Украінскі энергетык: Расея разбурыла ўсю энергасістэму Херсону


У Херсоне і Херсонскай вобласці расейскія войскі знішчылі ўсю энергасістэму. На яе аднаўленне спатрэбіцца прыблізна месяц. Пра гэта расказаў выканаўчы дырэктар энергетычнай кампаніі ДТЕК Дмытро Сахарук у эфіры Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны, паведамляе УНІАН.

Дмытро Сахарук у эфіры Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны. Здымак экрана. Крыніца: YouTube-канал «Суспільне Львів»

Расея знішчыла ўсю энергетычную сістэму Херсону, на яе аднаўленне спатрэбіцца каля 30 дзён. Так ацэньваюць украінскія энергетыкі наступствы акупацыі гораду.

Як заявіў выканаўчы дырэктар ДТЕК Дмытро Сахарук у эфіры Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны, у некаторых мясцовасцях увогуле няма святла. Напрыклад, у Херсоне расейскія войскі разбурылі ўсю энергасістэму:

«Там не тое што графікаў, там увогуле няма электраэнергіі».

Паводле Сахарука, аднавіць электрычнасць у Херсонскай вобласці пастараюцца як мага хутчэй, дзеля гэтага ДТЕК надасць спецыялістаў, тэхніку і матэрыялы: «Мы гатовыя надаць людзей, тэхніку, матэрыялы, каб дапамагчы як мага хутчэй аднавіць энергетычную інфраструктуру ў Херсоне і на вызваленай тэрыторыі Херсонскай вобласці».

Як доўга можа трываць аднаўленне энергасістэмы Херсонскай вобласці, можна паглядзець на прыкладзе аднаўлення пасля дэакупацыі энергасістэмы Кіеўшчыны: спатрэбілася 30 дзён, каб абʼекты генерацыі ды энергасеткі ў Кіеўскай вобласці нармальна запрацавалі. Па папярэдніх разліках, столькі ж часу спатрэбіцца і на аднаўленчыя працы на Херсоншчыне. Аднак характар разбурэнняў яшчэ будзе ўдакладняцца для больш дакладнай ацэнкі маштабаў наступстваў расейскай акупацыі для энергасістэмы вызваленай вобласці Украіны.

ДТЕК – найбуйнейшы прыватны інвестар энергетычнай галіны Украіны. Прадпрыемствы кампаніі вырабляюць электраэнергію на сонечных, ветравых і цеплавых электрастанцыях, здабываць вугаль і прыродны газ, гандлююць энергетычнымі прадуктамі на ўкраінскім і замежным рынках, размяркоўваць і пастаўляць электраэнергію спажыўцам, а таксама развіваюць сетку станцыяў ладавання электрамабіляў. Галоўны офіс кампаніі месціцца ў Кіеве. Кампанія належыць «SCM Holdings» украінскага бізнесоўца Рыната Ахметава.

Hавiны
«Гістарычны дзень». Украінскія войскі вярнулі Херсон і дайшлі да правага берага Дняпра
2022.11.11 22:59

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў