Гастранамічныя Каляды. Што паставіць на стол, акрамя аліўе і памідораў са смятанаю


Каляды – бадай самае разнастайнае ў гастранамічным плане свята. Недзе на стале мусіла быць пэўная колькасць страваў, напрыклад, 12, а недзе галоўным было смачна паесці і не забыцца схаваць часнычыну пад абрус. Прапануем вам рэцэпты традыцыйнай кухні для натхнення на ўласныя кухонныя перамогі.

Увага! Гэты артыкул не рэкамендуецца чытаць на галодны страўнік.

Куцця

Напярэдадні Раства на стол ставілі посную куццю – без вяршкоў і масла. А на само свята – вялікую ці багатую куццю, з салодкімі прысмакамі. Мы з вамі ўжо вучыліся рабіць куццю на Дзяды. Гэтым разам можна паэксперыментаваць з крупамі ці зрабіць цукаты сваймі рукамі. Традыцыйна варылі пшаніцу, але пасуе булгур, рыс, нават груца.

Складнікі: пшаніца – 1 шклянка, чорныя і белыя разынкі – 100 грамаў, цукаты – 200 грамаў, мёд – 2 лыжачкі, масла – 50 грамаў, арэхі і мак – на смак.

Куцця. Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Крупы добра мыем. Калі бераце пшаніцу ці груцу, то замачыце на ноч. Варым хвілінаў 30–40, але каб было рассыпіста. Гэтым часам добра мыем разынкі, заліваем кіпенем і наразаем цукаты. Гатовую кашу запраўляем алеем, мёдам, дадаём падрыхтаваны разынкі, цукаты, мак, арэхі. Добра мяшаем і падаём.

Печыва

Нешта спячы на Каляды – святая справа. Калі вы дастаткова ўпэўненыя ў сілах, паспрабуйце спячы хлеб. Хатні хлябец з маслам, соллю і зялёнаю цыбулькай, якая прарасла на акне, – гэта ж самае смачнае на свеце! Але пячы хлеб – справа не простая. Пачаткоўцаў на кухні выдатна пасуюць калядкі – піражкі з салодкім ці салёным начыннем.

Складнікі: 2 шклянкі мукі (1 шклянка жытняй + 1 шклянка пшанічнай), 1 шклянка вадкасці (вада, малако, сыроватка), дробка солі, начынне на жаданне, 1 яйка, каб змазваць.

Печыва. Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Мяшаем муку з вадкасцю, солім, замешваем цеста і пакідаем яго пад сурвэткай адпачыць хвілінаў на 20. Качаем з цеста каўбаску, наразаем на кавалачкі і робім тонкія аладкі – трыкутнікі ці квадрацікі. У іх кладзем начынне (сочыва, сыр, ягады, грыбы) і зашчыпваем краі, каб атрымаўся малы човен. Можна ляпіць на манер пельменя, калі зусім ніяк. Тое, што атрымалася, мажам яйкам – і ў духоўку на 200–220 градусаў да гатовасці. О, шыкоўна!

Рыба

Смажыць рыбу ў шматкватэрніку – выдатны чын выпрабаваць трываласць суседзяў. Калі яны не прыйдуць сварыцца, то вам з імі дужа пашчасціла. А ўвогуле рыба на калядным стале – страва вельмі папулярная. Універсальнага рэцэпту няма, таму эксперыментуйце. А калі вы баіцеся смажыць філе, а ролы замовіць у такі дзень не дазваляе сумленне, вось вам бяспройгрышны варыянт ад маёй бабулі.

Складнікі: карп, дробныя цыбуліны, морква, соль, чорны перац, лаўровы ліст, лімон, трошку маянэзу.

Рыба. Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Самае складанае – забіць карпа. Можна папрасіць зрабіць гэта прадавачку. Здымаеце (драчкаю на газеце) луску, дастаяце вантробы, мыеце, кладзяце рыбіну на бляху. Ссярэдзіны варта намазаць яе соллю, перцам, пакласці аблупленыя цыбулінкі, парэзаную моркву і лаўровы ліст. Зверху трошку солім і мажам маянэзам. Потым у духоўку на 200 градусаў на хвілінаў 30–40 – і гатова.

Сцеражыцеся. Пахнуць будзе так, што ў мінакоў нос адарве!

Капуста

Так, гэта тая, што падобная да супу, але гусцей пры жаданні. Самая папулярная ежа ў Беларусі. У святы, у выходныя… Пры любой нагодзе беларусы вараць капусту. Карацей, робім (шчы) нармальнага чалавека.

Складнік: мяса (свініна) на костцы, капуста квашаная – 250 грамаў, капуста свежая – 150 грамаў, бульба – 4 штукі, морква – 2 штукі, часнык, цыбуля, проса – 1/2 шклянкі, чорны перац, соль.

Капуста. Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Наразаем на кавалкі бульбу. Проса прамываем. Здрабняем цыбулю, часнык і моркву.

На малым агні пару гадзінаў варым мяса на костцы, каб костачка лёгка аддзялялася і была добра вывараная. На патэльні на алеі абсмажваем цыбулю і часнык да мяккасці, дадаём драную моркву, смажым яшчэ 5–7 хвілінаў і здымаем патэльню з агня.

Кідаем у булён бульбу і проса. Як бульба стане мяккаю, дадаём засмажку, капусту, даводзім да кіпення і выключаем. Пакідаем на 20–30 хвілінаў пад вечкам адпачыць. Перад падачаю можна дадаць смятанкі.

Печаныя яблыкі

Гэта такая смаката, што сцеражыцеся не праглынуць язык. А які пах будзе ў хаце! Да вас сам святы Мікалай завітае, каб паласавацца яблычкам. Калі яблык страціць форму, не пераймайцеся: смак выправіць любое першае ўражанне.

Складнікі: яблыкі, мёд, разынкі, сушаныя слівы, драблёныя арэхі, ягады, цынамон, масла.

Печаныя яблыкі. Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Самае складанае – дастаць з яблыка сярэдзіну, каб не атрымаўся тунэль наскрозь. Начыняеце яго разынкамі і ўсім іншым багаццем, пасыпаеце цынамонаю, трошку масла наверх – і ў духоўку на 180 градусаў і 15 хвілінаў. Як дастанеце, паліце мёдам. Казачная смаката!

Кісель

О-о-о, вось і прыйшоў зорны час замарожаных з лета ягадаў! У прынцыпе кісель можна зрабіць з чаго заўгодна, але лепей з журавінаў. Журавінавы кісель – гэта сапраўдны смак Калядаў. Глядзіце, як проста!

Складнікі: ягады, вада, цукар, крухмал (1 лыжачка на 200 мілілітраў вады, але калі любіце густы кісель, то можна і болей крухмалу).

Кісель. Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Памытыя ягады праз друшляк працісніце ў рондаль, рэшткі прамыйце вадой (у рондаль) і дадайце вады, колькі плануеце. У асобнай шклянцы з вадою ці сокам развядзіце крухмал. Ставіце рондаль на агонь, МЯШАЕЦЕ і ўліваеце распушчаны крухмал. Як булькне-закіпіць, выключайце і прыбірайце з пліты. Калі ліць крухмал і не мяшаць, атрымаюцца камкі. Дзе ў нас там калядкі, дапякліся? Давайце іх сюды!

Узвар

Калі вы з дзіцячага садка ненавідзіце кампот з сухафруктаў, прашу: дайце яму яшчэ адзін шанец! Абяцаю, вам ён удасца на 10 парадкаў смачнейшы.

Складнікі: сухія ягады, яблыкі ці што ў вас там маці насушыла на зіму.

Узвар. Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Вазьміце паболей сухіх вішняў, яблыкаў, грушаў, сліваў, заліце вадой і кіпяціце, пакуль садавіна не стане мяккаю. Запраўце ўзвар цукрам або мёдам. Дайце настаяцца і атрымлівайце асалоду!

Троху традыцыяў

Накрываючы на стол, пастаўце на адзін камплект прыбораў і посуду больш, як трэба. Гэта сімвал таго, што любы госць, які зойдзе да вас сёння, будзе жаданым.

Часнык пад абрусам адпужне непажаданых гасцей, нават калі яны захочуць завітаць з таго свету.

Яшчэ пад абрус клалі сена, выцягвалі доўгую або кароткую саломіну. Казалі, які год будзе, які лён будзе. Калі доўгі – значыць, доўгі лён будзе, калі кароткі – кароткі лён. Тады ўжо выносілі гэтае сена і давалі кароўкам, каб яны добра даіліся.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў