12 удараў па галаве: Следчы Камітэт скончыў расследаванне забойства лёгкаатлеткі Юліі Балыкінай


Забойца трэнера Беларускага фізкультурна-спартовага таварыства «Дынама» Юліі Балыкінай быў пад дзеяннем наркотыкаў ды падчас сваркі нанёс ёй 12 удараў малатком, з якіх 11 – па галаве.

Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэту па Менску Яўген Архірэеў, піша belta.by.

Паводле Архірэева, абвінавачаны часткова прызнаў сваю віну.

«Ягоныя дзеянні кваліфікаваныя як забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, крадзеж аўтамабіля і крадзеж. Пасля прадʼяўлення канчатковага абвінавачвання мужчына часткова прызнаў віну. Ён аспрэчваў колькасць удараў, нанесеных пацярпелай».

Крымінальная справа накіраваная пракурору. На днях яе перададуць ў суд.  Забойца Юліі Балыкінай можа быць прыгавораны да смяротнага пакарання.

Юлія Балыкіна знікла напрыканцы кастрычніка 2015 года. Яна не вярнулася дадому і перастала выходзіць на сувязь. Праз некалькі дзён па падазрэнні ў забойстве спартсменкі міліцыя затрымала ейнага знаёмага. Цела дзяўчыны, загорнутае ў цэлафан ды прыкрытае мохам, 16 лістапада знайшлі ў лесе каля вёскі Старына Смалявіцкага раёну.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў