«Дзіцячая пляцоўка стала мемарыялам». Жыхар плошчы Пераменаў пра двор, суседзяў і Рамана


Фота: Яўген Атцецкі

Плошча Пераменаў – сімвалічная назва двара ў раёне вуліц Сморгаўскі тракт i Чарвякова. Сваю назву двор атрымаў пасля таго, як тут з’явіўся мурал з выявай «дыджэяў пераменаў». Жыхары дамоў пачалі праводзіць дваровыя канцэрты і мерапрыемствы. Пра тое, як тут усё пачыналася і скончылася, з belsat.eu падзяліўся Яўген – фатограф і жыхар плошчы Пераменаў.

Упершыню незвычайнасць месца, у якім жыву, адчуў у дзень мітынгу Святланы Ціханоўскай на плошчы Бангалор 30 чэрвеня 2020 года. Менавіта тады, па маіх адчуваннях, людзі пачалі вывешваць сцягі ў вокнах, а мая жонка Юля заўважыла: здаецца, што ў кожнага другога беларуса бчб прыхаваны пад падушкай.

Артыкулы
Плошча Пераменаў. Год пасля смерці Рамана Бандарэнкі
2021.11.12 02:50

Пасля выбараў паўстала велізарнае напружанне: усе разумелі, што адбываецца нешта жудаснае, але не ведалі, што рабіць. Пачаліся пераклічкі з вокнаў, свячэнне ліхтарыкамі. Пачаліся яны і тут, у месцы, якое некалькімі тыднямі пасля назавуць плошчай Пераменаў. Эмацыйна гэта я лічу пачаткам нараджэння дваровай супольнасці.

Фота: Яўген Атцецкі

На мой погляд, дваровы рух – галоўная падзея 2020. Ганаруся, што жыў у месцы, якое на доўгі час стала трэндмейкерам у гэтым працэсе. Назіранні суправаджаліся пачуццём захаплення. Менавіта так і павінна працаваць самаарганізацыя! З нізоў, праз жывыя знаёмствы, праз наладжванне сувязяў.

Хто былі гэтыя людзі? У актыўнасці двара ўдзельнічалі ўсе пласты насельніцтва ўсіх узростаў. Былі і мужчыны, і жанчыны, людзі розных рэлігійных поглядаў і палітычных перакананняў.

20 жніўня я прыйшоў вечарам у двор са штатывам. Людзі з БЧБ сцягамі круціліся на каруселі і крычалі «Жыве Беларусь!». З кватэр ім адказвалі «Жыве вечна!». Тады ж я трапіў у мясцовы чат. Галоўнай тэмай гутарак была, вядома, палітыка.

Фота: Яўген Атцецкі
Фота: Яўген Атцецкі

Калі я пачаў здымаць у двары, хтосьці спусціўся з дому і спытаў: ці не з тэлебачання я? Так працуе магія штатыва. Не, я не з тэлебачання.

1 верасня чарговым разам знішчылі мурал. Гэта была ўжо трэцця зафарбоўка. Тады адмываць малюнак выйшаў увесь двор. Спатрэбілася хвілін 20, каб аднавіць дыджэяў і прыбраць за сабой. Было адчуванне перамогі, а таксама ўстойлівая ўпэўненасць, што яны яшчэ вернуцца.

Фота: Яўген Атцецкі
Фота: Яўген Атцецкі

Да гэтага моманту кожны вечар у двары нагадваў міні-фестываль. Людзі прыходзілі з пачастункамі, з гарбатай, спявалі песні, свяцілі ліхтарыкамі і, галоўнае, знаёміліся і размаўлялі.

Некаторыя госці ехалі з іншых канцоў горада. Вельмі хутка двор з дыджэямі стаў гарадской славутасцю.

Фота: Яўген Атцецкі

У гэты ж вечар жыхары двара рэалізавалі яшчэ два пачынанні: павесілі таблічку з назвай «плошча Пераменаў», упрыгожылі плот бел-чырвона-белымі стужкамі. Першае ўпрыгожванне было самым прыгожым: стужкі былі вельмі доўгімі і шаўкавістымі. Становішся ля плота і яны цябе ахінаюць на ветры.

ВІДЭА
Як праходзіла спецаперацыя на плошчы Пераменаў. Відэа з дронаў сілавікоў
2021.08.05 12:18

Вельмі хутка плошча Пераменаў стала месцам збору перад нядзельнымі маршамі. Кожную нядзелю – эмацыйныя горкі. Трывога, калі ідзеш у лакальнай калоне (але як прыемна бачыць столькі аднадумцаў са свайго раёна!). Потым палёгку, калі ўліваешся ў вялізны бел-чырвона-белы струмень. Потым зноў трывога – аддзяленне ад калоны і вяртанне дадому. Тым не менш, у большасці выпадкаў нядзеля была шчаслівым днём, калі можна пабачыцца з блізкімі і пагуляць па горадзе. Мая любімая прагулка была з плошчы Пераменаў да Уманскай. Па адчуваннях прайшлі кіламетраў 15. Назад набіўся БЧБ аўтобус і ўсе дружна крычалі «Жыве Беларусь!»

Фота: Яўген Атцецкі

На маршах, дзякуючы ініцыятывам у дварах, я па-новаму ўбачыў творчы і крэатыўны патэнцыял беларусаў. Гэта было падобна на цуд: плакаты, касцюмы, сцягі. Адной з самых вядомых акцый на ПП быў бел-чырвона-белы сцяг паміж дамамі. Асабліва выразна ён выглядаў на фоне заходу. Яшчэ ў канцы жніўня-пачатку верасня ў многіх жыхароў двара была папулярная ідэя, што справа не ў сцягах. Мы адзіны народ, а людаедствуе ўлада. Многія акцыі былі з двума сцягамі: бчб і чз. Да 2021 сітуацыя, вядома, рэзка змянілася, а ілюзіі рассеяліся.

Hавiны
Не менш як 15. Чые смерці ў Беларусі звязаныя з задушэннем пратэстаў
2021.05.26 19:55

Канцэртная дзейнасць на ПП пачалася з выступу выгнанага Купалаўскага тэатра 7 верасня і далей толькі набірала абароты. У кастрычніку мясцовыя жыхары здолелі праводзіць канцэрты практычна кожны дзень. Выключэннем стаў вечар пасля маршу перад страйкам, калі на раёне выбухалі света-шумавыя гранаты і бегалі узброеныя людзі ў форме.

У лістападзе ўсё стала значна дэпрэсіўным. Улада перастала саромецца. Гвалт на маршах памнажаўся, пачасціліся рэйды і арышты па кватэрах. Да гэтага моманту многія жыхары двара ўжо паспелі прайсці праз адміністрацыйныя арышты, на некаторых завялі крыміналкі.

Фота: Яўген Атцецкі
Фота: Яўген Атцецкі

Увечары 11 лістапада я не быў у двары. Жонка напісала, што ў двары зноў нейкая заварушка. Мы ўжо нават трохі прывыклі да гэтага. Але ў гэты раз, па словах Юлі, усё было дзіўна, было падобна на пастку. Мясцовыя ўбачылі ў ваколіцах як мінімум адзін мікрааўтобус з АМАПам. Менавіта таму, калі ўсё пачалося, амаль ніхто не выйшаў. Стужкі мы адновім, здароўе – не так проста. Сярод тых, хто вырашыў адстаяць двор, быў Рома Бандарэнка. Гэта стала апошнім днём яго жыцця. Прама на вачах усяго двара яго схапілі і панеслі ў мікрааўтобус. На наступны дзень ён памёр. У двары ніхто не верыў, што будзе сумленнае следства, пакуль Лукашэнка ва ўладзе.

Так дзіцячая пляцоўка стала мемарыялам. Людзі сцякаліся з усяго гораду. Пабудова з дыджэямі імгненна абрасла кветкамі і надпісамі. У першы дзень у паветры была жалоба. Шмат злосці. Увесь раён звінеў ад гуку аўтамабільных сігналаў, якія не змаўкалі да ночы. Такое магутнае месца прыцягвала абсалютна розных людзей. Знаходзіцца там было ўсё больш складана.

Фота: Яўген Атцецкі
Фота: Яўген Атцецкі

15 лістапада – дзень чарговага нядзельнага маршу. Маршрут ад Пушкінскай, дзе забілі Аляксандра Тарайкоўскага – першую ахвяру пратэстаў, да ПП, дзе забілі Рамана Бандарэнку. З раніцы я ў сяброў на спартыўнай. Мы плануем прагуляцца. Абстаноўка нервовая. Мы выходзім з аркі, а на Прытыцкага ўжо нейкая пагоня. Амаль адразу пачынаюць падрываць гранаты. Перабіраючыся то дварамі, то праспектамі дабіраюся да Чыгладзэ. Тут салдаты, пачынаецца паляванне. Атрымліваю ўдар дубінкай па нагах, потым кулаком у твар. Заломваюць рукі, вядуць у аўтазак, вязуць у РУУС. Чую выбухі гранат. Пазней пачынаюць прывозіць збітых людзей. Ад іх мы даведаемся, што адбываецца.

Пасля разгрому ПП двор замёр. На пляцоўцы размясціўся службовы аўтамабіль, пачалося кругласутачнае дзяжурства. Спатрэбілася некалькі тыдняў, каб перажыць гэты шок.

Фота: Яўген Атцецкі

12 снежня а 20:00 людзі выйшлі на двор і паднялі рукі ўверх. Гэта была хвіліна цішыні па Роме. Крыху раней аднавіліся маршы, але цяпер у больш вузкім раённым фармаце. Жыхары ПП актыўна ўдзельнічалі ў гэтай ініцыятыве. Новыя маршы сталі хуткімі і імклівымі.

На Новы год на ПП сабралася каля 100 чалавек. Людзі запускалі салют, пілі шампанскае. Вельмі радасна было бачыць столькі знаёмых. Гэтую перамену заўважылі многія. Цяпер вітаешся з суседзямі і гэта не простая фармальнасць, а адно з дасягненняў пратэсту.

Фота: Яўген Атцецкі

На 25 сакавіка 2021 мясцовыя скінулі некалькі мяшкоў бчб шароў, а ўначы а 23.34 (у гонар народнага артыкула) запусцілі салют.

У красавіку павесілі свечку на адным з дамоў памерам у 8 паверхаў. А ў траўні быў нанесены апошні мурал. За такі ўчынак людзям пагражаюць рэальныя крымінальныя тэрміны.

Падобна, уладам удалося людзей загнаць па хатах. Але памянялі яны свае погляды? Наўрад ці. Складана забыцца, што ў цябе ў двары забілі чалавека. Многія з ПП з’ехалі ў іншыя краіны, але многія і засталіся. І людзі вераць у светлую будучыню.

Фота: Яўген Атцецкі
Стужка навінаў