У Радзе Бяспекі ААН назвалі рэжым Лукашэнкі «пагрозай рэгіянальнай стабільнасці»


Па выніках паседжання Рады Бяспекі ААН ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя і яшчэ шэраг еўрапейскіх краінаў апублікавалі сумесную заяву наконт міграцыйнага крызісу, у якой асуджаюць дзеянні афіцыйнага Менску і заклікаюць да санкцыяў.

Заява была зроблена ад імя чальцоў Рады Бяспекі: ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Эстоніі, Нарвегіі, Албаніі, Ірландыі.

Гэтыя краіны асуджаюць выкарыстанне мігрантаў у палітычных інтарэсах афіцыйнага Менску з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі на вонкавых межах суседніх дзяржаваў і адцягнення ўвагі ад парушэнняў правоў чалавека ўнутры Беларусі.

Чальцы Рады Бяспекі лічаць такія дзеянні непрымальным і патрабуюць прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці.

«Рэжым Лукашэнкі стаў пагрозай рэгіянальнай стабільнасці. Мы заклікаем беларускія ўлады спыніць гэтыя бесчалавечныя дзеянні і не падвяргаць рызыцы жыцця людзей», – падкрэсліваецца ў заяве.

Чальцы Рады Бяспекі выказваюць салідарнасць з Польшчай і Літвой і падкрэсліваюць, што гатовыя абмеркаваць далейшыя захады супраць рэжыму Лукашэнкі і тых, хто спрыяе міграцыйнаму крызісу.

РР belsat.eu

Стужка навінаў