«Незалежная журналістыка праб’ецца скрозь асфальт». 20 гадоў таму ўлады закрылі газету «Пагоня»


Знішчэнне незалежных медыяў і зачыстка інфармацыйнай прасторы ў Беларусі – з’ява не новая. Мэтанакіраваны ціснуць на свабоду слова і незалежную журналістыку пачалі яшчэ ў канцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў, калі рэжым Лукашэнкі адчуў сваю моц. Адкат рэпрэсіяў пачаўся з Гарадзеншчыны. 12 лістапада спаўняецца 20 гадоў з дня закрыцця легендарнай гарадзенскай газеты «Пагоня» – аднаго з першых незалежных беларускіх выданняў, што зрабілася сімвалам эпохі ды пакалення, якое сталела ў 90-ыя гады і бачыла сваёй будучыняй незалежную Беларусь.

Нулявы нумар «Пагоні», які стаў пачаткам больш як 10-гадовай гісторыі газеты, выйшаў 25 сакавіка 1992 года. Здарылася гэта ў час, калі журналістыка пачала займаць належнае месца ў грамадстве, калі дзякуючы журналістам развязваліся кардынальныя пытанні ды медыі маглі шмат на што ўплываць.

Некалькі нумароў газеты «Пагоня» можна знайсці на старонцы інтэрнэт-аўкцыёну «Мяшок». Крыніца: meshok.net

«Пагоня» пачалася з таго, што некалькі прафесійных журналістаў паспрабавалі зрабіць газету. Першым рэдактарам, да лістапада 1993 года, быў вядомы гарадзенскі пісьменнік і журналіст Сяргей Астраўцоў. Да гэтага ён працаваў у савецкай абласной газеце «Гродзенская праўда».

«Тады работа журналістам была нецікавая і нудная, а да таго ж даводзілася пісаць артыкулы за нейкіх рабочых, каб забяспечыць ленінскі прынцып масавасці савецкага друку. Быў такі паказнік месячнага плану, што ты павінен напісаць некалькі тэкстаў пад чужым прозвішчам за кагосьці, каб у газеце мільгацелі прозвішчы розных рабацяг, начальнікаў, брыгадзіраў. Каб паказаць, што гэта не журналісты пішуць газету – хто яны ўвогуле такія? – а народ піша газету сам для сябе. Ці розныя сходы – прафсаюзныя, журналісцкай арганізацыі, партыйныя. Не зважаючы на тое, што мы, маладзейшыя, не належалі да КПСС, мы ўсё роўна павінны былі сядзець на гэтых партыйных сходах. Усё змянілася ў 1990-х, калі пачала стварацца сапраўдная гісторыя. Стала вальней, з’явіліся і цікавыя тэмы. Стала значна больш магчымасцяў для творчасці. Неўзабаве ты мог пісаць пра што хочаш, усё залежала ад цябе. Хацелася зафіксаваць прыкметы часу, падзеяў, таго, што адбывалася. Такія рэчы не паўтараюцца ў жыцці, калі ты нават баяўся марыць пра падобнае развіццё падзеяў, выходзіш на Савецкую вуліцу, а там над выканкамам вісіць бел-чырвона-белы сцяг», – згадвае Сяргей Астраўцоў.

Паводле спадара Астраўцова, стваралі «Пагоню» на пустым месцы. Знайсці людзей, стварыць каманду, распрацаваць макет, прыдумаць тэматыку, каб газета адрознівалася ад раёнак. Першаю цяжкасцю было знайсці людзей, якія б маглі пісаць не па-савецку. Але тады наагул не было людзей з журналісцкай адукацыяй і досведам працы ў рэдакцыі. Будучыя журналісты вучыліся проста падчас працы.

«У кабінеце Мішы Карневіча [гарадзенскі журналіст, сёння – карэспандэнт «Народнай Волі». – Заўвага Belsat.eu], які тады працаваў карэктарам «Шчучынскай газеты», стаяла дабітая друкавальная машынка. Будучыя геніі газеты «Пагоня» пісалі свае навіны для першага нумару, а друкавала іх я. Ніхто не ведаў, што з гэтага выйдзе, але ўсе былі ўпэўненыя, што атрымаецца нешта надзвычайнае, у тысячу разоў лепшае за ўсе гэтыя «Гродзенскія праўды» і ўсе абласныя газеты разам узятыя. У «Пагоні» была дакладна вызначанаю тэматыка, выразная пазіцыя, выключна беларуская мова», – згадвае Алена Раўбецкая, былая рэдактарка незалежнай гарадзенскай газеты «Біржа інфармацыі», якую закрылі праз «абразы прэзідэнта» ў 2004 годзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына чытае апазіцыйную газету каля імправізаванага лагера ў цэнтры Менску 23 сакавіка 2006 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

Паводле спадарыні Раўбецкай, у той час яны адчувалі шалёны духоўны ўздым:

«Мы былі абсалютна перакананыя, што наперадзе ў нас толькі светлая будучыня. Была змеценая савецкая агромністая махіна з яе механізмамі прыгнёту асобы, немагчымасцю рэалізаваць сябе людзям справы. Нам можна было выказвацца не на кухні ды не стаяць з талонамі ў чарзе па кавалак мыла. Мы адчувалі сябе абсалютная свабоднымі людзьмі. Нам падавалася, што менавіта свабода можа пабудаваць шчаслівае грамадства. Гэта была такая выдатная думка, што прамяняць яе на нешта іншае было немагчыма. Тым больш мы былі вельмі маладымі».

З цягам часу «Пагоня» расла і развівалася, як жывы арганізм, і хутка стала сапраўдным інструментам уплыву, інфармавання ды фармавання грамадскай думкі. Газета, якая пачыналася як заходнебеларускі рэгіянальны агляд, хутка стала агульнанацыянальнаю грамадска-палітычнаю газетаю з накладам 17 тысяч асобнікаў у найлепшы час.

Заснавальнік і галоўны рэдактар «Пагоні», былы дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання Мікола Маркевіч у адным са сваіх інтэрв’ю адзначае, што газета паўстала як выражэнне памкненняў тысяч асобаў: у той час былі людзі, зацікаўленыя ў аб’ектыўнай незалежнай інфармацыі, якія хацелі, каб гэта было па-беларуску, былі кадры, якія маглі рабіць якасную журналістыку.

«Пагоня», як і іншыя ўдалыя ініцыятывы, мела тысячы розных падставаў, каб з’явіцца, і тысячы розных выяваў ды формаў, у якіх яна выяўлялася. Гэтым яна і была цікавая. Яна была ангажаваная, аб’ектыўная, інфармавала і будзіла грамадскую думку. І была рупарам для пэўнага кола людзей, якія бачылі свет беларускімі вачыма, праз прызму таго, што гэта нашая краіна, нашая мова і культура, і што мы будзем бачыць нашую Беларусь такой, якою мы пабудуем яе цяпер. Спачатку, можа быць, на словах, у артыкулах, потым у нейкіх справах. А потым гэта была б дзяржава. Гэты шлях, як мне падаецца, аказаўся паспяховым», – кажа Мікола Маркевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міліцыянты ахоўваюць затрыманы грузавік, загружаны газетамі апазіцыйнай партыі, прысвечанымі прэзідэнцкім выбарам у Менску, 17 сакавіка 2006 года. Кіраўнік службы бяспекі Беларусі Сцяпан Сухарэнка заявіў, што беларуская апазіцыя выкарыстоўвае заяўку Лукашэнкі на перавыбранне ў якасці шырмы для падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту, а пратэсты будуць разглядацца як «тэрарызм».
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

За часоў існавання рэдакцыя газеты месцілася ў асноўным паводле двух адрасоў: Дамініканская 1 і Карла Маркса 11. Але, як згадвае Мікола Маркевіч, быў час, калі некалькі нумароў журналісты стварылі на вуліцы, на каленях. «Пагоню» часта пазбаўлялі памяшкання, па Горадні можна налічыць не менш за 8 адрасоў, дзе рабілася газета.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года «Пагоня» актыўна падтрымала Зянона Пазняка і востра крытыкавала Лукашэнку. Газета друкавала даволі вострыя крытычныя матэрыялы. Напрыклад, першаю надрукавала антыкарупцыйны даклад дэпутата Вярхоўнага Савету ХІІ склікання Сяргея Антончыка, у той час калі іншыя газеты выходзілі з белымі плямамі. «Пагоня» друкуе таксама ананімны працяг «Лукі Мудзішчава» і вытрымкі з інтэрв’ю Лукашэнкі нямецкай газеце «Handelsblatt», дзе ён пазітыўна адгукаецца пра Гітлера.

У 2000-х Гарадзеншчыну свабодныя журналісты ахрысцілі зонаю рызыкі, дзе адбывалася зачыстка інфармацыйнага поля ад «няправільных выданняў». Пачаўся ціск на СМІ, закрываліся незалежныя газеты.

У 2001 годзе «Пагоня» шырока асвятляе прэзідэнцкую выбарчую кампанію, і зноў была не на баку Лукашэнкі. Адбылася расправа. Супраць Міколы Маркевіча і журналіста выдання Паўла Мажэйкі распачалі крымінальную справу «за паклёп на прэзідэнта». Быў арыштаваны ўвесь наклад № 37, затым – рахунак і маёмасць рэдакцыі. А 12 лістапада 2001 года Найвышэйшы гаспадарчы суд Беларусі зачыніў газету.

Паляванне ўладаў на незалежных журналістаў завяршылася тады пазбаўленнем волі Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі. Такім чынам газета «Пагоня» ўвайшла ў гісторыю Беларусі як СМІ, журналісты якога былі ўпершыню асуджаныя за паклёп на прэзідэнта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прыхільнікі беларускай апазіцыі публічна чыталі апазіцыйную газету «Наша ніва» у цэнтры Менску 28 красавіка 2006 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Гэта гісторыя выклікала вялізную хвалю журналісцкай салідарнасці. Журналісты з іншых выданняў, калі пабачылі, што ідзе татальнае знішчэнне «Пагоні», робіцца ўсё, каб замаўчаць гэтую неабвешчаную вайну і забойства газеты, ладзілі па горадзе лятучыя пікеты, акцыі, хадзілі на суды. Тады салідарнасць была інструментам, які сапраўды працаваў.

«У той час я не меў ніякага дачынення да журналістыкі, але журналістамі былі мае сябры і знаёмыя, – згадвае журналіст і музыка Алесь Дзянісаў. – Была такая арганізацыя, «Разам», мы першыя, хто выйшаў да аблвыканкаму дзеля абароны газеты «Пагоня», пасля былі акцыі салідарнасці каля судоў. Самая цікавая акцыя была, калі мы зрабілі вялізную чорную труну і правялі шэсце па вуліцы Чапаева, цяпер Васілька. Гэтую труну прынеслі да абласнога суда, дзе была апеляцыя ў «справе «Пагоні». Мы адчувалі сваю адказнасць за тое, што адбываецца. Бо калі не мы, то хто?»

«Тады ва ўладаў былі свае задачы: яны адпрацоўвалі механізмы здушэння і кантролю над свабодаю слова. Адсутнасць жа «Пагоні» таксама нейкім чынам паўплывала на грамадскую сітуацыю ў Горадні. Але, на мой погляд, у той час улада дасягнула адваротнага выніку. Бо такога яднання і салідарнасці я не бачыў пазней, напрыклад, падчас працэсаў, калі знішчалі іншыя газеты, больш вядомыя: газету «Рабочы» ў Менску, тое, што засталося ад газеты майго сябра Ігара Герменчука «Свабода», – кажа Мікола Маркевіч.

На думку спадара Маркевіча, куды б не пайшла журналістыка, яна павінна будзе адказваць на самыя балючыя пытанні і праблемы таго часу, у якім яна жыве. Гэтак, як калісьці рабіла «Пагоня».

«Пры першым зручным моманце беларушчына і незалежная журналістыка праб’ецца скрозь асфальт. Гэта закон жыцця. Ніякі жандар, ніякая турма, ніякія драконаўскія законы не здолеюць гэтаму нічога супрацьпаставіць», – перакананы Мікола Маркевіч.

СП, belsat.eu

 

Стужка навінаў