«І пад'ехаў Рома на ровары...»  Шчымлівыя ўспаміны людзей, якія былі побач з Раманам Бандарэнкам


Прыйдзе час, калі ў Менску ды ў іншых гарадах Беларусі з’явяцца плошчы і вуліцы імя Рамана Бандарэнкі. Прасторныя і свабодныя, на якіх можна будзе маляваць і прамаўляць, спяваць і бавіцца з дзецьмі – жыць і цешыцца жыццю. Пра такую Беларусь марыў мянчук Раман Бандарэнка. Абаронца плошчы Пераменаў не стала 12 лістапада 2020 года. Паслугачы Лукашэнкі дагэтуль выкрадаюць і забіваюць людзей, якія жывуць марамі пра свабоду і перамены ў Беларусі.

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Актывістка Дзіяна Каранкевіч: Ён цяпер выходзіць на плошчу штодзень…

«І падʼехаў Рома на ровары. «Як справы»? – пытаюся. «Я з працы звольніўся нарэшце», – адказвае з усмешкай. «О, клас, віншую». А ён мне: «Цяпер я свабодны і буду прыходзіць на плошчу Пераменаў штодзень». «Супер, Рома, я зараз трошкі занятая, давай крыху пазней гэта абмяркуем, раскажаш мне ўсё», – адказваю і бягу да сябра, які чакае мяне, каб паехаць на каву», – пераказвае апошні дыялог з Раманам Бандарэнкам актывістка плошчы Пераменаў і адна са стваральніц аднайменнага чату ў «Тэлеграме» Дзіяна Каранкевіч.

Яна была хіба апошнім чалавекам, з кім размаўляў Раман Бандарэнка ў сваім жыцці. Бо тых, хто праз 10 хвілін пасля той размовы пачаў збіваць актывіста ў адказ на ягоную заўвагу, не хочацца называць людзьмі. Раман і Дзіяна больш не пабачыліся. А той апошні дыялог назаўжды застаўся ў памяці і сэрцы жанчыны.

«Вось як сталася… Рома стаў свабодным і выходзіць цяпер на плошчу штодзень», – кажа Дзіяна.

І голас яе дрыжыць.

Дзіяна Каранкевіч была затрыманая і кінутая за краты ў траўні 2021 года, на наступны дзень пасля таго, як разам з жыхарамі плошчы аднавіла мурал «Дыджэі пераменаў». А ўжо напрыканцы жніўня яе прысудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі». Амаль адразу пасля суда актывістка разам з сынам выехала з Беларусі і цяпер жыве ў Варшаве. Дзіяна – адна з арганізатарак вечарыны памяці Рамана Бандарэнкі, якая адбудзецца ў суботу, 12 лістапада, у Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве (пачатак а 17-й гадзіне).

«Ведаеце, памяць не зацямняецца. Помню ўсё, што адбывалася ў гэтыя дні, 11–12 лістапада. І пакуль вінаватыя не будуць пакараныя, гэтага дня не забуду ніколі», – кажа Дзіяна Каранкевіч.

Надзея цеплілася да апошняга

Жанчына прызнаецца, што той дзень змяніў ейнае жыццё:

«І яшчэ я ўсвядоміла, наколькі нашае жыццё крохкае, і кожная размова з чалавекам можа стацца апошняй, хоць нічога не прадказвае бяды… Больш беражліва стала ставіцца да жыцця», – гаворыць Дзіяна.

Людзі збіраюцца на плошчы Пераменаў пасля паведамлення аб смерці Рамана Бандарэнкі. Менск, Беларусь. 12 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

У дэталях успамінае, як шукалі Рамана пасля таго, як яго выкралі «невядомыя». Як «абрывалі» тэлефоны міліцэйскага пастарунку, а потым – шпіталю хуткай дапамогі. Як паехалі туды, каб «адвезці Рому рэчы», бо калі ён у хірургіі, значыцца, у яго зламаная рука ці нага, і, вядома, яго адразу не выпішуць. Як раззлавалася, калі ў аддзяленні хірургіі паведамілі праз тэлефон, што «такі не паступаў». І як спужалася, калі дзяўчына ў рэгістратуры папрасіла прабачэння і параіла набіраць не хірургію, а – нейрахірургію…

«У мяне шок пасля ейных словаў. Затрэсліся рукі. Прашу хлопцаў званіць туды – сама не магу. Усе разумеюць, што такое нейрахірургія… Але калі троху ачулася, набрала сама. Не паспела нават імя Рамана назваць, дзяўчына мне: «Так, у нас». Пытаюся: «Што з ім?» «Ён на аперацыі, што з ім не ведаю, паступіў да нас непрытомны», – адказала. Параіла чакаць канца аперацыі…» – расказвае Дзіяна Каранкевіч.

Пасля, глыбокай ноччу, адшукалі кватэру, дзе жыў Раман Бандарэнка, дзверы адчыніла ягоная маці Алена… Днём 12 лістапада актывісты будуць трымаць з Аленай сувязь, жанчына будзе дасылаць са шпіталю інфармацыю пра стан здароўя Рамана. На жаль, несуцяшальную. Але надзея цеплілася да апошняга. Нават калі знаёмыя Дзіяны пісалі ёй, спасылаючыся на надзейную крыніцу ў шпіталі, што «Раман не жылец», бо яму «даюць адзін шанец з тысячы», то ягоная маці Алена пісала: «Дзіяна, у яго ёсць шанец, адзін з тысячы, але – ёсць…»

«І пастаянна прыходзіла інфармацыя што ён памёр, памёр, памёр… Я не рэагавала ўжо на гэта. Вельмі не хацелася верыць. Увечары з іншымі зноў сабраліся на плошчы. Я кажу: «Хто б якую веру ні меў, усе сілы накіруйце на тое, каб Рома выжыў». Але тут пазваніла мама і сказала, што Ромы больш няма…» – успамінае актывістка.

З Раманам Бандарэнкам Дзіяна Каранкевіч пазнаёмілася толькі ў 2020 годзе, калі пачаліся пратэсты і быў створаны чат «Плошча Пераменаў». Жанчына кажа, што было прыемна мець агульную справу з такім чалавекам. Але жыццё – вельмі крохкая рэч…

Сястра Рамана Бандарэнкі: Людзі нічога не забылі!

Са снежня 2021 года жыве ў Варшаве і стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі – дызайнерка адзення Вольга Кучарэнка. Жанчына зʼехала з Беларусі не таму, што баялася пераследу ці хацела ўцячы ад памяці, проста так склаліся сямейныя абставіны (фірму мужа рэлакавалі ў Польшчу).

Вольга Кучарэнка – стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі. Варшава, Польшча. 17 кастрычніка 2022 года.
Фота: Ганна Ільіна / Белсат

Вольга таксама возьме ўдзел у вечарыне памяці ў Музеі вольнай Беларусі. Памяць загінулага два гады таму брата ўшануе паказам новай аўтарскай калекцыі адзення. Дызайнерка прысвячае яе свайму брату. Прызнаецца, што акурат такім спосабам ёй лягчэй выказаць свае пачуцці і сказаць пра Рамана і пра тое, што дагэтуль адбываецца ў Беларусі. Частка калекцыі была прэзентаваная раней – напрыканцы жніўня на паказе арт-праекту «Яднанне».

«З водгукаў на паказ я зразумела, што атрымалася эмацыйна. Спачатку было ўсё светлае і чырвонае. А напрыканцы я выйшла ўся ў чорным – як мадэль, з чорным тэйпам на вуснах. То бок урэшце ўсё прыйшло да такой ​​даволі змрочнай тэмы. Тут я больш казала не пра Рому, а пра тое, што адбываецца ў нас у краіне. Бо зразумела: без гэтага кантэксту не можа быць і Ромавай гісторыі», – дзеліцца Вольга Кучарэнка.

Сястра Рамана Бандарэнкі прызнаецца, што і праз два гады канчаткова не прыняла страты брата («Псіхолагу, з якім цягам года ўжо займаюся, толькі адзін раз сказала пра Рому, а калі не падымаю гэтай тэмы, значыцца, не да канца прыняла гэта, цяжка…»).

Магчыма, кажа яна, прыручыць боль было б лягчэй, каб не той самы беларускі кантэкст.

«На ягоную смерць я гляджу менавіта праз прызму ўсяго, што адбываецца ў Беларусі. Часам здаецца, што калі ўсе ўдзельнікі забойства будуць пакараныя, то, магчыма, я супакоюся, і мяне не будзе гэта так раздзіраць ссярэдзіны. Але, магчыма, я памыляюся», – гаворыць Вольга Кучарэнка.

Даведка
Раману Бандарэнку споўнілася б сёлета 33 гады. Ён быў карэнным менчуком. Выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў. Служыў у войску. У апошнія дні перад смерцю звольніўся з пасады дырэктара крамы «Востраў чысціні». Хацеў аддацца мастацтву. Быў жанаты. У 2020 годзе браў актыўны ўдзел у дваравых імпрэзах на плошчы Пераменаў у Менску. Увечары 11 лістапада, быўшы ў двары, спрабаваў высветліць, навошта невядомыя людзі зразаюць бел-чырвона-белыя стужкі. Яго скруцілі і кінулі ў мікрааўтобус. 12 лістапада 2020 года стала вядома, што 31-гадовы Раман Бандарэнка памёр у рэанімацыі шпіталю хуткай дапамогі ў Менску. У верасні 2021 года следчыя ініцыятывы «ByPol» агучылі імёны меркаваных забойцаў Бандарэнкі, які пакуль не панеслі ніякага пакарання. Генпракуратура прыпыніла ў 2021 годзе расследаванне крымінальнай справы, заведзенай па факце забойства мужчыны.

Яна кажа, што не адсочвае перамяшчэнні і лёсы тых, хто ў дзень смерці Рамана прыехаў на плошчу Пераменаў зразаць стужкі і, імаверна, быў датычны да ягонага забойства. Але выказвае пэўнасць, што «гэтыя людзі не застаюцца без “нагляду”» з боку звычайных беларусаў, якім важна, каб забойцы і той, хто меў дачыненне да затрымання Рамана, панеслі ў будучым справядлівае пакаранне.

Вольга Кучарэнка гаворыць, што людзі нічога не забылі – хай і прайшло ўжо два гады. Не забылі і працягваюць падтрымваць сямʼю Рамана.

«Вялікая колькасць людзей нас падтрымоўвае. І ты разумееш, што з гэтым болем ты не сам-насам. Людзі памятаюць, і не толькі ў сэнсе дэкларатыўнага «я памятаю», але выказваюць свае думкі на гэты конт. Мільён разоў пісалі мне, і для мяне гэта важна. Бо адна справа, калі людзі пішуць адразу па здарэнні, на эмоцыях. Іншая справа – калі эмоцыі ўжо сцішыліся, праз некалькі гадоў. І новыя людзі, якія да гэтага не выказваліся, таксама цяпер пішуць», – дзеліцца сястра Рамана Бандарэнкі.

«У справе ўсё вельмі глуха»

«Мне грэе душу любы ўспамін пра майго брата. Любы каментар, любая зробленая праца ў памяць пра яго. І я бачу, што гэтая памяць да сёння не сціхае і не слабее, для мяне, для нас гэта вельмі важна», – дадае жанчына.

Для забойцаў жа Рамана і тых, хто пасля імітаваў расследаванне справы, важна гэтую памяць заглушыць.

«Так, у справе ўсё вельмі глуха. Я думаю, яны спецыяльна трымаюцца такой тактыкі, каб усё было ціхенька, каб ніякіх рухаў целам не рабілася ў дачыненні справы ці наагул чагось. Бо тады ўздымаецца медыйная хваля. Яны проста хочуць ціхенька займацца тымі справамі, якія для іх цяпер важныя, а вось гэта зусім заглушыць, таму што з усім наплывам інфармацыі і негатыву яны не даюць сабе рады», – кажа Вольга.

Сваякі загінулага будуць змагацца за праўду і памяць аб Раману і надалей («каб іх пілаваць»). Якія будуць рабіцца захады? Казаць пра іх Вольга асцерагаецца. Ведае, што за ейнымі акаўнтамі ў сацсетках сочаць і могуць выкарыстаць ейныя словы на сваю карысць – дык хай будзе нечаканкай.

«Абы грошай на ўсё хапіла, бо гэта праца адваката ў тым ліку. А калі пра энергетычныя рэсурсы, то ў цёці Лены, мамы Рамана, іх дастаткова», – зазначае сястра Рамана Бандарэнкі.

В Киеве прошла акция памяти погибшего Романа Бондаренко
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі адбылася ва ўкраінскай сталіцы каля амбасады Беларусі. Каля 50 чалавек прыйшлі ўшанаваць памяць загінулага і ўскласці кветкі да мемарыялу. Кіеў, Украіна. 12 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Вольга кажа, што было б вельмі добра, каб маці Рамана Алена ўзяла ўдзел у вечарыне памяці. Каб пабачыла, колькі людзей прысутнічае, каб пабачыла тых, хто прыйшоў успомніць і ўшанаваць памяць ейнага сына. І каб нарэшце – без аглядак і спробаў перашкодзіць. Без страху.

«Хоць я не скажу, што мы год таму баяліся. Не, мы бачылі гэтых людзей, якія стаялі ў кустах і назіралі за намі. На Радаўніцу наагул 15 мянтоў каля магілаў пасвілася. Загадалі ім, відаць, там і там стаяць. Я на іх ва ўпор паглядзела – адразу разбегліся: мы ціпа па квартале гуляем. Не, мы не баяліся, але, тым не менш, ты бачыш, што гэта адбываецца, гэта накладаецца на цябе», – гаворыць Вольга Кучарэнка.

Жанчына згадвае пра святара Уладзіслава Багамольнікава, які адпяваў Рамана ў 2020 годзе. Яму 28 кастрычніка пяты раз прысудзілі 15 содняў адміністратыўнага арышту (быў затрыманы напрыканцы жніўня). Успамінае палітвязня і актывіста плошчы Пераменаў Сцяпана Латыпава

«Ці ведзяце ў думках дыялог з Раманам? Што яму расказваеце?» – пытаемся.

«Я размаўляла з ім, напэўна, цягам года пасля здарэння. Апошнім часам – зрэдчас. Хіба ў самыя крытычныя моманты жыцця. Скарджуся, – смяецца, – ці дзялюся радасцю. Калі быў жывы, з ім можна было і пра асабістае пагутарыць. Але часцей за ўсё звярталася да яго па дапамогу, калі патрабавалася фізічная сіла, наагул – сіла. Дакладна ведала, што гэта першы чалавек, да якога я магу звярнуцца», – гаворыць Вольга.

«Быў моцны», – успамінае сястра Рамана Бандарэнкі. Ягонага святла і ягонай сілы цяпер бракуе.

«Але паўтару: падтрымка людзей велізарная. І я разумею, што Рома для мяне жывы да таго моманту, пакуль яго помняць», – падсумавала Вольга Кучарэнка.

Вечарына памяці Рамана Бандарэнкі пройдзе ў Варшаве 12 лістапада ў Музеі вольнай Беларусі (пачатак а 17:00). На ёй выступяць сваякі і сябры загінулага, будуць гучаць песні ў выкананні Алеся Дзянісава, адбудуцца мастацкія майстар-класы для дзяцей. Памяць пра Рамана Бандарэнку жыве, і яна светлая.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў