Дзмітрыя, самец Бой.

Фота – Эвеліна Яворская

Ваўкоў у Беларусі ўспрымаюць як шкоднікаў – як паляўнічыя, гэтак і леснікі. Іншага меркавання, аднак, вучоныя: праведзеныя ў Беларусі, Польшчы і ЗША даследаванні сведчаць пра тое, што ахвярамі ваўкоў становяцца пераважна старыя і хворыя жывёліны, якія не цікавяць паляўнічых.

Больш за тое, прысутнасць драпежнікаў змяншае шкоду, выкліканую аленямі і казулямі, пераконваў падчас імпрэзы прафесар Крыштаф Шмідт з Польскай акадэміі навук.

Застрэленыя беларускімі паляўнічымі ваўкі. Верхні на здымку (з GPS-ашыйнікам) – Васіль. Пра яго жыццё можна пачытаць на старонцы блогу vouk.by

Беларусы баяцца, што ваўкі нападуць на чалавека або хатнюю жывёлу. Але да гэтага іх змушае менавіта чалавек, заўважае ў размове з «Белсатам» Віктар Фянчук, які каардынуе праграмы «Аховы птушак Бацькаўшчыны» па Белавежскай пушчы. Калі б паляўнічыя не разбівалі зграі, то не з’яўляліся самотныя ваўкі, якія з рызыкай для сябе ідуць на кантакт з чалавекам. Гэтыя звяры вымушаныя шукаць ежу ў вёсках, бо не ў стане паляваць самастойна.

У выніку ваўкі знаходзяцца ў бяспецы выключна на тэрыторыі нешматлікіх запаведнікаў – напрыклад, у Белавежскай пушчы. Калі яны пакідаюць яе ў пошуках уласных тэрыторыяў, то падпісваюць сабе смяротны прысуд.

«Нашыя даследаванні з выкарыстаннем перадатчыкаў GPS паказалі, што пасля таго, як яны пакідаюць запаведнікі, цягам дзвюх гадоў гіне 100 % ваўкоў», – дадае Фянчук.

Аўтобус Нацыянальнага парку Белавежская пушча падвёз аматараў ваўкоў на балота. Фота – Пётр Яворскі / belsat.eu

Для ваўкоў не існуе межаў, таму ў Беларусі адстрэльваюць таксама асобнікаў, якія прыходзяць з Польшчы. (Варта дадаць, што польскіх ваўкоў адстрэльваюць таксама ў Славаччыне, ва Украіне і Літве.)

«Нельга цалкам абараніць ваўкоў у Польшчы, калі яны не ахоўваюцца ў Беларусі», – аргументуе генетык з Гданьскага ўніверсітэту Мацей Шэўчык.

Бяскроўнае паляванне на ваўкоў

Кульмінацыяй цэлага дня лекцыяў і мастацкіх сустрэчаў стаў паход у пушчу ў пошуках драпежнікаў. У суправаджэнні навукоўцаў і пад аховаю беларускіх паляўнічых дзве вялікія групы адправіліся ў шпацыр па лясах і балотах, каб паслухаць ваўчынае выццё. Адным з экскурсаводаў быў Валерый Дамброўскі, вядомы даследчык ваўкоў у Чарнобыльскім радыяцыйна-экалагічным біясферным запаведніку.

«Ноч ваўкоў» у Белавежскай пушчы. Наперадзе групы ідзе паляўнічы Мікалай з ліку супрацоўнікаў нацыянальнага парку. 1 лютага 2020 года. Фота – Пётр Яворскі / belsat.eu

На месца зборкі ахвотных прывезлі аўтобусам. Першую спробу паклікаць ваўкоў пушчанскі паляўнічы, спадар Мікалай, робіць на балоце недалёка ад месца высадкі. І хаця ўсе ўдзельнікі паходу пераўтварыліся ў слых, у адказ на выццё чалавека можна было пачуць толькі брэх сабак ды басы суботняй дыскатэкі ў вёсцы побач.

Для імітацыі ваўчынага выцця Мікалай ужывае катушкі ад нітак. Фота – Пётр Яворскі / belsat.eu

Пасля групы раздзяліся і рушылі ў лес. Палякі – пераважна біёлагі і аматары прыроды – ішлі ў цемры і цішы. Беларусы – галоўным чынам сем’і з дзецьмі – маршыравалі, пужаючы ўсё навакол і святлом ліхтароў ды гучнымі размовамі. Аднак паступова нават самыя баязлівыя гараджане зразумелі, што без штучнага святла бачна больш, а ў цішыні можна пачуць лес.

Каардынатар праграмаў «Аховы птушак Бацькаўшчыны» па Белавежскай пушчы Віктар Фянчук разглядае экскрэменты ваўка. Фота – Пётр Яворскі / belsat.eu

Даўжыня трасы складала шэсць кіламетраў. Нягледзячы на чарговыя спробы зазывання ваўкоў, толькі некалькім асобам удалося іх пачуць. Магчыма, яны ведалі, да чаго прыслухоўвацца, а, можа, чулі толькі сабак у далечыні.

У адкідах ваўкоў можна знайсці сляды футра і костак іхных ахвяраў. Фота – Пётр Яворскі / belsat.eu

У пэўны момант раздаўся гук, ад якога ўсе застылі. Выццё! Праз некалькі секунд стала зразумела, што гэта сірэна суседняга вайсковага радару.

Калі б у лесе быў снег, падарожнікі мелі б шанец пабачыць сляды ваўкоў ды іхных патэнцыйных ахвяраў, але праз цёплае надвор’е ўдзельнікам акцыі давялося задаволіцца іншымі доказамі іхнай прысутнасці: пра тое, што нядаўна гэтым маршрутам прайшлі ваўкі, сведчылі свежыя экскрэменты на сцежцы.

Падчас «Ночы ваўкоў» панавала воўчая мода. Фота – Пётр Яворскі / belsat.eu

Беларуская частка «Ночы ваўкоў» скончылася на Каралеўскай паляне, вядомай таксама як Царская. Беларусы і палякі перамяшаліся пры вогнішчы да паміж сталамі, падсумоўваючы імпрэзу і размаўляючы ўжо не толькі на навуковыя тэмы.

Каменюкі на світанку. Тут знаходзіцца сядзіба беларускага нацыянальнага парку Белавежская пушча. Фота – Эвеліна Яворская

На світанку аматары прыроды з абодвух краінаў накіраваліся ў Польшчу. Аўтобусы давезлі ўдзельнікаў да памежнага пункту ў самой Пушчы, пасля пераходу мяжы аўтобусам і прыватнымі аўтамі людзі даехалі да сядзібы Белавежскага нацыянальнага парку ў вёсцы Белавежа.

«Ноч ваўкоў» скончыцца толькі ўдзень. Пасля лясных вандровак у абодвух частках пушчы стане ясна, што гэта – адна, непадзельная экасістэма, перарэзаная неістотнай для прыроды мяжой.

Нараўка ў Белавежскай пушчы. Рака, як і лес, лучыць абедзве краіны. Фота – Пётр Яворскі / belsat.eu

Вялікая зацікаўленасць імпрэзай з боку грамадзянаў дзвюх краінаў паказала не толькі тое, што мноства людзей цікавіцца аховаю ваўкоў, але і тое, што гэтыя жывёлы – магніт для турыстаў. І для беларускіх уладаў гэта магло б стаць дадатковым аргументам, каб заняцца аховаю драпежнікаў.

Пётр Яворскі, belsat.eu, фота – Эвеліна і Пётр Яворскія, пераклад Дзяніс Дзюба

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны