Валерый Сахашчык: на разгортванне сумеснай групоўкі войскаў РБ і РФ спатрэбіцца некалькі месяцаў


Чалец Абʼяднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык лічыць, што на разгортванне Сумесная групоўкі Беларусі і Расеі спатрэбіцца некалькі месяцаў. Аб гэтым ён заявіў вечарам 11 кастрычніка ў інтэрвʼю ўкраінскаму «Радыё НВ»

Валерый Сахашчык падчас інтэрвʼю «Радыё НВ», 11 кастрычніка 2022 года. Скрыншот. Крыніца: youtube / radioNVua

Валерый Сахашчык расказаў, што насамрэч групоўка існуе даўно, але заява аб яе разгортванні спатрэбіліся Аляксандру Лукашэнку каб неяк апраўдаць увод расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі.

«Мінулы раз яны прыдумалі вучэнні, але так шмат бясконца праводзіць вучэнняў немагчыма, таму прыдумалі нешта іншае. Тым больш што каб зараз узнавіць ударную групоўку, хутчэй за ўсё, некалькі месяцаў спатрэбіцца. Вучэнняў такіх не бывае і палігонаў няма ля вашай (Украінскай – заўваг. рэд.) мяжы няма. Таму вось такая падстава», – патлумачыў Валерый Сахашчык.

Hавiны
Старшыня КДБ Іван Церцель: супраць Беларусі можа быць ужытая тактычная ядравая зброя
2022.10.11 23:37

Паводле Сахашчыка, сумесная групоўка была створана даўно і цяпер робіцца спроба разгарнуць яе далей. Адна з мэтаў гэтых дзеянняў – магчымасць паўторнага ўварвання расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны з тэрыторыі Беларусь. «Па дзеяннях Пуціна падобна на тое, што ён збіраецца гэта паўтарыць».

Па меркаванні Сахашчыка, заявы беларускіх міністра абароны, старшыні КДБ і іншых высокапастаўленых сілавікоў аб быццам бы пагрозах з боку Украіны і гатовасці даць адказ на любыя дзеянні сведчаць пра тое, што Лукашэнка паабяцаў Пуціну нейкі ўдзел Беларусі ў дзеяннях Расеі: «Я мяркую, што кіраўніцтва Беларусі знаходзіцца ў дастаткова моцнай залежнасці ад РФ і спадару Пуціну вельмі патрэбна, каб Беларусь паўдзельнічала… І я мяркую, што кіраўнік Беларусі паабяцаў. Ніхто не кажа адкрыта і наўрад ці скажа, што было і як было. Але мяркую, што такое абяцанне дадзена. І як мінімум Беларусь забяспечыць лагістыку, забяспечыць размяшчэнне, забяспечыць дапамогу тылавую і медычную. Ну а як максімум, можа паўдзельнічаць разам з войскамі расейскімі ў наступным этапе агрэсіі з тэрыторыі Беларусі».

Аналітыка
Колькі ракетаў засталося ў Пуціна, і ці зможа Расея паўтарыць абстрэлы, як 10–11 кастрычніка?
2022.10.12 08:40

«Існуюць пэўныя выведныя прыкметы, па якіх можна прагназаваць развіццё падзей. Мой прагноз, што агрэсія рэальная і Украіне патрэбна б было да гэтага сурʼёзна рыхтавацца», – заявіў Валерый Сахашчык.

Пры гэтым Валерый Сахашчык сумняваецца ў маналітнасці атачэння Лукашэнкі: «Яно маналітнае вонкава», але гэта вонкавая маналітнасць трымаецца на страху. На самай жа справе, па меркаванні чальца Абʼяднанага камітэту, як толькі «усё гэта захістаецца і зʼявіцца нейкая іншая сіла, нават людзі з бліжэйшага атачэння Лукашэнкі як-небудзь пастараюцца «пераабуцца».

«У мяне ёсць інфармацыя, што шэраг высокапастаўленых чыноў МУС беларускага ўжо вырабілі сабе пашпарты прыкрыцця. Іншыя імёны, іншыя даты нараджэння і са злёгку змененай знешнасцю. То бок людзі не да канца вераць, што ўсё гэта назаўсёды. Факты ў мяне толькі па МУС ёсць. Пра вайскоўцаў не ведаю, ці ёсць такая зʼява», – сказаў Сахашчык.

Hавiны
МУС ладзіць маштабныя вучэнні дзеля супрацьстаяння плану «Перамога»
2022.10.11 20:25

Пра стан расейскага войска

Валерый Сахашчык таксама выказаў адзнаку дзеянням расейскага войска. Спачатку Расея заяўляла аб планах захапіць Украіну ў лічаныя дні, але вайна цягнецца ўжо некалькі месяцаў, і ўсё гэта кажа пра агромністыя памылкі на самым пачатку: «Армія Расеі прывыкла ваяваць з неарганізаванымі партызанамі, якія не маюць сродкаў супраць-паветранай абароны, супрацьтанкавых сродкаў і са слабым баявым патэнцыялам у прынцыпе. Натуральна ж, былі дапушчаныя агромністыя пралікі ў разведцы. Але памыліліся не толькі расейцы. Скажу шчыра, я таксама не меркаваў, што ўкраінская нацыя здолее вось так згуртавацца ў цяжкай абстаноўцы».

Паводле Сахашчыка, такой вайны, як ідзе зараз ва Украіне, не было ў свеце з 1053 года, з моманту сканчэння Карэйскай вайны. Не было такога каб такія масы войскаў на вялікіх франтах ваявалі напоўніцу: «Таму ўкраінцы не проста малайцы, яны героі сусветнага маштабу, што не пабаяліся, што згуртаваліся, і выйшлі супраць агромністага і страшнага «рускага свету», «рускага «мядзведзя», які цяпер мае жаласны выгляд».

Расейскае войска, паводле адзнакі Сахашчыка, зараз выглядае на шмат горай, чым тое было ў лютым і на пачатку сакавіка. Расея панесла значныя страты, асабліва афіцэрскага складу, а таксама ва элітных частках і злучэннях пастаяннай гатовасці, дзе быў вялікі працэнт кантрактнікаў з вопытам баявых дзеянняў. Падчас мабілізацыі прызываюць мала гатовых да ўдзелу ў баявых дзеяннях людзей. Мабілізацыю ў Расеі Сахашчык назваў авантурай. «Расейцы і самі не вераць, што яны здольныя перамагчы», – падсумаваў Валерый Сахашчык.

Hавiны
Генеральны сакратар NATO заклікаў Лукашэнку спыніць суўдзел Беларусі ў канфлікце ва Украіне
2022.10.11 18:15

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў