Стала вядома пра галадоўку яшчэ адной «палітычнай» камеры на Акрэсціна


Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што мужчынская «палітычная» камера №13 у Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна абвяшчала галадоўку праз жудасныя ўмовы ўтрымання.

Былы арыштант, які вызваліўся на днях, распавёў, што ў канцы кастрычніка мужчынская «палітычная» камера № 13 абвяшчала галадоўку, каб адстаяць нармальныя ўмовы ўтрымання. І яны дамагліся гэтага.

У чатырохмясцовых камерах утрымліваюцца прыблізна па 16 чалавек. Часам у камеру да «палітычных» закідваюць бяздомных людзей, на падлогу выліваюць хлорку. Перадачы не даходзілі, а лекі сталі браць не ўсе.

Як адзначае мужчына, па жорсткаму стаўленню да арыштантаў у ЦІП асабліва праявілі сябе медык, раздатчыца ежы і яшчэ адна ахоўніца.

«У адной маленькай камеры не адчынялася акно. А калі сядзіць 16 мужыкоў, то па сценах цячэ кандэнсат і ад недахопу кіслароду баліць галава. Мы прасілі раздатчыцу ежы не зачыняць кармушку, каб хоць крыху паступала паветра. Але яна зачыняла кармушку і казала: «Дыхаць трэба было дома, мразі».

Таксама мужчына распавядае пра жорсткае стаўленне адной медработніцы:

«Хаміць, з раніцы некалькі разоў выкідала таблеткі, адзін раз выкінула ўсе спрэі для носа – каля 20 флаконаў. Адзін раз яна ўстала не з той нагі і вырашыла пакараць усю камеру, не выдаўшы лекі, нягледзячы на тое, што ў камеры было пару гіпертонікаў, адзін чалавек з адбітымі ныркамі і адзін дыябетык».

Арыштант распавёў, што, калі ў камеру №13 закінулі бяздомнага чалавека, то яны ўсёй камерай з 20 кастрычніка абвясцілі галадоўку і праз двое сутак адміністрацыя здалася і забрала бяздомнага. Па словах мужчыны, у сённяшніх умовах галадоўка ў беларускіх ізалятарах – адзіны спосаб абароны сваіх правоў.

Артыкулы
Катуюць за скаргі. Што вядома пра камеру № 15 на Акрэсціна, дзе 10 жанчын абвясцілі галадоўку
2021.11.05 12:01

Раней паведамлялася, што камера №15 у ЦІП на Акрэсціна з вечара 3 лістапада абвесціла галадоўку. У гэтай двухмясцовай камеры трымалі дзесяць жанчын, у тым ліку журналістку Ірыну Слаўнікаву.

РР belsat.eu

Стужка навінаў