Як Лукашэнка хацеў стаць Эрдаганам, а стаў марыянеткаю Крамля


Пачалося з заявы раз’юшанага і загнанага ў кут дыктатара 26 траўня: маўляў, Беларусь спыняла наркотыкі і мігрантаў, а цяпер Еўропа сама іх будзе есці. Цяпер сталася найбуйнейшым міжнародным крызісам з удзелам нашае краіны ў сучаснай гісторыі. Па абодва бакі беларускай заходняй мяжы стаяць войскі, над мяжою дэманстрацыйна і цяпер ужо на рэгулярнай аснове лятаюць расейскія стратэгічныя бамбавальнікі, а Лукашэнка чакае еўрапейскай дэлегацыі, каб усё скончылася, як з іншым міграцыйным крызісам – у Турцыі шэсць гадоў таму. Ці дачакаецца?

На наступны дзень пасля адпраўкі зарганізаванага тысячнага натоўпу ўцекачоў на польскую мяжу Лукашэнка даў інтэрв’ю рэдактару расейскага часопісу «Национальная оборона» Ігару Каратчэнку. Там ён традыцыйна абвінаваціў у мігранцкім крызісе Польшчу, распавёў пра калоны польскіх танкаў, што вядуць вайну з уцекачамі, і патлумачыў сваю ўпэўненасць ва ўласнай беспакаранасці:

«Калі мы аступімся, то гэта адразу ж уцягне ў гэты водаварот Расею. А гэта найбуйнейшая ядравая дзяржава. Я не шалёны, я выдатна разумею, да чаго гэта можа прывесці».

Нібыта на падтрыманне гэтых пагрозаў у сераду два расейскія стратэгічныя бамбавальнікі Ту-22М3 праляцелі ўздоўж заходніх межаў нашае краіны. Беларускае Мінабароны заявіла, што такія авіяшпацыры будуць цяпер мець рэгулярны характар. Паводле ацэнак польскага боку, на мяжы толькі з гэтаю краінай у лагеры сабраліся 2–4 тысячы ўцекачоў. Яшчэ з дзесяць тысячаў, кажуць у Варшаве, застаюцца ў Беларусі, і іх толькі более. Пакуль Еўропа дэкларуе непахіснасць.

Шарль Мішэль, старшыня Еўрапейскай рады:

«Што датычыць будовы інфраструктуры дзеля абароны межаў: паводле ацэнкі легальнай службы Еўрапейскай рады, мы маем усе магчымасці і паўнамоцтвы прафінансаваць такія дзеянні. Такое рашэнне мусіць прыняць Еўракамісія, але нашае меркаванне на гэты конт пазітыўнае».

То бок Брусель саступаць не збіраецца, але і Лукашэнка з самога жніўня мінулага года не можа сабе дазволіць панізіць стаўкі. Таму ягоныя дэпутаты, у прыватнасці Алег Гайдукевіч, заклікаюць да перамоваў, але ні ў якім выпадку не ў палітычных пытаннях. А кіраўнік расейскай дыпламатыі раіць Еўропе знайсці выйсце, якое ўжо, маўляў, калісьці спрацавала.

Сяргей Лаўроў, міністр замежных справаў Расейскай Федэрацыі:

«А чаму, калі з Турцыі ішлі ўцекачы ў Еўразвяз, то Еўразвяз вылучыў фінансаванне, каб яны заставаліся на турэцкай тэрыторыі? Чаму нельга дапамагаць гэтак жа беларусам?»

Сапраўды, на першы погляд можна заўважыць падабенства сённяшняй сітуацыі да крызісу 2015 года. Пасля цэлага шэрагу ваенных канфліктаў на Блізкім Усходзе, ад аднаго да нават двух мільёнаў уцекачоў з ахопленых вайною Сірыі, Іраку, Емену, Лівіі ды шэрагу афрыканскіх краінаў абралі шлях па лепшае жыццё ў Еўропу праз Турцыю. Анкара фактычна шантажавала Брусель і нават спрыяла міграцыі, пакуль не атрымала ад Абʼяднанай Еўропы вялізныя – на гэты момант яны могуць сягаць нават дзясятка мільярдаў еўраў – сродкі, уласна дзеля ўтрымання лагераў уцекачоў.

Вітальд Рэпэтовіч, эксперт у пытаннях Блізкага Усходу, defence24.pl:

«З самога пачатку Лукашэнка браў прыклад з турэцкай сітуацыі ды разлічваў на тое, што атрымае тое ж, што і Эрдаган. Тады, акрамя грошай, Турцыя атрымала таксама і зялёнае святло на знішчэнне ўласнай апазіцыі ды курдаў. Тады там ішла крывавая пацыфікацыя курдскіх гарадоў і вёсак – разам з паленнем людзей жыўцом. І пра гэта марыць Лукашэнка: зялёнае святло на тэрор уласнага народу ад Еўразвязу».

ВІДЭА
Лукашэнка павялічвае міграцыйны прэсінг. Захад можа яго затрымаць? Інтэрв’ю з аналітыкам Марэкам Будзішам
2021.11.08 18:05

Але рознага ў гэтых дзвюх сітуацыяў куды болей, чым падобнага. І гаворка не толькі пра непараўнальны лік людзей, што ўцякалі з зонаў баявых дзеянняў у Турцыю, і падманутых беларускім рэжымам тысячы мігрантаў, што захраслі паміж польскімі і беларускімі сілавікамі. Турэцкі кіраўнік Рэджэп Эрдаган, хоць і ёсць безумоўна аўтарытарным лідарам, але ў свеце яго прызнаюць легітымным, і ён не запрашаў да сябе ўцекачоў ды не правакаваў крызісу ва ўласнай краіне. Сітуацыя ж на беларуска-еўрапейскай мяжы пакуль, хутчэй, палітычны, а не гуманітарны крызіс. Ці ўдаецца Лукашэнку ціснуць на Еўразвяз? Ці можна сказаць, што ён знайшоў слабое месца Бруселю?

«Гэта не слабасць, а зусім наадварот. Тады, у 2015 годзе, была слабая пазіцыя. Тады першапачаткова пастанавілі, што можна прапусціць некалькі тысячаў, а потым раптам тыя тысячы ператварыліся ў мільёны, і толькі тады Еўразвяз прачнуўся ды пабачыў, што гэта стварае вялізарныя праблемы. Між іншым, чым болей трапляла ў Еўропу, тым мацнейшымі рабіліся мясцовыя прарасейскія сілы», – мяркуе Вітальд Рэпэтовіч.

На гэты момант мроі Лукашэнкі пра тое, што хтосьці з заходніх палітыкаў сядзе з ім за стол перамоваў, мякка кажучы, прывідныя. У сераду пасля сустрэчы са Святланаю Ціханоўскаю канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель патэлефанавала Уладзіміру Пуціну з просьбаю… паўплываць на свайго хаўрусніка. Той пакуль меўся параіць ёй набраць нумар з кодам + 375. Размовы з Крамлём без удзелу беларускага боку могуць быць менавіта тым, чаго хоча Крэмль, мяркуе палітолаг Павел Усаў:

«Для Пуціна, як і для Лукашэнкі, мігранты ёсць інструментам уплыву на Еўропу, то для Пуціна акурат Лукашэнка і аўтарытарны рэжым ёсць інструментам уплыву на Еўропу – у большым маштабе. З мэтаю спыніць ізаляцыю Расеі, з мэтай увесці Расею і Пуціна ў сусветную палітыку».

Гэта азначае, што Еўропа мусіла б заплюшчыць вочы не толькі на дзеянні расейскіх спецслужбаў на яе тэрыторыі, але і на анексію Крыму ды расейскую агрэсію на Данбасе. Пакуль крызіс ля еўрапейскіх межаў не вырас да такіх памераў. Але мае ўсе магчымасці, мяркуе польскі эксперт.

Вітальд Рэпэтовіч, эксперт у пытаннях Блізкага Усходу, defence24.pl:

«Патэнцыял… Тут пачынаюцца палёты з Дамаску, з Бэйруту. Міграцыйны патэнцыял тут велізарны. Расея можа пачаць пускаць самалёты з Душанбэ, каб пусціць афганскіх уцекачоў. Там адкрыццё мяжы азначае, што праз тыдзень там будуць не тысячы, а дзясяткі тысячаў».

А што ж з Беларуссю? Якім чынам Уладзімір Пуцін мог бы развязаць праблему, якую распачаў Лукашэнка? Адказ на гэта даў на мінулым тыдні рэдактар выдання «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў, кажучы пра тое, што Расея, «падкрадаецца» да Беларусі, а на гэтым заява з ідэнтычнымі часовымі межамі прагучала ў эфіры «Russia Today». Каналу, які, як вынікае з яго ўласнага апісання, « знаёміць аўдыторыю з афіцыйным меркаваннем Расеі».

ВІДЭА
Генерал ЗША: «Расея павінна прымусіць Лукашэнку спыніцца»
2021.10.18 15:02

Антон Красоўскі, работнік тэлеканалу «Russia Today»:

«Аляксандру Лукашэнку, так сказаць, чалавеку, які прызвычаіўся ўспрымаць шэсць расейскіх вобласцяў як сваю ўласнасць, трэба з гэтым змірыцца. Гэта справа не хуткая, але мне падаецца, што ў 2023 годзе гэтая справа павінна завяршыцца поспехам».

Лукашэнка настолькі наіўны, што не разумее, што яго выкарыстоўваюць? Нават калі так і няма ніякай патаемнай дамовы з Крамлём, то гэтай асобе тое, што будзе праз год-два, цяпер не цікава. Яму б тыдзень пратрымацца. З апошніх прэзідэнцкіх выбараў далягляд планавання добра калі сягае тыдня-другога.

Усевалад Шлыкаў для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў