«Ніколі не забудзем гэтага болю». Святлана Ціханоўская выказалася з нагоды гадавіны смерці Рамана Бандарэнкі


Лідарка дэмакратычнай Беларусі і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская заявіла, што беларусы ніколі не забудуць «несправядлівасці і болю», які адчулі 12 лістапада два гады таму, калі даведаліся пра забойства Рамана Бандарэнкі. Пра гэта Ціханоўская напісала ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале.

«Мы памятаем пра Рому і пра ўсіх нашых герояў. Мы ніколі не забудзем пра гэтую несправядлівасць і боль. І мы не спынімся, пакуль вінаватыя ў забойствах, пабоях і катаваннях мірных і свабодных беларусаў не будуць прыцягнутыя да адказнасці», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Беларуская лідарка нагадвае, што смерць Рамана Бандарэнкі да гэтага часу не расследаваная афіцыйнымі органамі, «якія цынічна называюць сябе праваахоўнымі», а вінаватыя ў ягонай смерці дасюль на волі.

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

«Я памятаю, як роўна два гады таму ў гэты дзень не магла знайсці словаў пра гэтую трагедыю. Я не магла знайсці словаў падтрымання для маці Ромы, бо разумела, што любых словаў будзе недастаткова. Сёння іх па-ранейшаму недастаткова, але гэта не значыць, што мы будзем маўчаць», – адзначае Святлана Ціханоўская.

12 лістапада ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве адбудзецца вечарына памяці Рамана Бандарэнкі (пачатак а 17:00), на якой выступяць сваякі і сябры загінулага, будуць гучаць песні ў выкананні Алеся Дзянісава, адбудуцца мастацкія майстар-класы для дзяцей. Акцыі памяці ладзяцца беларусамі 12 лістапада ўва ўсім свеце.

Раману Бандарэнку споўнілася б сёлета 33 гады. У 2020 годзе ён браў актыўны ўдзел у дваравых імпрэзах на плошчы Пераменаў у Менску. Увечары 11 лістапада, быўшы ў двары, спрабаваў высветліць, навошта невядомыя асобы зразаюць бел-чырвона-белыя стужкі. Мужчыну скруцілі і кінулі ў мікрааўтобус. 12 лістапада 2020 года стала вядома, што 31-гадовы Раман Бандарэнка памёр у рэанімацыі шпіталю хуткай дапамогі ў Менску. У верасні 2021 года «ByPol» агучыў імёны меркаваных забойцаў Бандарэнкі, якія пакуль не зазналі ніякага пакарання.

Гісторыі
«І пад’ехаў Рома на ровары…»  Шчымлівыя ўспаміны людзей, якія былі побач з Раманам Бандарэнкам
2022.11.12 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў