СК пра рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў-2020: Рана казаць, што мы падыходзім да нейкага фінішу

Старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гора сказаў, што ледзь не кожны дзень СК распачынае крымінальныя справы супраць удзельнікаў пратэстаў 2020 года.

«Ёсць пэўны паток крымінальных справаў, якія ўзбуджаюцца ледзь не штодня, – у адносінах асобаў, якія бралі ўдзел у «масавых беспарадках». Яны высвятляюцца кожны дзень. Аб тым, што мы падыходзім да нейкага фінішу, гаварыць рана. Гэтую работу мы будзем працягваць», – цытуе Дзмітрыя Гору БелТА.

Паводле кіраўніка СК, апошнім часам адным з важных напрамкаў у рабоце праваахоўнікаў стала барацьба з «экстрэмісцкімі праявамі» (нагадаем, словы «экстрэмізм» і «дэструктыўная дзейнасць» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі цяпер выкарыстоўваюць для абазначэння любой праявы пратэставых настрояў і іншадумства). Гора кажа, што расследаванне такіх крымінальных справаў сёння ідзе планамерна і сістэматызавана, большы акцэнт – на аналітыку.

«Мы бачым тыя працэсы, якія не бачылі яшчэ паўгода-год таму. Мы збіраем даныя і выходзім на больш буйныя, дэталёвыя схемы супрацьпраўнай дзейнасці», – заявіў старшыня Следчага камітэта.

  • Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Цягам года ўва ўсёй краіне былі распачатыя больш за 5000 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На дзень 12 лістапада 846 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі.
  • З лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, каля 35 000 чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Згодна з рознымі ацэнкамі, у выніку палітыкі дзяржаўнага тэрору загінулі ад 4 да 20 асобаў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы іншадумцаў да адказнасці нікога не прыцягнулі.

РР belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны