«Калі дзіця ў турме, гэта як частка мяне там, за кратамі». Размова з маці палітзняволенай Сафіі Малашэвіч


19-гадовая Сафія Малашэвіч ужо больш за год у зняволенні. Дзеўчыну пакаралі двума гадамі калоніі за тое, што падчас аднаго з мітынгаў у Менску малявала на шчытах сістэмы «Рубеж». Сёлета ў сярэдзіне лістапада Сафіі далі кароткатэрміновае спатканне з маці. «Белсат» паразмаўляў са Святланаю Малашэвіч пра тое, як яны з дачкою цяпер жывуць: Сафія – у калоніі, а яна – удома, у чаканні вызвалення свайго дзіцяці.

Сафія Малашэвіч.
Фота: асабісты архіў Сафіі Малашэвіч

Сем месяцаў без спатканняў

Сафію Малашэвіч затрымалі 6 верасня на Маршы адзінства ў Менску пасля таго, як яна балончыкам з фарбаю малявала на агароджы са шчытоў сістэмы «Рубеж». Дзеўчыне на той момант было 18 гадоў. Ёй выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ), і хуліганстве, здзейсненым групай асобаў (ч. 2 арт. 339 КК). Аднак неўзабаве Сафію адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. На волі дзяўчына была да 26 лістапада, калі яе зноў затрымалі і змясцілі пад варту. Тады ж стала вядома, што яе вінавацяць яшчэ і ў абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК РБ).

Падчас суда другую частку артыкулу 339 перакваліфікавалі на першую частку (проста хуліганства, а не ў складзе групы асобаў). У выніку суддзя Вольга Няборская пакарала Сафію двума гадамі калоніі агульнага рэжыму.

З 4 траўня Сафія Малашэвіч адбывае пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі № 4. Беларускія праваабаронцы прызналі Сафію зняволенай паводле палітычных матываў.

Hавiны
«Дзеці – смелыя і сумленныя – плацяць за нашую абыякавасць». Размова з маці 18-гадовага палітвязня
2021.02.17 15:25

17 лістапада Сафіі нарэшце дазволілі сустрэцца з маці, толькі на тры гадзіны і праз шкло. Для абедзвюх гэта было доўгачаканае спатканне: апошні раз маці з дачкою бачыліся 24 красавіка яшчэ ў Следчай турме ў Жодзіне, праз тыдзень пасля разгляду апеляцыйнай скаргі.

Улетку Сафію пазбавілі доўгатэрміновага спаткання праз парушэнне рэжыму, за што яна таксама была пакараная змяшчэннем у ШІЗА. З гэтай жа прычыны не ўдалося зарганізаваць і кароткатэрміновага спаткання. І нават сустрэча ў лістападзе, паводле маці Сафіі, спадарыні Святланы, магла не адбыцца, бо дачка загадзя не напісала заявы. Аднак кіраўніцтва калоніі пайшло насустрач і дазволіла спаткацца.

«Турма – гэта барацьба за сябе»

Сафія Малашэвіч падчас суда.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Маці Сафіі яшчэ доўгі час пасля спаткання заставалася пад уражаннем.

«Я тыдзень не магла асэнсаваць таго, што ўва мне засталося пасля спаткання. Тыя пачуцці цяжка апісаць, – кажа спадарыня Святлана. – Гэта няпроста – марыць пра спатканне з уласным дзіцём у калоніі, бачыць яе там і прымаць перамены, якія з ёй адбыліся, ейны эмацыйны стан».

Маці зазначае, што Сафія заўважна схуднела, па ёй відаць, што назбіралася стомленасць ад умоваў, у якіх даводзіцца жыць.

«Вядома, ёй хочацца адпачыць, выспацца, – кажа маці палітзняволенай. – Яна перажывае даволі сур’ёзную нагрузку: і праца, і пастаяннае перабыванне сярод людзей. Гэта ўдома мы маем унікальную магчымасць пабыць у цішы. Сафіі такія моманты заўсёды былі важныя. А ў калоніі яна заўсёды сярод людзей, з якімі трэба камунікаваць, а не заўсёды на гэта ёсць сілы і жаданне».

Спадарыня Святлана кажа, што Сафіі было няпроста прыстасавацца да жыцця паводле рэжыму:

«Там вельмі жорсткія правілы, дысцыпліна, трэба пастаянна кантраляваць сябе. Ты не можаш паесці, калі табе хочацца, не можаш свабодна размаўляць на тэмы, цікавыя табе, мусіш улічваць асаблівасці людзей, разам з якімі ты сядзіш. Не ведаю, ці можна да гэтага прызвычаіцца, напэўна, толькі змяніць сваё стаўленне і паспрабаваць выжыць у такіх умовах. Турма – гэта заўсёды ломка для чалавека, тым больш для маладога. Гэта барацьба за сябе».

Працуе швачкаю, вучыцца на цырульніцу, у вольны час малюе

Сафія Малашэвіч і Ціхан Клюкач (цяпер таксама палітычны вязень) на маршы 6 верасня 2020 года.
Фота: sk.gov.by

За час зняволення ў калоніі Сафію тройчы каралі змяшчэннем у ШІЗА, што толькі дадае маці перажыванняў.

«Я ведаю, што дачка маўчаць не будзе: праз свой максімалізм яна гэтага не ўмее. Яна імкнецца адстойваць свае межы, – зазначае спадарыня Святлана. – Я моцна хвалююся і спадзяюся, што яна будзе дастаткова разважлівай, а таксама, што добра перажыве зіму, не захварэе. А яна мне заўсёды паўтарае: не трэба за мяне хвалявацца, усё добра. Я думаю, яна сапраўды вучыцца прыстасоўвацца, аналізуе і разумее, як сябе паводзіць у гэтай сітуацыі – на нешта мо не звяртаць увагі ці мінімальна браць удзел, а думаць пра сваё».

У калоніі Сафія працуе швачкаю.

«Яна не ўмела шыць, не любіла, не мела схільнасці, – распавядае маці палітзняволенай. – Не думаю, што яна цяпер палюбіла швейную машынку, але выбару ў яе не было».

Акрамя працы, Сафія вучыцца на цырульніцу, і гэта ёй падабаецца, падкрэслівае спадарыня Святлана, а таксама кажа, што дачка ўвесь час імкнецца быць нечым занятаю, каб дні праляталі хутчэй.

Вольнага часу не так шмат, бо зняволеныя таксама чысцяць гародніну, мыюць падлогу, душавыя, прыбіральні. Субота – працоўны дзень.

Крыху адпачыць можна ў нядзелю, тады Сафія чытае ці малюе. Адмыслова прасіла маці перадаць у калонію алоўкі, фламастары, асадкі, паперу. Спадарыня Святлана падкрэслівае, што Сафія – вельмі творчы чалавек, любіць танчыць, спяваць, граць на гітары, таму бярэ ўдзел у імпрэзах калоніі. І ні на што не скардзіцца.

«Праз тэлефон раз на тыдзень яна запэўнівае мяне, што ўсё ў парадку, – кажа мама Сафіі. – Але я адчуваю з інтанацыяў, што гэта проста ўстаноўка, якая дапамагае ёй трымацца, а наколькі там насамрэч усё добра – пытанне. А аднойчы яна напісала: «Мама, ты просіш, каб я пісала, аднак у маім жыцці нічога не адбываецца: пра што мне пісаць?»

У Гомельскай жаночай калоніі ўсё больш палітычных

Маці Сафіі зазначае, што ў Гомельскай калоніі ўсё больш палітзняволеных жанчын. Калі раней палітычных раскідвалі ў розныя атрады, то цяпер гэта не так проста: пастаянна прывозяць усё новых зняволеных.

«Там ужо так шмат «нашых», – кажа спадарыня Святлана. – Каля 40 жанчын агулам».

На робы палітычных нашытыя жоўтыя біркі, камунікацыя з іншымі ўладальніцамі такіх адзнак забараняецца.

«Сафія не можа цяпер стасавацца з дзяўчатамі, з якімі прайшла СІЗА, аднак яна разумее: сам факт, што лёс звёў яе з такімі цудоўнымі людзьмі, час, праведзены з імі, – гэта вельмі каштоўна. Гэта незабыўны жыццёвы ўрок, падарунак лёсу – такія людзі», – кажа мама Сафіі і распавядае, што дачка сядзела разам з Аланаю Гебрэмарыям, Дар’яй Чульцовай, пазнаёмілася з Вольгаю Класкоўскай, Настассяю Нікіцінай, а цяпер з ёй у атрадзе – Вікторыя Гранкоўская, асуджаная ў «справе студэнтаў».

«Усе этапы турэмнага жыцця дачкі я пражываю разам з ёю»

Сафія мусіць выйсці на волю 10 верасня 2022 года. Маці дзеўчыны гэты дзень здаецца вельмі далёкім і нерэальным:

«Аднак ужо прайшоў год з моманту арышту Соні, і калі на пачатку мне здавалася, што гэты час ніколі не міне, то цяпер я разумею, што ён праляцеў як адно імгненне. Я дасюль у дэталях памятаю ўсе падзеі: працэс узяцця пад варту, перавод у Жодзіна, потым з Жодзіна ў Менск, суд, чаканне апеляцыі, этап у Гомель – усе гэтыя перыяды турэмнага побыту майго дзіцяці я пражываю разам з ёю. Калі дзіця ў турме, гэта як частка мяне там, за кратамі».

Спадарыня Святлана прыгадвае, што спачатку ў яе быў шок, агаломшанасць ад таго, што яна раптам стала маці, якая носіць перадачы ў турму, піша лісты, не мае магчымасці ўбачыць дачкі, дакрануцца да яе, абняць, пацалаваць. Уся камунікацыя – праз шкло ў пакоі для спатканняў.

Марш Адзінства
Марш адзінства ў Менску. 6 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

«Самае балючае ўва ўсім гэтым – тое, што хочаш дапамагчы, але разумееш, што ніяк не зможаш аблегчыць ейнага болю, нешта змяніць, – кажа нашая суразмоўца. – Мне цяжка гэта ўсвядоміць і перажыць, што я нічога не магу зрабіць для свайго дзіцяці».

«Выйдзе адтуль чалавекам, які шмат ведае пра жыццё»

За час зняволення, кажа спадарыня Святлана, Сафія моцна пасталела:

«Тое, што Сафія цяпер перажывае, не міне бясследна. Яна праходзіць праз каласальны досвед – працоўны, камунікатыўны, у адносінах з сабою ды іншымі. Яна будзе чалавекам, які вельмі шмат ведае пра жыццё».

Пра свае планы пасля вызвалення Сафія пакуль нічога не кажа: ні дзе б хацела працаваць ці вучыцца, ні пра тое, хоча жыць у Беларусі ці з’ехаць. Спадарыня Святлана кажа, што прыме любую пастанову дачкі, толькі каб яна была шчаслівая.

Незадоўга да арышту Сафію адлічылі з каледжу, куды яна паступіла вучыцца на цырульніцу. Аднак у калоніі з’явіўся шанец атрымаць гэтую прафесію, што вельмі радуе маці: яна ўпэўненая, што дачка зможа стаць цудоўным майстрам, знойдзе працу і будзе ўдасканальвацца ў гэтай сферы.

Сафія – імпульсіўная, але адначасова разважлівая, кажа спадарыня Святлана. Шмат якія рэчы глыбока бачыць і аналізуе. Акрамя таго, яна вельмі творчы чалавек. Імкненне да творчасці ў Сафіі – з дзяцінства. У школе заўжды хадзіла ў нейкія гурткі: пляла з бісера, малявала на шкле і ўрэшце больш за ўсё захапілася маляваннем.

«У старэйшых класах Соня пачала маляваць калекцыі адзення, партрэты, – распавядае маці. – Што б яна ні рабіла рукамі, усё даводзіць да дасканаласці. Яна адчувае гармонію, з нараджэння добра бачыць спалучэнні колераў. У яе творчы дар».

«Унутраную свабоду не абмежаваць ніякімі кратамі»

Сафія Малашэвіч.
Фота: асабісты архіў Сафіі Малашэвіч

А вось цікавасці да грамадскіх працэсаў і актывізму ў школьныя гады ў дачкі спадарыня Святлана не заўважала.

«Я думаю, што гэта ў яе з’явілася на хвалі салідарнасці 2020 года, – кажа маці. – Яна ўбачыла, як у нас шмат разумных беларускамоўных людзей, якія хочуць жыць у вольнай краіне, і не магла не далучыцца да іх».

Спадарыня Святлана кажа, што разумее парыў дачкі і не можа злавацца на яе ці асуджаць:

«Гэта быў ейны выбар як дарослага чалавека, ейнае жаданне ўзяць удзел у тых грандыёзных падзеях, і гэта тады рабіла яе шчасліваю. Так, там быў нейкі момант хуліганства, і сама Сафія гэта разумее. Аднак ейны ўчынак – дакладна не злачынства».

Спадарыня Святлана просіць усіх неабыякавых беларусаў пісаць Сафіі лісты:

«Калі хто можа – пішыце. Раптам ёй перададуць ліст, бо не ўсе перадаюць. Я ўяўляю сабе, як Соня будзе скакаць ад радасці, калі атрымае ліст, нават ад незнаёмага чалавека. Увогуле хачу выказаць шчырую ўдзячнасць тым, хто ўсцяж мае ў сабе сілы падтрымліваць людзей у турмах. Я разумею стомленасць ад бясконцага чакання. Усе спадзяваліся на перамогу, але час ідзе, нічога не адбываецца. І людзі пераключаюцца, адыходзяць ад барацьбы. А мы не можам, мы вымушаныя штодня чакаць сваіх блізкіх».

Спадарыня Святлана заклікае ўсіх, хто хацеў бы падтрымаць Сафію, пісаць ёй, думаць пра яе ці маліцца:

«Я веру, што думкі матэрыяльныя, і калі думаеш нешта светлае пра чалавека, молішся за яго, яму становіцца лягчэй. Гэта вялізная дапамога. Я штодня малюся за дачку. Я веру ў яе. Я зычу ёй моцы, здароўя, заставацца сабою нават там. І хутчэйшай свабоды вонкавай. А ўнутраная свабода ў яе і так ёсць, і яе не абмежаваць ніякімі кратамі».

Артыкулы
«Яму давялося вельмі хутка пасталець». У калоніі Бабруйска за пратэсты сядзіць школьнік з Берасця
2021.10.09 11:45

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў