«Мы не дазволім сябе запалохаць». У Еўразвязе адказалі на пагрозы Лукашэнкі перакрыць газ


Участак газаправоду Ямал – Еўропа ў раёна Нясвіжа. Фота – Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Еўразвяз прапануе не ўспрымаць сур’ёзна пагрозу Аляксандра Лукашэнку перакрыць транзіт расейскага газу ў Еўропу. Пра гэта на брыфінгу 12 лістапада заявіў прадстаўнік вонкавапалітычнай службы ЕЗ Пэтэр Стана.

«Не варта ўспрымаць сурʼёзна заявы Лукашэнкі і спекуляваць, што можа ці не можа адбыцца, бо гэта толькі ўзмацняе яго прапаганду», – заявіў Стана.

На яго думку, Лукашэнка наўрад ці пойдзе на такі крок, які «пашкодзіць народу Беларусі, пашкодзіць іміджу Беларусі, і гэта пашкодзіць пастаўшчыку газу [Расеі. – Рэд. Belsat.eu]».

Пры гэтым афіцыйная прадстаўніца Еўракамісіі Дана Спінант назвала адключэнне Беларуссю краін Еўразвязу ад расейскага газу гэтай зімой «асабліва гіпатэтычнай магчымасцю» і прапанавала «не спекуляваць на гэтую тэму».

«Газ – гэта важны рэсурс, ён не павінен станавіцца новым інструментам гібрыдных нападаў. Мы бачылі гэтыя пагрозы і мы не дазволім сябе запалохаць», – падкрэсліла Спінат.

Hавiны
У Крамлі адмежаваліся ад газавых пагрозаў Лукашэнкі
2021.11.12 13:35

Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка правёў 11 лістапада нараду з кіраўніцтвам Савету міністраў. Ён абураўся з нагоды будучых санкцыяў Еўразвязу і прыгразіў закрыць транзіт прыроднага газу з Расеі праз Беларусь у Еўропу.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў падкрэсліў, што заява Лукашэнкі не ўзгаднялася з Крамлём. Ён заявіў, што Расея застаецца надзейным пастаўшчыком энергарэсурсаў у Еўропу незалежна ад дзеянняў Беларусі.

Hавiны
Лукашэнка прыгразіў спыніць пастаўкі газу ў Еўропу, запрасіць расейскія бамбавальнікі
2021.11.11 13:42

МГ belsat.eu

Стужка навінаў