«Усё гэта – віна Лукашэнкі». Два дні на Падляшшы пасля інфармацыі пра магчымае закрыццё мяжы

Прэс-сакратар ураду Польшчы Пётр Мюлер распавёў у аўторак, 10 лістапада, парталу «Wirtualna Polska» пра магчымасць закрыць мяжу з Беларуссю ў сувязі з міграцыйным крызісам. Журналісты «Белсату» два дні назіралі за развіццём сітуацыі ў беспасярэдняй блізасці ад мяжы ды размаўлялі з мясцовымі жыхарамі, кіроўцамі фураў і прадстаўнікамі мясцовай улады, каб зразумець, што людзі мяркуюць пра стан надзвычайнага становішча ў Польшчы ды міграцыйны крызіс.

Стан надзвычайнага становішча на тэрыторыі шасці польскіх паветаў увялі 3 верасня 2021 года. Гэта першы такі выпадак за апошнія 40 гадоў. Каманда «Белсату» кіруецца ад Беластоку ў бок мяжы з Беларуссю, да якой – 50 км дарогі. Чым бліжэй да тэрыторыі, на якой дзеіць стан НС, тым менш відаць мінакоў і мясцовых жыхароў у мястэчках. Больш становіцца вайсковай тэхнікі, відавочна, задзеянай у ахове польскай мяжы. Фота: ЮШ / Белсат
Каб паразмаўляць з мясцовымі, з’язджаем з трасы і пачынаем шукаць ахвотных недалёка ад вёскі Ласосна Вялікая, што за 2 кіламетры ад месца, дзе пачынаецца тэрыторыя НС. Фота: ЮШ / Белсат
Першым, хто загаварыў з журналістамі, быў спадар Збігнеў, які працуе вакол і жыве ў суседняй вёсцы Волкуш. Паводле яго, мясцовыя напалоханыя прысутнасцю мігрантаў і таму сядзяць па дамах: «Цяпер іх [мігрантаў] не відаць, а яшчэ месяцы два таму хадзілі тут малымі групкамі па 2-3 чалавекі. Цяпер яны ходзяць у бок Крынак, там мяжа бліжэй». Фота: ЮШ / Белсат
Мужчына дадае, што ў горадзе Саколка, які да Ласосны Вялікай і Волкушу найбліжэй, мясцовыя пра мігрантаў амаль не гавораць. Сам спадар Збігнеў інфармацыю пра сітуацыю шукае ў інтэрнаце і «Фэйсбуку»: «А чаму вы мяркуеце, што я не маю старонкі! Бо стары? З медыяў жа нічога не даведаешся, журналістаў туды не пускаюць», – кажа ён і паказвае апошнія навіны на тэлефоне. Фота: ЮШ / Белсат
Да размовы далучаецца спадар Станіслаў, таксама жыхар вёскі Волкуш. Ён запрашае журналістаў «Белсату» на каву і хатнюю каўбасу, каб мы ведалі, што «палякі гасцінныя». Мужчына таксама распавядае, як з аднавяскоўцамі злавіў чацвярых мігрантаў два месяцы таму. Сцвярджае, што дапамог ім ежаю, але пасля патэлефанаваў у паліцыю. Фота: ЮШ / Белсат
На трасе, якая вядзе да памежнага пераходу Кузня – Брузгі, ля з’езду ў кірунку вёскі Кругляны, нас спыняе паліцыя. Яна правярае кожную машыну: спраўджае дакументы, глядзіць багажнік ці салон. Фота: ЮШ / Белсат
Аглядаюць таксама фуры. Беларускія кіроўцы з журналістамі «Белсату» размаўляць не хочуць. Адзін з іх жартуе, што яшчэ плануе вярнуцца дадому. Фота: ЮШ / Белсат
Цягам двух дзён мы неаднойчы пачуем, што стан надзвычайнага становішча значна ўскладніў жыццё людзей, чые дамы месцяцца ў той самай трохкіламетровай зоне, у якую могуць трапіць выключна яе жыхары і прадстаўнікі сілавых структураў. Большасць гаспадароў аўтамабіляў і не толькі тут некалькі разоў на дзень маюць пацвярджаць сваю асобу. Фота: ЮШ / Белсат
Але людзі сітуацыю разумеюць, некаторыя дзякуюць паліцыянтам падчас кантролю за іхную службу. Фота: ЮШ / Белсат
У той час, калі мясцовыя праязджаюць, немясцовых кіруюць на пункт пропуску ў Баброўніках: Кузніца прыпыніла пропуск. Разам з намі ля кардону працуюць некалькі групаў журналістаў, сярод якіх – калегі з Нямеччыны, Іспаніі ды Італіі. Польскія журналісты, чуючы, што мы з «Белсату», выказваюць салідарнасць і словы падтрымання ўсім беларусам, якія дасюль змагаюцца за вольнасць сваёй радзімы. Фота: ЮШ / Белсат
Наступнае месца, дзе нам удалося паразмаўляць з мясцовымі, – вёска Шудзялова. Гэта невялікае паселішча, дзе пастаянна размешчаная 16-я Паморская механізаваная дывізія. Таму першае, што кідаецца ў вочы, – вялікая колькасць вайскоўцаў і спецтэхнікі. Ля невялічкай крамы мужычкі «пад мухай» адразу пытаюць нас, ці мы таксама выпіваем, а пасля адзін з іх паведамляе, што месяцы два таму знайшоў у лесе чацвярых мігрантаў і выклікаў паліцыю. Тая знайшла яшчэ 11 чалавек. Фота: ЮШ / Белсат
За нашаю размоваю з мясцовымі сочаць некалькі вайскоўцаў, адначасова нешта праглядаючы ў тэлефоне. З журналістамі яны гаварыць не будуць, мы гэта добра ведаем, таму да іх нават не падыходзім. Але мужычкоў гэта не цікавіць. «Цяпер нас ахоўваюць яны. Вось, іх параспытвайце!» – крычыць нам адзін з мясцовых. Фота: ЮШ / Белсат
Прадавачка мясцовай крамы на размову не пагадзілася. «Што спадарства тут робіць? Я кліентаў абслугоўваю, не перашкаджайце мне працаваць», – крыкнула яна ў кірунку дзвярэй у адказ на просьбу пракаментаваць паведамленні, што людзі пачынаюць запасацца рэчамі першай неабходнасці і ежай. У празрыстых пакетах, з якімі з крамы выходзяць вайскоўцы, – хлеб, малако, яйкі, чыпсы, салодкае, часам фрукты. Фота: ЮШ / Белсат
Больш за 12 тысяч вайскоўцаў служаць цяпер ля польска-беларускай мяжы. Сярод іх прадстаўнікі тэрытарыяльных войскаў. З панядзелка, 8 лістапада, у стане «да неадкладнага з’яўлення» ў падраздзяленнях застаюцца каля 8 тысяч жаўнераў. Фота: ЮШ / Белсат
Мы рухаемся на поўдзень у кірунку вёскі Крынкі ў надзеі знайсці яшчэ кагосьці ахвотнага да размовы. На палях дзе-нідзе яшчэ відаць непрыбраную кукурузу, у якой тэарэтычна могуць знайсці часовы прытулак тыя з мігрантаў, якім удасца прарваць мяжу. Сонца амаль знікла за гарызонтам. Тэлефон сцвярджае, што на дварэ -1 градус. Фота: ЮШ / Белсат
Падчас вечаровага злучэння са студыяй «Белсату» наш калега Зміцер Міцкевіч адзначае, што ўвесь час мы працуем на тэрыторыі, на якую не распаўсюджаны стан надзвычайнага становішча. Дадаткова ў нас праверылі дакументы і ўпэўніліся, што мы сапраўды журналісты. За спінаю Змітра – вайсковая тэхніка 16-ай Паморскай механізаванай дывізіі, якая ў ратацыйным фармаце абараняе дзяржаўную мяжу Польшчы. Фота: ЮШ / Белсат
Пакуль Зміцер Міцкевіч адзначае, што сітуацыя дастаткова нервовая, а мясцовыя баяцца абвастрэння эскалацыі, да месца дыслакацыі дывізіі пад’яджае аўтобус з вайскоўцамі. Гледзячы на рэчы, з якімі яны выгружаюцца, з’яўляецца думка, што гэта група, якую ў Шудзялова накіравалі ў мэтах аховы мяжы. Фота: ЮШ / Белсат
Назіраючы за вайскоўцамі, прыгадваецца размова з яшчэ адным жыхаром вёскі Волкуш. «Гэта ўсё [міграцыйны крызіс] – віна Лукашэнкі. Яго даўно ўжо пара таго, ну, вы разумееце», – кажа мужчына. На думку большасці з тых, з кім мы размаўлялі і яшчэ будзем размаўляць падчас працы тут, менавіта Лукашэнка павінен адказваць за сітуацыю на мяжы. Некаторыя суразмоўцы лічаць, што да крызісу таксама мае дачыненне і Уладзімір Пуцін, бо менавіта ён гаманец Лукашэнкі. Фота: ЮШ / Белсат
Вечар, які нашая каманда скончыла трыма ўключэннямі ў жывым эфіры «Белсату», для вайскоўцаў, якія літаральна гадзіну таму толькі прыехалі ў Шудзялова, відавочна працягнецца працаю на мяжы. Каля 19:20 яны групамі грузяцца ў машыны і накіроўваюцца на ўсход. Фота: ЮШ / Белсат
Амаль усе мясцовыя, з якімі мы размаўлялі, казалі, што разумеюць людзей, якія бягуць ад вайны і цяпер спяць амаль на голай зямлі ў лесе. Напрыклад старшыня мусульманскай грамады ў Багоніках Мацей Шчансновіч прапанаваў дапамогу ў арганізацыі пахавання ўцекачоў, знойдзеных мёртвымі ў прымежных лясах. Спадар Януш, імам гміны Крушыняны (на здымку), акрэсліў такую дапамагу як «абавязак кожнага мусульманіна». Таксама ён адзначыў, што амаль штодзень атрымлівае тэлефоны ад прадстаўнікоў дабрачынных і валанцёрскіх аб’яднанняў з пытаннямі аб дапамозе. Большасць з іх датычаць дазволенай ежы для тых, хто вызнае іслам. Фота: ЮШ / Белсат
Паліцэйскі кардон, які мы сустрэлі ў наступны дзень на трасе ў ваколіцах Крынак, не дазволіў паназіраць за яго працай зблізку. Пакуль шукалі месца, дзе можам працаваць, не парушаючы правілаў дарожнага руху, нас некалькі разоў абмінула вайсковая тэхніка. Фота: ЮШ / Белсат
Сярод іншага быў таксама бронетранспарцёр. Імаверна, што прысутнасць цяжкой тэхнікі абумоўленая грунтоўнай падрыхтоўкай польскага войска да аховы дзяржаўнай мяжы. Фота: ЮШ / Белсат
Таксама ў ваколіцах Крынак мы заўважылі верталёт. Фота: ЮШ / Белсат
У Шудзялове акрамя 16-й Паморскай механізаванай дывізіі застаюцца жаўнеры з 12-й механізаванай брыгады. На адным з выездаў з вёскі, праз якую мы зноў праязджаем, разбіты лагер. Відаць намёты і калючы дрот. Фота: ЮШ / Белсат
З’яўленне журналістаў не застаецца незаўважаным, хоць мы і на тэрыторыі вёскі. Некаторыя вайсковыя незадаволена каментуюць нашую прысутнасць, хтосьці здымае нашую машыну з беларускімі нумарамі на тэлефон, хтосьці робіць гучней музыку. З намёту да нас далятае рэфрэн песні: «O Polska! O Polska». Фота: ЮШ / Белсат
Салдаты і вайсковая тэхніка – ландшафт рэгіёну, які нават на другі дзень робіць моцнае ўражанне і бʼе па вачах. Мясцовыя, здаецца, не зважаючы на страх абвастрэння эскалацыі, ужо не звяртаюць увагу на войска. Дзеці нават вітаюць тэхніку, махаючы вайскоўцам на вуліцы. Фота: ЮШ / Белсат
Паводле Тадэўша Такарэвіча, войта гміны Шудзялова (злева), людзі хвалююцца, таму увечары і ўночы намагаюцца не выходзіць з дому. Аднак, падкрэсліў войт, мястэчка не на тэрыторыі НС, таму неабходнасці спыняць школьныя заняткі праз сітуацыю з мігрантамі няма. З ім згодны дырэктар мясцовай школы, дадае Такарэвіч. Фота: ЮШ / Белсат
Шудзялова месціцца прыкладна за 16 кіламетраў на паўднёва-ўсход ад Саколкі і за 40 на паўночна-ўсход ад Беластоку. Да Крынак, дзе мігранты прарвалі плот у ноч на 10 лістапада, – каля 10 кіламетраў. Да Белавежы, дзе прарыў адбыўся ў ноч на 12 лістапада, – каля 102 кіламетры. Кантакты ж з Беларуссю, да якой тут прыкладна 12 кіламетраў, практычна спыніліся, кажа войт. Фота: ЮШ / Белсат
Пасля размовы з войтам, да якога мы проста з вуліцы зайшлі ў кабінет без папярэдняй дамовы на сустрэчу, кіруемся да памежнага пераходу Баброўнікі. Тут ля знаку 16 кіламетраў нас сустракае велічэзны корак з фурамі з беларускімі, польскімі і расейскімі нумарамі пераважна. Гэтая сітуацыя – вынік закрыцця памежнага руху ў Кузніцы. Фота: ЮШ / Белсат
Кіроўца Дзімон на расейскіх нумарах і з беларускім сцягам на лабавым шкле на корак рэагуе спакойна: гэты час яму аплочваецца, таму без розніцы – стаяць ці ехаць. Гэтакі падыход маюць амаль усе кіроўцы, якія атрымаюць за прастой грошы. Многія з іх зрабілі салідны запас ежы і вады. Фота: ЮШ / Белсат
Самыя дасведчаныя дальнабойнікі запасліся не толькі ежай, а і зарганізавалі месца, дзе можна прыгатаваць вячэру. Фота: ЮШ / Белсат
Фота: ЮШ / Белсат
Анатоль кіроўцам працуе ўжо шмат гадоў, таму дзеліцца з намі гісторыямі з жыцця дальнабойнікаў з 1990-х гадоў, калі ў рэйсы акрамя тавару бралі яшчэ дадатковыя грошы на хабары. Цяпер, паводле мужчыны, час змяніўся: у Расею ездзіць стала больш прыемна, чым у Еўропу. Фота: ЮШ / Белсат
Пакуль разглядаем месца, праз якое невядомыя ў адным з рэйсаў цікавіліся таварам у фуры, кіроўца распавядае, што нейкі час таму назад бачыў групу мігрантаў у гэтых ваколіцах. Апранутыя былі «паводле надвор’я», але на тварах мелі маскі, самі мокрыя. Хто пра іх паведаміў у паліцыю, Анатоль не ведае. «Яны ж тут лятаюць, дык пад’ехалі [паліцыянты], забралі і павязлі», – падсумоўвае мужчына.
Сонца сядае, час ад часу фуры прасоўваюцца наперад. Мы рухаемся ў бок Шудзялова, корак здаецца бясконцым. Толькі ў ваколіцах вёскі Сафіпаль мы апынаемся на «чыстай» дарозе. Гэта прыкладна за 28 кіламетраў ад памежнага пераходу Баброўнікі. У галаве гучаць словы аднаго з кіроўцаў: «Сем гадоў працую, але ў такім корку стаю першы раз». Фота: ЮШ / Белсат

Тэкст – Саша Альтэр, фота – ЮШ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны