Беларуска Ганна Сола фінішавала другой у гонцы пераследу на этапе Кубка свету па біятлоне


Беларуская біятланістка Ганна Сола 12 снежня заваявала срэбраны медаль у гонцы пераследу на этапе Кубка свету ў Хохфільцэне.

Першае месца дасталася Марце Ульсбю-Ройселан з Нарвегіі, трэцяе – шведцы Эльвіра Карын Эберг. Беларуска Дзінара Алімбекава заняла чацвёртае месца.

Ганна Сола заваявала залаты медаль у спрынце на этапе Кубка свету ў Хохфільцэне. 10 снежня 2021 года.
Фота: sola__hanna / Instagram

У пятніцу, 10 снежня, Ганна Сола заваявала залаты медаль на этапе Кубка свету ў спрынце і паказала найлепшы на той момант вынік у сваёй кар’еры. Гэта яе першае індывідуальнае «золата» на этапах Кубка свету па біятлоне.

На чэмпіянаце свету па біятлоне 2021 года ў Славеніі Сола ўпершыню змагла падняцца на подыум, заняўшы трэцяе месца ў спрынце.

Ганна Сола – адзіная біятланістка беларускай зборнай, якая пасля падзей жніўня 2020 года не падпісала праўладны ліст спартсменаў. Сваё рашэнне яна патлумачыла так: «Мне ёсць за што сказаць дзякуй краіне, але найперш хацелася б, каб спорт заставаўся па-за палітыкай. Цяжка канцэнтравацца на спартовых выніках, калі чытаеш сумныя навіны з Беларусі. Таму мая пазіцыя нават не палітычная, а агульначалавечая: за мір, захаванне законаў і вырашэнне любых пытанняў без ужывання гвалту».

Hавiны
Біятланісты зборнай Беларусі падпісалі праўладны ліст. Акрамя адной спартоўкі
2021.01.16 16:00

АД, belsat.eu

Стужка навінаў