У Беларусі задумалі абмежаваць выезд з краіны дзяржслужбоўцам, вайскоўцам і фактычна – каму захочуць


Палата прадстаўнікоў 12 кастрычніка прыняла ў першым чытанні праект закону, які дазволіць абмежаваць выезд з Беларусі практычна любому чалавеку – не аўтаматычна ўсім, але любому, хто не спадабаецца КДБ ці трапіць пад палітычны пераслед.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Раней у Беларусі ставілі пячаткі пра адмову аб выездзе з памылкай: замест «адмоўлена» пісалі «адказана».
Фота: Svaboda.org

Законапраект яшчэ не прыняты канчаткова, яго могуць змяніць у наступным чытанні ў Палаце прадстаўнікоў (калі яно будзе, невядома), могуць змяніць па выніку разгляду ў Савеце Рэспублікі, яго можа не падпісаць Аляксандр Лукашэнка. Але цяпер законапраект прадугледжвае праўкі адразу ў некалькі законаў.

Закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь»

Акрамя дапаўненняў пра біяметрычныя пашпарты прапануюць дадаць новыя падставы для абмежавання права на выезд. Так, часовае абмежаванне права на выезд прапануюць для людзей:

  • якія атрымалі не толькі грамадзянскі пазоў у суд, але і пазоў у суд у эканамічных справах;
  • якія ёсць службовымі асобамі юрыдычнай асобы – даўжніка ў выканаўчым вядзенні, калі гэтая юрыдычная асоба не выконвае патрабаванні без уважлівых прычынаў;
  • выезд якіх «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» (гэта будзе вызначаць Камітэт дзяржаўнай бяспекі, але якім чынам, не пішуць);
  • адносна якіх вядзецца адміністратыўны працэс за парушэнні «супраць парадку ўпраўлення» (а гэта ўсё з раздзелу 24 КаАП, у тым ліку артыкулы, якія выкарыстоўваюцца ў палітычных справах: «несанкцыянаваныя акцыі» і «непадпарадкаванне»), але толькі «ў мэтах выканання пастановы суддзі аб накладанні штрафу».
Hавiны
Жыхарку Менску аштрафавалі за бела-чырвоныя шкарпэткі
2021.05.01 20:26

Пра абмежаванні на выезд грамадзянаў прапануюць інфармаваць, але без удакладнення пра тэрміны.

Дзяржаўным службоўцам, вайскоўцам, працаўнікам цывільнага персаналу вайсковых фармаванняў і ваенізаваных арганізацыяў (а гэта ў тым ліку Следчы камітэт або органы надзвычайных справаў) прапаноўваюць дазваляць выезд за мяжу толькі па ўзгадненні з кіраўніком «адпаведнага дзяржаўнага органу, установы, вайсковай часткі». Парадку ўзгаднення пакуль не вызначылі. Адмовіць могуць «у мэтах забеспячэння інтарэсаў нацыянальнай бяспекі да спынення абставінаў, якія перашкаджаюць іх выезду». На час службы прапануюць адбіраць біяметрычныя пашпарты.

Консульскі ўлік грамадзянаў, якія часова перабываюць за межамі Рэспублікі Беларусь, прапаноўваюць выключыць з тэксту закону (ці зусім скасаваць працэдуру, невядома).

Фразу «сталае пражыванне» прапаноўваюць замяніць на фразу «выезд для сталага пражывання». Але нейкіх новых абмежаванняў у сувязі з гэтым нібы не прадугледжана. Хіба ваенкаматам прапануюць узгадняць выезд на сталае пражыванне не толькі для прызыўнікоў, але і для асобаў да 27 гадоў, залічаных у запас па стане здароўя.

Закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе»

Звольненых супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, Следчага камітэту, Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў, органаў фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю і службаў надзвычайных сітуацыяў са спецыяльнымі званнямі будуць залічваць у рэзерв, калі яны адпрацавалі як мінімум 60 месяцаў. З вайсковага ўліку прапаноўваюць здымаць не па атрыманні пашпарту для пражывання за мяжой, а па афармленні выезду ці сталага пражывання за мяжой. Адтэрмінаванне ад прызыву прапаноўваюць не даваць другі раз грамадзянам, якія навучаюцца за мяжой па накіраванні ад дзяржаўных арганізацыяў. Калі ў сям’і некалькі чалавек маюць права на адтэрмінаванне ад службы праз непрацаздольных родных, то адтэрмінаванне прапаноўваюць даваць толькі аднаму.

Аналітыка
Улады Беларусі зноў задумалі пазбаўляць грамадзянства сваіх апанентаў. Каго і навошта?
2022.07.07 11:07

Закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства»

Права на даступнае медычнае абслугоўванне замежнікам, якія стала пражываюць у Беларусі, прапануюць удакладніць – прапісаць права на бясплатную медычную дапамогу на падставе «дзяржаўных мінімальных стандартаў». Інфармацыю аб тых замежніках, каму забаранілі ўезд у Беларусь, прапаноўваецца нікому не выдаваць. Замежнікам хочуць забараніць выезд з Беларусі, калі адносна іх вядзецца адміністратыўны працэс за згаданыя парушэнні «супраць парадку ўпраўлення» або калі яны агулам яшчэ не выканалі адміністратыўнага спагнання.

У іншыя законы – дробныя праўкі

Са шматлікіх пунктаў закону «Аб наданні замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства статусу ўцекача, дадатковай абароны, прытулку і часовай абароны» прапаноўваюць прыбраць словы «Рэспублікі Беларусь». Напрыклад, замест «па ўзгадненні з Міністэрствам унутраных справаў Рэспублікі Беларусь» пісаць «па ўзгадненні з Міністэрствам унутраных справаў». Магчыма, гэтыя праўкі проста касметычныя, бо закон па-ранейшаму датычыць толькі Беларусі.

Законы «Аб статусе дэпутата…», «Аб дзяржаўных сімвалах» і іншыя прапаноўваюць дапоўніць згадкамі біяметрычных дакументаў без асаблівых зменаў працэдураў.

Разбор
Колькі войскаў у Лукашэнкі, і ці варта чакаць мабілізацыі?
2022.10.11 19:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў